Васіль Васілевіч Струвэ
Васіль Васілевіч Стру́вэ[5] (руск.: Василий Васильевич Струве; 21 студзеня (2 лютага) 1889, Санкт-Пецярбург — 15 верасня 1965, Ленінград) — найбуйнейшы савецкі ўсходазнавец (егіптолаг і асірыёлаг), заснавальнік савецкай школы гісторыкаў Старажытнага Усходу, доктар гістарычных навук (15.02.1934, без абароны дысертацыі[6]), акадэмік Акадэміі навук СССР (1935). БіяграфіяНарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. У час вучобы ў гімназіі праявіў здольнасць да вывучэння моў і вывучыў лацінскую і грэчаскую мовы[7]. У 1911 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта (сучасны Інстытут гісторыі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта). У 1911—1913 гадах быў пакінуты пры ўніверсітэце для падрыхтоўкі да выкладчыцкай працы. У 1914 годзе знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Германіі, дзе праходзіў стажыроўку па ўдасканаленню ведаў егіпецкай мовы[7] ў Берліне ў А. Эрмана. З пачаткам Першай сусветнай вайны вярнуўся ў Санкт-Пецярбург. У 1914—1933 гадах працаваў у Эрмітажы: са снежня 1918 года — асістэнт аддзела старажытнасцей, са студзеня 1919 года — памочнік захавальніка па аддзяленні Старажытнага Усходу і член Савета Эрмітажа; з 1920 года — захавальнік аддзялення класічнага Усходу, у 1930—1933 гадах — загадчык гэтага аддзела, член метадычнага савета (1933); з ліпеня 1933 года — прафесар-кансультант пры Аддзяленні Старажытнага Усходу; у 1918—1933 гадах — загадчык Егіпецкага аддзялення[8]. З 1916 года і да канца жыцця В. В. Струвэ працаваў у Петраградскім (Леніградскім) універсітэце. У 1916—1920 гадах — прыват-дацэнт на факультэце ўсходніх моў, у 1920—1930 і 1944—1965 гадах — прафесар Усходняга факультэта, у 1952—1965 гадах — загадчык кафедры гісторыі краін Старажытнага Усходу[9]. У 1928 годзе абараніў магістарскую дысертацыю на тэму «Манефон и его время»[6]. З 1934 года выкладаў у Ленінградскім педагагічным інстытуце і ўзначальваў кафедру гісторыі старажытнага свету[7]. У 1937—1940 гадах узначальваў Інстытут этнаграфіі Акадэміі навук СССР. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны з 1941 года ўзначальваў Інстытут усходазнаўства Акадэміі навук СССР у Ташкенце і займаў гэтую пасаду да 1950 года[9]. У 1950—1959 гадах — старшы навуковы супрацоўнік Ленінградскага аддзялення Інстытута гісторыі АН СССР, загадчык групы гісторыі старажытнага свету. У 1959—1965 гадах — загадчык Аддзела Старажытнага Усходу Інстытута ўсходазнаўства АН СССР. Памёр 15 верасня 1965 года. Пахаваны ў Санкт-Пецярбургу на Серафімаўскіх могілках. Навуковая і грамадская дзейнасцьВ. В. Струвэ займаўся даследаваннямі гісторыі, культуры, сацыяльна-эканамічнай структуры грамадства, палітыкі, права Старажытнага і эліністычнага Егіпта, Шумера, Вавілона, Асірыі, Ірана, Палесціны, Урарту, Паўночнага Прычарнамор’я, Сярэдняй Азіі, гісторыі ўсходазнаўства ў Расіі. Надаваў шмат часу вывучэнню гісторыі Месапатаміі ў яе найстаражытнейшы перыяд, фінікійскай і сірыйскай гісторыі, цікавіўся хецкай культурай і іншымі цэнтрамі цывілізацыі старажытнасці[7]. Аўтар выдання «Гісторыя Старажытнага Усходу» (1941). Адзін з ініцыятараў выдання «Советская историческая энциклопедия». Аўтар каля 400 прац, сярод якіх артыкулы, манаграфіі, падручнікі па гісторыі старажытнага свету і лінгвістыцы[7]. Займаўся рэдактарскай працай, рэцэнзаваў матэрыялы іншых даследчыкаў. На працягу амаль пяцідзесяці гадоў, з 1916 года па 1965 год, Васіль Васільевіч распрацаваў уласны ўнікальны курс гісторыі Старажытнага Усходу[7]. Быў членам камітэта Міжнароднай асацыяцыі егіпталогіі (Капенгаген, з 1947 года), член Інстытута егіпталогіі Карлава ўніверсітэта ў Празе, член-карэспандэнт Германскага археалагічнага таварыства, Міжнароднага таварыства па гісторыі навукі[7]. Удзельнік XXIII (Кембрыдж, 1954) і XXV (Масква, 1960) Міжнародных кангрэсаў усходазнаўцаў, X Міжнароднага кангрэса гісторыкаў (Рым, 1955)[7]. Таксама быў членам Бюро аддзялення гістарычных навук Акадэміі навук СССР, Нацыянальнага камітэта гісторыкаў СССР, Археалагічнай камісіі Акадэміі навук СССР[9]. Адзін з заснавальнікаў і член рэдакцыйнай калегіі, пазней — галоўны рэдактар часопіса «Вестник древней истории». У 1934—1939 гадах — дэпутат Ленсавета[7]. Узнагароды і званні
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia