Баі за Бабруйск (1919)
Баі за Бабруйск у 1919 годзе — эпізод польска-савецкай вайны. Пасля захопу Мінска войскі польскага Літоўска-Беларускага фронту атрымалі магчымасць працягнуць наступальныя дзеянні аж да ракі Бярэзіны. Калі перадавыя часці Велікапольскай групы 24 жніўня дасягнулі раёна Асіповічаў, генерал Станіслаў Шаптыцкі аддаў загад аб узяцці Бабруйска. 25—27 жніўня часці групы занялі зыходныя пазіцыі. Савецкія войскі, якія абаранялі Бабруйск, падрыхтавалі абарончыя рубяжы на рацэ Ваўчанцы, выкарыстоўваючы палявыя ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны. Бабруйскі плацдарм абаранялі 67-ы і 68-ы стралковыя палкі 8-й стралковай дывізіі, два батальёны матросаў і тры бронецягнікі. Усяго каля 2500 салдат. 24 жніўня камандуючы Вялікапольскай групай атрымаў загад аб узяцці Бабруйска. Генерал Данііл Канаржэўскі вырашыў атакаваць горад па трох напрамках. 28 жніўня група Канаржэўскага пачала наступленне на Бабруйск. Левая ўдарная група, пасля непрацяглай артылерыйскай падрыхтоўкі, прайшла ўброд праз Ваўчанку, выйшла на пазіцыі праціўніка, захапіла іх і пачала пераслед праз Чырвонае. Большасць чырвонаармейцаў здаліся або ў беспарадку адступілі. Не дапамагла ім і савецкая контратака, прадпрынятая ў гэтым кірунку. Каля 17 гадзін група дасягнула Бабруйска, ужо захопленага 4-м Вялікапольскім стралковым палком. Сілы цэнтральнай групы маёра Брэзанега пры падтрымцы роты танкаў Renault FT капітана Дзюфуро рушылі паміж чыгуначнай лініяй Асіповічы — Бабруйск і дарогі Слуцк — Бабруйск і, зламаўшы слабое супраціўленне праціўніка, выйшлі на скрыжаванне дарогі і чыгуначнага шляху. З’яўленне танкаў стала вялікай нечаканасцю для чырвонаармейцаў, якія не аказалі супраціву і адышлі. Пасля недоўгачасовага бою пад Сёмкавам, з бронецягніком група захапіла станцыю ў Бабруйску і каля 15 гадзін увайшла ў горад. Правая (конная) група падпалкоўніка Уладзіслава Андэрса, пераадолеўшы нязначнае супраціўленне праціўніка, падышла з поўдня да горада і захапіла станцыю Беразіна, з дапамогай коннай артылерыйскай батарэі адагнаўшы савецкі бронецягнік. Савецкія войскі, адступіўшы за раку, занялі дамінуючыя пагоркі на ўсходнім беразе і адтуль сталі абстрэльваць польскія пазіцыі. У ноч на 1 верасня адзін батальён 3-га Вялікапольскага стралковага палка фарсіраваў раку Бярэзіну па рэштках чыгуначнага моста, а другі батальён пераправіўся на пароме каля Назараўкі. Перад світаннем абодва батальёна атакавалі савецкія пазіцыі і захапілі Бабін. У наступныя дні раён плацдарма быў пашыраны, а савецкія контратакі, накіраваныя на адкідванне польскіх войскаў за Бярэзіну, былі адбітыя. 4 верасня ўланскі полк часова захапіў Клічаў, а затым вярнуўся ў Бабруйск. Гл. таксамаЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia