Валянціна Пятроўна Лемцюгова
Валянціна Пятроўна Лемцюгова (19 снежня 1935, вёска Новая Алакюль Ленінградскай вобласці — 3 сакавіка 2018[1]) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1987), прафесар. Біяграфічныя звесткіНарадзілася ў Паргалаўскім раёне Ленінградскай вобласці, куды бацькі ў 1933 годзе прыехалі па вярбоўцы, каб уступіць ва «ўзорна-паказальны» калгас на мяжы з Фінляндыяй. У 1940 годзе, калі пачалася савецка-фінляндская вайна, бацька-франтавік загінуў, сям’я вярнулася на Магілёўшчыну[2]. Скончыла БДУ. Працавала выкладчыцай беларускай, рускай і нямецкай моў у школах Валожынскага раёна. З 1961 года працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі. Даследавала сучасную беларускую мову, анамастыку. Мела больш за 200 навуковых прац, прысвечаных пытанням станаўлення і функцыянавання ўсходнеславянскай айканіміі. Узначальвала анамастычную школу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваную ў 1960-я гады Мікалаем Бірылам. Памерла 3 сакавіка 2018 года. Даследчыцкая і навуковая дзейнасцьАўтар манаграфіі «Беларуская айканімія» (1970), у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў. Манаграфія належыць да рэгіянальнага тыпу даследаванняў (напісана на матэрыяле сучаснай айканіміі Мінскай вобласці). У ёй высвятляецца паходжанне 4 тысяч айконімаў, прааналізаваны іх семантычны склад і словаўтваральныя сродкі (тапафарманты). Дыферэнцыравана разглядаюцца айконімы, утвораныя ад агульных слоў (апелятываў), ад назваў рэк і азёр (гідронімаў), ад асабовых імён (антрапонімаў), паказваюцца працэсы заражэння і эвалюцыі беларускіх айконімаў, раскрываецца сутнасць закладзенай у іх інфармацыі. Аналіз вядзецца ў дыяхранічным аспекце, што дае магчымасць высветліць час узнікнення айконімаў, тэндэнцыі айканімічнай намінацыі папярэдніх эпох, паказаць іх эвалюцыю і гістарычныя змены. Наступнае буйное даследаванне — манаграфія «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» (1983), якая потым стане базай для доктарскай дысертацыі, прысвечана вывучэнню рускіх, беларускіх і ўкраінскіх назваў населеных пунктаў (айконімаў). Асноўнай крыніцай фактычнага матэрыялу даследчыцы паслужыла айканімія «Спісаў населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы, 2-я палова 19 — 1-я палова 20 ст.) і аналагічныя спісы, выдадзеныя ў Гродне, Вільні, Кіеве і іншых гарадах. Шырока выкарыстаны сведчанні старажытнага і сярэдневяковага пісьменства, летапісаў, актаў, метрык, пісцовых і памятных кніг. Працы выкананы ў рэчышчы гісторыка-генетычных даследаванняў, маюць тыпалагічны кірунак. У іх вырашаецца адно з цэнтральных пытанняў гістарычнай анамастыкі — пытанне семантычнай матывацыі, робіцца спроба асэнсаваць айконімаўтваральны працэс у шырокім лінгва-гістарычным і арэальным аспектах. У 1980 годзе Валянціна Лемцюгова апублікавала першы ў беларускай і славянскай лексікаграфіі «Украінска-беларускі слоўнік», рэестр якога змяшчае больш за 30 тысяч слоў. Гэта быў трэці іншаславянска-беларускі слоўнік пасля «Руска-беларускага» (М, 1953 і двухтомнага «Руска-беларускага». Мн, 1982) і «Польска-беларускага» (Варшава, 1962). Слоўнік дыферэнцыйны: яго рэестр змяшчае асноўную, найбольш ужывальную лексіку сучаснай украінскай літаратурнай мовы, якая чым-небудзь адрозніваецца ад сваіх беларускіх адпаведнікаў — значэннем (адным або некалькімі), месцам націску, словаўтварэннем, граматычным радам. Акрамя літаратурнай лексікі ў ім таксама шмат слоў украінскай жывой народнай мовы, а таксама словы, неабходныя для разумення ўкраінскай класічнай літаратуры. Суаўтар спецыялізаваных слоўнікаў. Пры яе ўдзеле створаны фундаментальныя працы па філалогіі: «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» і інш. Суаўтар нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, "Слоўніка мовы «Нашай Нівы» ў 5 тамах (першы з іх выйшаў у 2003 годзе). Займалася навукова-арганізацыйнай, педагагічнай і грамадскай дзейнасцю, у т.л. ў складзе Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі і анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Выступала з артыкуламі ў прэсе аб стане і перспектывах развіцця мовазнаўства. Пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваення назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, перадача іх на лацінку, а таксама на іншыя мовы[3]. ПрозвішчаПрозвішча Лемцюгоў мовазнавец Павел Сцяцко звязваў з беларускім лямец «тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з шэрсці, воўны», лямцюга «зробленае з лямцу»[4]. У сучасным літоўскім іменніку фіксуецца таксама літоўскае (з Клайпеды) прозвішча Lemtys. Выбраная бібліяграфія
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia