Працуе карэспандэнтам спецыяльнага аддзела карэспандэнтаў дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання на тэлеканале «Сталічнае тэлебачанне». Да 2020 года асвятляў рэгіянальныя падзеі, але падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта 2020 года пачаў здымаць сюжэты на палітычныя тэмы[4]. У красавіку 2020 года Азаронак агучыў канспіралагічную версію пра паходжанне каранавіруса COVID-19, звязаўшы яго з бактэрыялагічнай зброяй ЗША, і пахваліў пасіўную пазіцыю рэжыму Лукашэнкі па супрацьдзеянні пандэміі[5].
Прапагандысцкая актыўнасць пасля 2020 года
Азаронак публічна абвінавачваў перадвыбарчы штаб Святланы Ціханоўскай у намерах пабудаваць у Беларусі «балотны канцлагер» і планах па арганізацыі масавых беспарадкаў, параўноўваў пратэстоўцаў з нацыстамі[6], пашыраў канспіралагічныя версіі адносна прычын масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі[7]. Неназваных былых супрацоўнікаў беларускага дзяржаўнага тэлебачання Рыгор Азаронак абвінаваціў у дэманстратыўным звальненні і далучэнні да пратэстаў узамен на «вялікія грошы»[4].
У верасні 2020 года Рыгор Азаронак зняў тэлесюжэт пра нібыта «камфортныя» ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна, дзе, паводле шматлікіх сведчанняў, адбываліся катаванні затрыманых пратэстоўцаў[8]. Тэлесюжэт выклікаў шматлікую крытыку ў СМІ[9][10]. За сюжэт пра пахаванне Рамана Бандарэнкі, пратэстоўца, які загінуў пасля збіцця супрацоўнікамі лукашэнкаўскіх спецслужбаў, на Азаронка падала ў суд маці забітага. У сюжэце Азаронка выкарыстоўваліся матэрыялы тайнага праслухоўвання яе тэлефонных размоў[11].
11 студзеня 2021 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні Рыгора Азаронка медалём «За адвагу»[12] і 16 студзеня ўручыў яго асабіста на прыёме ў выставачным цэнтры «БелЭкспа»[13].
Р. Азаронак датычны да разгрому беларускага незалежнага кніжнага выдавецтва «Янушкевіч». 16 мая 2022 года выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла ўласную кнігарню «Кнігаўка» ў Мінску па вуліцы Змітрака Бядулі, 6. У гэты ж дзень у кнігарню прыйшлі прапагандысты рэжыму Лукашэнкі Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая, якія спрабавалі правакаваць Андрэя Янушкевіча абсурднымі пытаннямі пра змест кніг, а таксама скардзіліся на пераважную беларускамоўнасць асартыменту[14]. Сярод іншых правакацый, Азаронак назваў савецкага і літоўскага генерал-лейтэнанта Вінцаса Віткаўскаса, выяўленага ў адной з кніг выдавецтва, ветэранам СС[15]. Увечары таго ж дня ў кнігарню прыйшлі з ператрусам сілавікі рэжыму Лукашэнкі, былі затрыманыя дырэктар Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца кнігарні, кніжная блогерка Настасся Карнацкая[16]. 17 мая стала вядома, што сілавікамі былі канфіскаваныя 200 кніг, 15 выданняў нібыта «будуць аддадзеныя на экспертызу»[17]. Андрэй Янушкевіч быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту[18], Настасся Карнацкая была асуджаная на 13 сутак за нібыта «дробнае хуліганства»[19].
У кастрычніку 2023 года на старонках «Мінскай праўды» Азаронак назваў крымінальную справу супраць Рады БНР, заведзеную ў Беларусі, справай «на ўсіх мярзотнікаў і гандляроў сумленнем і краінай, што здрадзілі вялікім продкам. Крымінальная справа на Бураўкіна, Алексіевіч і Быкава. Крымінальная справа на Шушкевіча. Гэта крымінальная справа на ўсё нацысцка-іудскае гняздо, якое вылезла з чорнай плямыГарбачова»[21].
Медаль «За адвагу» (11 студзеня 2021 года) — за высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі[12].