Брэсцкая мужчынская гімназія
Брэсцкая мужчынская гімназія — колішняя сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова ў Брэсце. ГісторыяБыла заснавана ў 1865 годзе ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні як 4-класная прагімназія. Налічвала каля 160-ці навучэнцаў. У 1901 годзе была пераўтворана ў гімназію. Складалася з 8-мі асноўных, падрыхтоўчага і чатырох паралельных (1-4-ы) класаў. Колькасць навучэнцаў — ад 450 да 520. Вывучаліся руская, французская, нямецкая, лацінская мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, матэматыка. У праграму ўваходзілі ўрокі па маляванні, чыстапісанні, музыцы, спевах і інш. Праваслаўны святар і ксёндз выкладалі Закон Божы, а законавучыцель іўдзейскай веры — іўдзейскае веравучэнне. Плата за навучанне ў гімназіі складала 55-65 руб., у падрыхтоўчым класе — 50-60 руб. у год. На ўтрыманне гімназіі адпускалася ў год у залежнасці ад колькасці навучэнцаў: з дзяржаўнай казны 25-35 тыс. руб., з сум платы за навучанне 12-22 тыс., з гарадской казны — 300—800 руб. Будынак мужчынскай гімназіі ў Брэст-Літоўску быў узведзены ў 1903 годзе па праекце ваеннага інжынера А. А. Траццякова. Будынак быў цагляны, з характэрнымі для канца ХІХ — пачатку ХХ стст. элементамі архітэктуры. Першапачаткова будынак быў двухпавярховым, П-падобны ў плане. Унутраная планіроўка калідорная, класныя пакоі арыентаваны на поўдзень. Па хадайніцтве Гарадской думы, 25 верасня 1904 года мужчынская гімназія атрымала назву: «Яго Імператарскай Высокасці Цэсарэвіча Аляксея Мікалаевіча поўная мужчынская гімназія». У час Першай сусветнай вайны, летам 1915 года, у сувязі з нямецкай акупацыяй Брэст-Літоўска гімназія была зачынена. Архіў гімназіі знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна. У 1921 годзе Брэст увайшоў у склад Польшчы і ў будынку гімназіі размясцілася дзяржаўная гімназія імя Рамуальда Траўгута. З 1939 года па 1941 год тут размяшчалася савецкая школа, у 1941—1946 гадах — шпіталь, спачатку нямецкі, а з вызваленнем Брэста — Чырвонай арміі. Потым там знаходзіўся настаўніцкі інстытут. Зараз у будынку былой гімназіі (вул. Міцкевіча, 28), помніку грамадзянскага будаўніцтва, размешчаны адзін з навучальных карпусоў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia