Мазырская аперацыя
Мазырская аперацыя — тактычная наступальная аперацыя польскіх войск падчас савецка-польскай вайны. Падрыхтоўка і сілы бакоўРыхтуючыся да буйнога наступлення ва Украіне, польскае камандаванне вырашыла папярэдне захапіць павятовы горад Мазыр і чыгуначны вузел Калінкавічы. Гэта перарэзала б важную рокадную чыгунку, якая дазваляла савецкаму камандаванню хутка перакідваць войскі і боепрыпасы ўздоўж усяго савецка-польскага фронту, і вымусіла б яго карыстацца больш аддаленымі ад фронту шляхамі паведамлення. Акрамя таго, захоп Мазыра дазваляў польскім войскам заняць выгадную пазіцыю на ўзвышаным правым беразе Прыпяці. У выпадку поспеху аперацыі Палеская група польскіх войскаў стварыла б пагрозу праваму флангу 12-й арміі РСЧА. Палеская група польскіх войскаў складалася з 9-й пяхотнай дывізіі (камандуючы дывізіяй і ўсёй групай — палкоўнік Уладзіслаў Сікорскі) і 2-й кавалерыйскай брыгады (2 палкі, камандуючы-палкоўнік Здзіслаў Касцецкі). Група налічвала 7 тысяч штыкоў і 1700 шабляў, мела 202 кулямёты, 28 гармат, 2 бронецягнікі. Раён Мазыр—Калінкавічы абаранялі дзве брыгады 47-й стралковай дывізіі РСЧА. Польская разведка ацаніла сілы праціўніка ў 4 тысячы штыкоў, 150 шабляў, 84 кулямёты, 24 гарматы і 6 бронецягнікоў. У тыле, у раёне Рэчыцы (85 км ад Калінкавіч) знаходзілася 57-я стралковая дывізія. Галоўнакамандуючы Юзаф Пілсудскі 26 лютага 1920 года выдаў загад аб пачатку Мазырскай аперацыі ў пачатку сакавіка 1920 года. План аперацыі прадугледжваў наступленне 17-й пяхотнай брыгады ў цэнтры на Мазыр і Калінкавічы з адначасовым абыходам сіл праціўніка на флангах: на поўначы 2-й кавалерыйскай брыгадай праз мястэчка Шацілкі да Дняпра, на поўдні 18-й пяхотнай брыгадай праз Ельск на Барбароў і Нароўлю. Гэтым сілам была пастаўлена задача акружыць і знішчыць савецкія войскі ў раёне Мазыра. Паралельна 4-я пяхотная дывізія павінна была ўдарыць з поўначы на Оўруч, каб адцягнуць увагу і сілы РСЧА ад асноўнай аперацыі польскіх войскаў. Ход баявых дзеянняўВа ўмовах вясновай бездаражы ў лясіста-балоцістай мясцовасці войскі Палескай групы пачалі наступленне на досвітку 4 сакавіка. Першыя ж атакі прынеслі поспех, бо выпадкова супалі з заменай часцей 47-й стралковай дывізіі часцямі 57-й стралковай дывізіі. Увечары 5 сакавіка два батальёны 17-й пяхотнай брыгады падышлі да Калінкавічаў, абыйдучы іх з паўночнага ўсходу, і завязалі бой на станцыі. Раніцай 6 сакавіка польскія падраздзяленні цалкам занялі станцыю Калінкавічы, узяўшы ў палон каля 500 чалавек і захапіўшы адзін бронецягнік. 18-я пяхотная брыгада 9-й дывізіі да поўдня 5 сакавіка ўварвалася ў Мазыр і захапіла мост праз Прыпяць. Захоп горада адбыўся настолькі імкліва, што польскім войскам удалося захапіць штаб 1-й брыгады савецкай 47-й дывізіі. У 17 гадзін з паўднёва-заходняга напрамку ў Мазыр увайшлі астатнія падраздзяленні 18-й пяхотнай брыгады. Да раніцы 6 сакавіка войскі Палескай групы выйшлі на рубяжы, названыя ў загадзе Пілсудскага, за выключэннем Шацілак, якія былі занятыя ўвечары. Неўзабаве польскімі войскамі былі занятыя таксама Ельск, Барбароў і Нароўля. Савецкія войскі спрабавалі контратакаваць, асабліва моцныя баі ішлі ў раёне Шацілак, аднак польскія войскі аказалі ўпарты супраціў. У ходзе баёў з 17 па 23 сакавіка ўсе атакі савецкіх войскаў былі адбітыя. Наступленне польскіх войскаў стварыла пагрозу Гомелю. Польскія войскі захапілі 21 паравоз, 890 вагонаў, 3 бронекатэры і 23 рачныя судны. Было ўзята звыш 800 палонных, 14 гармат, некалькі дзясяткаў кулямётаў, два склада боепрыпасаў. Польскія страты падчас Мазырскай аперацыі склалі 62 чалавекі забітымі і параненымі. За гэтую аперацыю палкоўнік Уладзіслаў Сікорскі атрымаў ордэн «Virtuti Militari» 2-га класа і званне генерала-падпаручніка. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia