Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў
Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў (18 верасня 1917, в. Ахлябініна Уфімскага раёна, Башкартастан — 19 красавіка 1992, Уладзімір, Расія) — літаратуразнавец, перакладчык, касмолаг, ахвяра карнай псіхіятрыі. БіяграфіяНарадзіўся ў рабочай сям'і. Тры класы пачатковай школы скончыў у в. Харкаўская Нурыманаўскага раёна (Башкірыя), сямігодку сялянскай моладзі – на ст. Улу-Целяк Уфімскай чыгункі ў 1931. У 1931 паступіў ва Уфімскі механічны тэхнікум, які скончыў у (1935). З 1935 працаваў тэхнікам на Уфімскім нафтаперапрацоўчым заводзе. У 1939–1946 служыў у памежных войсках (паводле іншых звестак – на флоце) на Дальнім Усходзе. Падчас службы ўступіў у КПСС. У 1947 годзе паступіў на філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, які скончыў у 1951. З 1951 асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук (1954). З сярэдзіны 1950-х публікаваў навуковыя артыкулы пра славянскія літаратуры. З 1964 г. жыў у Мінску, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Бываў частым госцем у доме супрацоўніцы інстытута Валянціны Гапавай (1923–2003), сябраваў з Уладзімірам Караткевічам. В. Зайцаў – аўтар прац па праблемах харвацкай і сербскай літаратуры. Вывучаў беларускую культуру эпохі Адраджэння, у тым ліку творчасць Францыска Скарыны. Даследаваў касмічныя рэмінісцэнцыі ў помніках старажытных літаратур і ў выяўленчым мастацтве, займаўся тэмай «Космас і Біблія». У 1966 годзе ў часопісе «Нёман» быў апублікаваны артыкул Зайцава пра касмічнае паходжанне багоў пад назвай «Галасы далёкіх тысячагоддзяў», у 1967 годзе ў часопісе «Байкал» (Улан-Удэ) – артыкул «Багі прыходзяць з космаса». Абодва артыкулы (асабліва другі) выклікалі як цікавасць з боку аматараў уфалогіі з усяго СССР, так і адмоўную рэакцыю з боку афіцыёзу. Таксама цікавасць публікі і незадаволенасць уладаў выклікалі публічныя лекцыі В. Зайцава на касмічную тэматыку. У 1968 годзе ў арыентаваным на замежнікаў рэкламным часопісе «Советский Союз» былі апублікаваны погляды Зайцава, але толькі разам з іх крытыкай акадэмікам АН СССР Васілём Фесенкавым[1]. У маскоўскай газеце «Известия» Зайцаў быў абвешчаны саюзнікам заходніх багасловаў-абнаўленцаў[2]. Супрацоўнік апарата ЦК КПБ Савелій Паўлаў (які неўзабаве стаў загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ) у сваёй кнізе «Слова – зброя» адвёў пару старонак крытыцы поглядаў Зайцава і дзеянняў рэдактараў часопісаў, якія прапускалі яго артыкулы ў друк[3]. Абарона доктарскай дысертацыі вучонага не адбылася. Значны рэзананс сярод акадэмічнай супольнасці Мінска меў яго ўдзел у фільме аўстрыйскага рэжысёра Харальда Райнля «Успаміны пра будучыню» (1970), знятага паводле твораў швейцарскага ўфолага Эрыха фон Дэнікена. Фільм паказвалі ў пракаце СССР, у тым ліку ў Мінску, у кінатэатры «Навіны дня». У 1974 годзе, падчас кампаніі пераследу ў АН БССР апазіцыйна настроеных супрацоўнікаў (Міколы Прашковіча, Міхася Чарняўскага, Сцяпана Міско ды інш.), Зайцаў публічна выйшаў з КПСС. Сярод іншага, пры выхадзе з КПСС не згаджаўся з агульным ахайваннем у падцэнзурным друку асобы і твораў Аляксандра Салжаніцына, выказваў сумневы ў мэтазгоднасці арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва паміж навукоўцамі [4]. У 1975, за два гады да пенсіі, быў звольнены з інстытута. Працягваў сваю лектарскую дзейнасць, прычым, не звязаны працай, мог падоўгу «гастраляваць» у розных гарадах СССР. Арыштаваны КДБ 23.11.1978 у Маскве падчас раскідвання ўлётак. Паводле дадзеных следства, на працягу 1970—78 напісаў больш за 30 улётак «рэлігійна-містычнага зместу»: «Тайна беззакония (кто сидит на атеистическом престоле)», «Евреи, домой!», «Разбой на дорогах познания», «Тайна беззакония (разгадка числа 666)» ды інш. З дапамогай знаёмых размножыў іх і ў лістападзе 1978 раскідаў у розных раёнах Масквы. Падчас вобыску канфіскавана каля 1000 улётак[5]. КДБ таксама закідаў Зайцаву, што той падчас публічных выступаў прапагандаваў свае эсхаталагічныя ідэі (прадказваў другое прышэсце ў 1980 годзе). У сакавіку 1979 Інстытут судовай псіхіятрыі імя Сербскага (Масква) вынес дыягназ — шызафрэнія. Вярхоўны Суд БССР 15.6.1979 г. разглядзеў справу па абвінавачванні Зайцава па артыкуле 186-1 КК БССР («Распространение заведомо ложных измышлений, порочащих советский государственный и общественный строй») і накіраваў яго на прымусовае лячэнне ў Казанскі спецыяльны псіхіятрычны шпіталь. Суд праходзіў без прысутнасці абвінавачанага (хаця яго на час суда і адканваіравалі ў Мінск, у следчы ізалятар КДБ), то бок у Зайцава адсутнічала ўсялякая магчымасць абараніць сябе і прадэманстраваць, што ён не хворы. Паводле звестак самвыдавецкай «Хроники текущих событий», у бальніцы Зайцаву прызначылі ін'екцыі, потым іх адмянілі, і на спатканні 30 жніўня 1979 ён сказаў жонцы, што адчувае сябе добра. Аднак потым яго стан пагоршыўся. Ён практычна не мог чытаць і пісаць. Ад яго сталі прыходзіць лісты з некалькіх няроўных радкоў[6]. У далейшым становішча Зайцава ў спецпсіхбальніцы палепшылася. 9 лістапада 1980 начальнік Казанскай спецпсіхбальніцы К. Свечнікаў звярнуўся ў Вярхоўны суд БССР з прапановай спыніць «лячэнне» Зайцава, але 13 красавіка 1981 Вярхоўны суд БССР вырашыў пакінуць Зайцава ў зняволенні і надалей. 21 снежня 1981 в. а. начальніка Казанскай спецпсіхбальніцы Р. Валітаў накіраваў новы ліст у Вярхоўны суд БССР; суд 18.1.1982 спыніў прымусовае лячэнне і Зайцаў быў вызвалены. Досвед следства і спецпсіхбальніцы ён апісаў у нарысе «Як мяне вучылі любіць савецкую ўладу». Ён вярнуўся ў Мінск, дзе жыў да апошніх месяцаў жыцця. Працягваў ездзіць па СССР з лекцыямі. Памёр 19 красавіка 1992 года ва Уладзіміры. Пахаваны тамсама на могілках Улыбашава. Крымінальная справа ў адносінах да В. Зайцава была спынена Прэзідыумам Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 14.9.1992 пасмяротна. Творы
Пераклады
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia