Аляксандр Хрыстафоравіч Вастокаў
Аляксандр Хрыстафоравіч Вастокаў (ням.: Alexander Woldemar Osteneck, руск.: Алекса́ндр Христофо́рович Восто́ков; 16 [27] сакавіка 1781, Арэнсбург — 8 [20] лютага 1864, Санкт-Пецярбург) — расійскі філолаг-славіст і паэт, палеограф, археограф, лексікограф, перакладчык. Заснавальнік параўнальнага славянскага мовазнаўства, аўтар граматык рускай мовы. Даследчык рускага вершаскладання («Опыт о русском стихосложении», 2 выд., 1817). Распрацаваў асновы параўнальна-гістарычнай фанетыкі і граматыкі славянскіх моў, падкрэсліў адрозненні паміж славянскімі мовамі старажытнай і новай эпох, вызначыў храналагічныя межы найважнейшых гістарычных змен у складзе славянскіх моў, падаў прыклады канкрэтнага апісання мовы і палеаграфічных асаблівасцей старажытных пісьмовых помнікаў. У даследаванні «Рассуждение о славянском языке», якое служыць увядзеннем у граматыку гэтай мовы, складзеную па старажытных пісьмовых помніках" (1820) Аляксандр Вастокаў сцвярджаў, што ўсе славянскія мовы ў старажытнасці мелі вельмі блізкія граматычныя формы. Важнай крыніцай для вывучэння славянскіх моў ён лічыў стараславянскую мову, на якую перакладаліся богаслужбовыя кнігі з грэчаскай мовы. Вучоны характарызаваў фанетычнае значэнне рэдукаваных галосных ь, ъ, адзначаў, што г, к, х не могуць спалучацца з галоснымі пярэдняга рада, указваў, што кароткія прыметнікі змяняюцца па ўзору назоўнікаў, а поўныя прыметнікі ўзніклі на аснове далучэння ўказальных займеннікаў да кароткіх форм, вызначыў назальны характар юсаў. Аляксандр Хрыстафоравіч Вастокаў глыбока прааналізаваў асаблівасці мовы Астрамірава Евангелля. Гэта дало магчымасць суаднесці рускую мову з паўднёва- і заходнеславянскімі ў галіне фанетыкі, граматыкі і лексікі. У 1858—1861 гадах мовазнавец выдаў два тамы «Словаря церковнославянского языка». Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia