Арол (карная аперацыя)
Аперацыя «Арол» (ням.: Unternehmen «Adler») — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх войскаў супраць савецкіх партызан і мясцовага насельніцтва Клічаўскай партызанскай зоны 20 ліпеня — 10 жніўня 1942 года. З’яўлялася працягам аперацыі «Хрушч». Праводзілася сіламі баявой групы «Арол», якая складалася з часцей «упаўнаважанага рэйхсфюрэра СС па барацьбе з бандамі» групенфюрэра СС Э. фон дэм Бах-Зелеўскага, часцей 203-й і 286-й ахоўных дывізій, а таксама 2-га паліцэйскага палка, 2 артылерыйскіх дывізіёнаў, узмоцненых каманд тайнай палявой паліцыі і СД і зондэркаманд пад агульным камандаваннем генерал-маёра І. Рыхерта. Асноўнай мэтай аперацыі было акружэнне і знішчэнне партызанскіх атрадаў у квадраце Беразіно—Бялынічы—Свіслач—Быхаў, расправіцца з насельніцтвам, захапіць і вывезці з раёна дзеяння запасы прадуктаў, збожжа, жывёлу. Пасля пачатку аперацыі, на ўсім фронце партызанскай абароны пачаліся цяжкія баі. На асобных участках партызаны вымусілі карнікаў заняць абарону. Усе атрады былі ў аператыўным падпарадкаванні 208-га партызанскага атрада імя Сталіна. 25 ліпеня па рашэнні падпольнага райкама і камандавання партызаны пакінулі Клічаў і адыходзілі на паўночны ўсход, за чыгунку Асіповічы—Магілёў, ва Усакінскія лясы, дзе разлічвалі перагрупаваць сілы, папоўніць запасы ўзрыўчаткі і боепрыпасаў і выйсці ў зададзеныя раёны. Разам з партызанамі адыходзілі і мясцовыя жыхары, што ратаваліся ад карнікаў. У канцы ліпеня ва Усакінскіх лясах сканцэнтравалася 11 партызанскіх атрадаў (больш за 2 тысячы чалавек) і некалькі тысяч жанчын, старых і дзяцей. Усе выхады з лесу былі перакрыты, пачалася блакада. Лес падвяргаўся бамбёжкам, артылерыйскаму і мінамётнаму абстрэлу. Спроба Ваеннага савета Заходняга фронту даставіць боепрыпасы і медыкаменты самалётамі не ўдалася. 30 ліпеня Рыхерт прапанаваў камандзіру 208-га партызанскага атрада палкоўніку У. І. Нічыпаровічу заключыць перамір’е, але прапанова была адхілена. 1-я і 2-я роты 208-га атрада калля в. Усакіна ў ноч на 3 жніўня знішчылі загароды карнікаў і забяспечылі партызанскім атрадам і мясцовым жыхарам выхад з акружэння. Супраць партызанскіх атрадаў, якія вырваліся з блакады падчас аперацыі, у сярэдзіне жніўня былі праведзены яшчэ некалькі карных аперацый: «Лютцаў» і «Дружба». У час карных аперацый «Хрушч» і «Арол» карнікі загубілі больш за 1,5 тысячы цывільных жыхароў, захапілі больш за 3 тысячы галоў жывёлы, спалілі 31 вёску, у т.л. Дубна (загубілі 120 чалавек), Вязень, Гонча, Лаззе, Межнае, Альхоўка, Астапаўка, Падстружжа і Палосы (усяго 57 чалавек), Рубеж і Усакіна (85 чалавек), Сялец Клічаўскага раёна, Бераснёўка (22 чалавека), Гогаль (22 чалавекі), Кострычы (51 чалавек), Нямкі (36 чалавек), Новы Гарадок (27 чалавек), Сяліба (13 чалавек), Чыгірынка (14 чалавек) Кіраўскага раёна, 1-я Красніца (696 чалавек), Ляжанка (15 чалавек) Быхаўскага раёна і іншыя[1][2]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia