Англа-дацкая вайна
Англа-дацкая вайна 1807—1814 гадоў — вайна Вялікабрытаніі супраць Даніі. З'яўлялася часткай напалеонаўскіх войн. У 1807 годзе Данія прыняла рашэнне далучыцца да кантынентальнай блакады. Імкнучыся прадухіліць гэта, Вялікабрытанія вырашыла здзейсніць прэвентыўны ўдар і накіравала свой флот да дацкіх берагоў. 16 жніўня 1807 года каля Капенгагена быў высаджаны дэсант. Дзеяннямі брытанскага флота і дэсанта сталіца Даніі была блакіравана. Пасля бязлітаснага артылерыйскага абстрэлу, 7 верасня гарнізон Капенгагена склаў зброю. Брытанцы захапілі ўвесь дацкі ваенны флот, але ўрад Даніі адмовіўся капітуліраваць і звярнулася за дапамогай да Францыі. У канцы кастрычніка 1807 года быў складзены франка-дацкі ваенны саюз, і Данія афіцыйна далучылася да кантынентальнай блакады. Толькі 4 лістапада 1807 года Англія афіцыйна абвясціла вайну Даніі. 7 лістапада вайну Англіі таксама абвясціла Расія, прымушаная да гэтага кроку ўмовамі Тыльзіцкага міру. Рэальных ваенных дзеянняў паміж праціўнікамі не вялося. У 1808 годзе на баку Вялікабрытаніі ў вайну ўступіла Швецыя, але асноўныя падзеі разгарнуліся на ўсходзе, дзе падчас руска-шведскай вайны 1808—1809 гадоў шведы былі разгромлены рускімі войскамі. Развязка вайны наступіла толькі ў 1814 годзе, калі павалілася напалеонаўская імперыя і Данія пазбавілася магутнага заступніка. Па ўмовах Кільскага міру Данія прызнала сваю паразу і саступіла Швецыі Нарвегію, а Вялікабрытаніі — востраў Гельгаланд, захоплены брытанцамі яшчэ ў 1807 годзе. У цэлым англа-дацкая вайна адмоўна адбілася на эканамічным і палітычным становішчы Даніі. |
Portal di Ensiklopedia Dunia