Анатоль Канстанцінавіч Клышка
Анатоль Канстанцінавіч Клы́шка (16 красавіка 1935, в. Данейкі, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка, цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці — 14 красавіка 2021) — беларускі пісьменнік, педагог, публіцыст, перакладчык. БіяграфіяНарадзіўся ў сялянскай сям’і, брат Міхася Клышкі. Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1949—1952). Працаваў карэктарам у навагрудскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Фізкультурнік Беларусі». Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958). Працаваў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 — інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 — супрацоўнік рэдакцыі часопіса «Полымя». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960). У 1961—1963 гадах — старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля ў «Полымі» — літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 года — загадчык лабараторыі навучання грамаце, потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981—1983 гадах — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986—1990 — загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя». Быў сярод арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (1989), дзе ўзначальваў камісію па культуры мовы. Памёр 14 красавіка 2021 года[1]. ТворчасцьДэбютаваў вершам у 1950 годзе ў навагрудскай газеце. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 года. У 1967 выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш». Аўтар «Буквара» (1969, 23 выданні), «Пропісаў да „Буквара“» (1969, 4 выданні), «Пропісаў для 1 класа» (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа «Верасок» (1978, 3 выданні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 класа школ з рускай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990). Яго мастацкія творы адметныя арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю.[2] Пераклаў на беларускую мову «Новы Запавет» (1980, асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе «Спадчына», 1989—1990), раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Перакладаў з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў. Між іншага пераклаў асобныя творы Марцыяла[3]. Даследваў праблемы развіцця беларускай паэзіі (творчасць М. Багдановіча, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна і інш.), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе. Буквар«Буквар» А. Клышкі (1969) быў створаны з улікам апошніх дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі. У ім практычна рэалізоўваліся прынцыпы навучання чытанню і пісьму, якія вынікалі з заканамернасці засваення граматы з улікам гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду. Маючы на ўвазе, што вучыць грамаце неабходна перш за ўсё на аснове вуснай мовы, блізкай дзецям па лексіцы, граматыцы, тэматыцы, у буквары для гэтага прапаноўваўся разнастайны матэрыял. Вучні паступова падводзіліся да ўсведамлення сказа і слова: сюжэтныя малюнкі суправаджаліся адпаведнымі графічнымі абазначэннямі. Пасля аналітычнага выдзялення ў слове пэўнага гука і знаёмства з яго літарным абазначэннем пачынаўся сінтэз: аб’яднанне гукаў у склады, складоў — у словы, слоў — у сказы. Парадак знаёмства з гукамі і літарамі: а, у, м, т, н, х, ш, р, ы, о, с, я, к, і, п, в, з, ж, э, й, ь, е, б, д. ч, г, я, ў, ц, дз, ё, ю, ф, апостраф, дж. Тэкставы матэрыял буквара быў у асноўным аўтарскі, не адаптаваўся. Кніга вызначалася тонкім паэтычным адчуваннем жывой беларускай мовы з яе багатым лексіка-граматычным ладам, экспрэсіяй, разнастайнасцю гульнявога моўнага матэрыялу (прыказкі, прымаўкі, загадкі, скорагаворкі, рэбусы). Для дзяцей ён стаў сапраўднай энцыклапедыяй прыроды і жыцця[4]. Навык пісьма выпрацоўваўся паралельна з чытаннем. З гэтай мэтай у буквары прапаноўваліся пропісі літар, слоў, сказаў (акрамя гэтага, у якасці дадатку да буквара выпускаліся спецыяльныя сшыткі з пропісямі). З густам аформлены падручнік А. Клышкі атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выстаўцы ў Лейпцыгу (1977). Новы буквар А. Клышкі для шасцігодак (1986) змяніў парадак увядзення гукаў і літар з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей, пачаўшы знаёмства з шасцю асноўнымі галоснымі гукамі: а, у, о, і, ы, э, н, м, т, х, ш, с, л, р, к, п, в, з, ж, й, ь, е, б, д, г. я, ч, д, ц, дз, ё, ю, ф, дж, апостраф. У яго ўключаны новы дыдактычны матэрыял, унесены метадычныя змены прыватнага характару. Асноўным прынцыпам, паводле якога арганізуецца навучанне грамаце, застаўся ранейшы. Як заўважае педагог-псіхолаг і даследчыца-культуролаг Людміла Дзіцэвіч, у пачатку 1990-х гадоў, пасля таго як Беларусь стала суверэннай дзяржавай, кантэнт «Буквара» Анатоля Клышкі прыкметна састарэў і перастаў адпавядаць часу. Таму аўтар яго перапрацаваў: быў ануляваны савецкі ідэалагізаваны матэрыял, уведзены тэксты пра славутых асоб беларускай гісторыі — Ефрасінню Полацкую, Міколу Гусоўскага, Францыска Скарыну. У 1997 годзе згаданы дапаможнік для навучання чытанню быў яшчэ раз перапрацаваны: вывучэнне гукаў пачыналася цяпер з зычных (с, п, м, т, л, н, ш, р, к, д, а, я, у, і, х, б, склады з «у», з, о, в, г, ч, ы, ж, ф, склады з «і», э, й, ь, е, ц, ў, склады з «я», дз, ё, ю, дж, апостраф), што сталася пераваротам у беларускай методыцы, хоць такі метад даўно ўжо выкарыстоўваўся ў еўрапейскай практыцы[5]. Буквар А. Клышкі выкарыстоўваўся ў беларускіх школах да 2021/22 навучальнага года[6]. Выбраная бібліяграфіяЗборнікі прозы для дзяцей
Вучэбна-метадычная літаратура
Публіцыстыка і крытыка
Пераклады
Узнагароды
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia