Першая згадка пра горад Сасмаген (Sasmagen), а дакладней, пра сядзібу, што стаяла на яго месцы, датуецца 1582 г. Хаця шмат стагоддзяў дагэтуль тут знаходзілася паселішча куршаў, пра якіх засталася згадка ў выглядзе кургана Dupurkalns. На пачатку 17 ст. на месцы будучага горада ўтварылася цэлае паселішча вольных гандляроў і рамеснікаў (на 1628 г. у ім жыло каля 25-30 сем’яў). А ў сярэдзіне 19 ст. паселішча зрабілі сталіцай яўрэйскай абшчыны (так, у 1863 г. яўрэі скаладалі ажно 83,1 % жыхароў мястэчка). У 1834 г. паселішчу былі нададзены некаторыя гарадскія правы (у прыватнасці, права збіраць падаткі), аднак статус сапраўднага горада Сасмака набыла толькі ў 1917 г. Нарэшце, у 1926 г. горад набыў сваю сучасную назву, назваўшыся Валдэмарпілс у гонар слыннага культурнага і грамадкага дзеяча Крыш’яніса Валдэмарса, які паходзіў з ваколіц горада.
Большасць жыхароў горада — латышы (94,8 % ў 1999 г.).
Культура і адукацыя
У Валдэмарпілсе дзейнічае адна сярэдняя школа. Таксама тут знаходзяцца два музеі: дзяржаўны рэгіянальны (так званы Novada muzejs, прысвечаны гісторыі і культуры края) і прыватны Музей лесу (разам з невялічкім дэндралагічным паркам).
Гістарычныя помнікі
Евангелічна-лютэранская царква
Цэнтр горада прызнаны архітэктурным помнікам 17-19 ст. Самым старым будынкам з’яўляецца лютэранская царква (1646 г.). Праваслаўная царква стаіць з 1889 г. На поўначы горада, у Сасмакскім парку, знаходзіцца прыгожая сядзіба, збудаваная ў 1870-80-х гадах у неагатычным стылі. Недалёк ад яе расце самая тоўстая ліпа ў Балтыйскіх краінах (акружнасць дрэва роўная 8,5 м, узрост — прыкладна 350 год).