Беларусізацыя ў Заходняй Беларусі

Беларусізацыя ў Заходняй Беларусі — адзін з элементаў саветызацыі Заходняй Беларусі ў 1939—1941 гадах, які прадугледжваў пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і развіццё беларускай культуры.

Перадгісторыя

Пасля польска-савецкай вайны заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. Каб умацаваць сваю ўладу ў шматнацыянальным краі, Варшава разгарнула паланізацыю. Польская мова стала панаваць у дзяржаўных установах і сістэме асветы. Да верасня 1939 года тут не было ніводнай беларускай пачатковай школы. Далучыцца да роднай мовы можна было толькі праз хатняе навучанне і саманавучанне па буквары Сяргея Паўловіча «Першыя зярняткі». Лёс адзінай ацалелай Віленскай беларускай гімназіі быў нявызначаны. Ва ўсёй Польшчы ў 1935 годзе студэнтаў-беларусаў налічвалася каля 0,5% усіх студэнтаў ВНУ[1].

Школьная адукацыя

2 снежня 1939 года з’явілася пастанова ЦК КП(б)Б «Аб мерапрыемствах па арганізацыі народнай адукацыі ў заходніх абласцях БССР». У ім гаварылася, што асноўная маса школ у заходніх абласцях Беларускай ССР павінна быць беларускімі. Рэкамендавалася пераход на беларускія школы не зацягваць, аднак ажыццяўляць яго па меры забеспячэння школ падручнікамі і кваліфікаванымі выкладчыкамі-беларусамі. Партыйным савецкім органам і аддзелам народнай адукацыі прапаноўвалася разгарнуць прапагандысцкую і агітацыйную працу па ліквідацыі грэблівага стаўлення да беларускай мовы[1].

Са студзеня навучанне ва ўсіх школах заходніх абласцей пачалося па новых вучэбных планах і праграмах, агульных для школ БССР[1]. Такім чынам, галоўным мерапрыемствам стала беларусізацыя школ і перавод польскіх школ на беларускую мову. Працэс праведзены менш чым за паўгода. Станам на 14 лютага 1940 года ў Заходняй Беларусі выкладанне на беларускай мове ажыццяўлялася ў 4048 школах (79,8% ад іх агульнай колькасці), а на польскай — толькі ў 538 школах (10,7 %)[2]. У некаторых месцах школы нацыянальных меншасцяў пераводзіліся на беларускую мову ці ліквідаваліся без згоды мясцовых жыхароў[3].

Пры гэтым школы сутыкнуліся з недахопам настаўнікаў — усеагульная пачатковая адукацыя патрабавала павелічэння колькасці педагогаў, а многіх палякаў звольнілі. Тыя з выкладчыкаў, што прайшлі курсы перападрыхтоўкі, не ведалі рускай і беларускай моў. Прычым аказалася, што мясцовае беларускае насельніцтва не валодае беларускай літаратурнай мовай, а размаўляе на дыялектах і па-польску. Узніклі цяжкасці ў зносінах паміж настаўнікамі і вучнямі. У рэгіён было накіравана шмат «усходнікаў»-настаўнікаў, якія не ведалі польскай мовы, на якой гаварылі вучні. Таксама ў новых школах не хапала падручнікаў, у тым ліку па беларускай граматыцы. У выніку выкарыстанне польскай мовы ў школах працягвалася з ведама мясцовых уладаў[4].

Да 1 верасня 1940 года ў Заходняй Беларусі працавала 5 633 школы. 74,4% прыпадала на школы з беларускай мовай навучання; 17,5% — польскай; 3,1% — рускай; 3,0% — яўрэйскай; 1,1% — літоўскай, 0,9% — украінскай[1].

30 верасня 1940 года выдадзена пастанова ЦК КП(б)Б «Аб фактах вычварэнства ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі ў школьным будаўніцтве». Дакумент прадпісваў зрабіць асноўнай мовай выкладання тую, якая зразумела большасці школьнікаў. У выніку ў польскіх школах выкладанне шэрагу прадметаў перавялі назад на польскую мову, а ў яўрэйскіх школах — на ідыш[5].

Мастацтва

У духоўнае жыццё Савецкай Беларусі ўключыліся заходнебеларускія пісьменнікі, паэты, грамадскія дзеячы, артысты. Восенню 1940 года было створана Беластоцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР на чале з Піліпам Пестракам. У канцы гэтага ж года выйшаў яго зборнік вершаў «На варце», а таксама кнігі Ніны Тарас і Максіма Танка[6].

Пачалі адкрывацца беларускія прафесійныя тэатры. У 1940 годзе працавалі беларускія драматычныя тэатры ў Баранавічах, Пінску, Вілейцы, Беластоку, аддзяленне Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Беластоку. У Беластоку быў створаны Дзяржаўны джаз БССР (мастацкі кіраўнік Эдзі Рознер). У 1940 годзе творчую дзейнасць пачаў беларускі ансамбль песні і танца (мастацкі кіраўнік Рыгор Шырма). Паўсюдна ў краі назіралася ажыўленне мастацкай самадзейнасці, узнікалі шматлікія драматычныя і музычныя гурткі, хоры, аркестры, арганізоўваліся вечары мастацкай самадзейнасці. У раённых і абласных цэнтрах праводзіліся алімпіяды мастацкай самадзейнасці[7].

У красавіку 1940 года ў Мінску адбыўся заключны канцэрт самадзейнасці калектываў заходніх абласцей рэспублікі. У маі хор вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці стаў удзельнікам дэкады беларускага мастацтва ў Маскве[8].

Друкаваныя СМІ

1 мая 1940 года бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне «Аб выданні раённых газет у заходніх абласцях БССР на беларускай мове»[6].

Пры абласных камітэтах камсамола выходзілі 4 газеты на беларускай мове (кожная 1 раз у 2 дні)[9]:

Шэраг газет на беларускай мове выпускаўся Чырвонай Арміяй. На беларускай мове РСЧА стала выпускаць 6 новых дывізіённых, 2 армейскіх і 1 франтавую газеты (тыраж кожнай быў вызначаны ў 15 тысяч экзэмпляраў)[10].

Савецкія прапагандысты сутыкнуліся з тым, што многія (асабліва маладыя) беларусы не ўмелі чытаць на беларускай мове. У выніку выданні на беларускай мове прадаваліся дрэнна. Так, за 20 дзён лістапада 1939 года з-за няведання насельніцтвам беларускай мовы на Кобрыншчыне непрададзенымі засталіся 76 тысяч асобнікаў (са 102 тысяч дасланых) газет, а на Берасцейшчыне 55 тысяч з 212 тысяч дасланых газет[11].

Карэнізацыя

Станоўчы эфект ад пераўтварэнняў саслабляўся кампаніяй барацьбы з «ворагамі народа», рэпрэсіямі і дэпартацыяй. Мясцовым кадрам не давяралі і не заўсёды абгрунтавана. У большасці сваёй прыбылыя з іншых рэгіёнаў СССР не ведалі мясцовага ладу жыцця, звычаяў і мовы. З мэтай карэкціроўкі кадравай палітыкі ў кастрычніку 1940 г.ЦК КП(б)б прыняў пастанову «Аб упарадкаванні справы падбору і пасылкі работнікаў у заходнія вобласці БССР». У пастанове падкрэслівалася, што Наркам асветы накіраваў настаўнікаў у заходнія вобласці без уліку сапраўднай патрэбы і нацыянальнага складу школ. Практыка агульнага недаверу да мясцовых спецыялістаў была прызнана шкоднай[8].

Аналагічная сітуацыя мела месца не толькі ў асвеце. У лісце ЦК КП (б)Б ад 21 кастрычніка 1940 года «Аб недахопах у працы партыйных і савецкіх органаў у заходніх абласцях Беларусі» звярталася ўвага на той факт, што «ў Маладзечанскім і ў шэрагу іншых раёнаў Вілейскай вобласці некаторых старшыняў сельсаветаў, вылучаных на месцы, якія цалкам даказалі сваю адданасць і працаздольнасць, зрушылі і замянілі прыбыўшымі камсамольцамі на падставе таго, што гэтыя камсамольцы лепш ведаюць савецкія парадкі». Пэўныя высновы былі зробленыя, пра што сведчыць даведка «Аб вылучэнні і выхаванні кадраў мясцовага насельніцтва па Беластоцкай вобласці». На 1 студзеня 1941 года па Беластоцкай вобласці вылучана з мясцовага насельніцтва 18 066 чалавек. Па нацыянальнасцях: 4 451 беларусаў, 10 245 палякаў, 392 рускіх, 2 833 габрэяў і 145 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей[8].

Аднак архіўныя дакументы сведчаць, што ў Заходняй Беларусі мела месца дэпартацыя, якая праводзілася ў 4 этапы. Яна закранула палякаў, беларусаў, рускіх і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Усяго з кастрычніка 1940 г. па 22 чэрвеня 1941 г. органамі НКУС БССР у Заходняй Беларусі былі рэпрэсаваныя больш за 135 000 чалавек[8].

Крыніцы

Літаратура

  • Петровская О. В. Деятельность Красной армии среди населения Западной Белоруссии в 1939—1941 годах // Западная Белоруссия и Западная Украина в 1939—1941 гг.: люди, события, документы. — СПб.: Алетейя, 2011. — C. 203.
  • Карпенкина Я. В. Советизация еврейского населения Западной Белоруссии (1939—1941 гг.). Дисс… канд. ист. наук НИУ ВШЭ. — М.:Б.и., 2018. — С. 113—114.
  • Жарина Л. В. Белорусизация в западных областях Белоруссии в 1939-1941 гг // Труды БГТУ. Серия 6: История, философия. — 2010. — В. XVIII. — С. 80—82.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya