Віталь Вітальевіч Катаеў
Віта́ль Віта́льевіч Ката́еў (руск.: Виталий Витальевич Катаев; 23 снежня 1925, Вятка, СССР — 12 сакавіка 1999, Масква, Расія) — дырыжор, педагог. Заслужаны артыст Беларусі (1966), заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі (1993), прафесар (1985). БіяграфіяЗ 1934 года вучыўся ў маскоўскай Цэнтральнай музычнай школе па класе скрыпкі у В. М. Вульфмана, затым у А. К. Габрыэляна. У 1942 годзе пайшоў на фронт, служыў у 120-мм мінамётнай батарэі 14-га стралковага палка 343 стралковай брыгады, затым у ваенных аркестрах, дзе ўпершыню пачаў дырыжыраваць. Пасля дэмабілізацыі (1948) працаваў скрыпачом у розных маскоўскіх аркестрах, скончыў Музычнае вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі (1951) па класе скрыпкі А. К. Габрыэляна. У тым жа годзе паступіў на аддзяленне оперна-сімфанічнага дырыжыравання Маскоўскай кансерваторыі, класы К. П. Кандрашына і Я. Я. Рацэра, наведваў таксама клас М. П. Аносава. Адразу па сканчэнні Маскоўскай кансерваторыі (1956) быў прыняты ў аспірантуру Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам М. С. Рабіновіча, якую скончыў у 1959 годзе. Працаваў у Петразаводску і Маскве. У БеларусіУ 1962 годзе В. В. Катаеў прымае запрашэнне заняць пасаду мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларускай ССР (Мінск). Па яго ініцыятыве ў 1966 годзе ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ствараецца кафедра оперна-сімфанічнага дырыжыравання, якую ён узначальвае да 1968 года. Сярод яго вучняў народны артыст Беларусі М. Казінец, дацэнт БДАМ Сяргей Кафанаў і іншыя. В. В. Катаеў у сваёй выканальніцкай дзейнасці заўсёды шукаў новыя шляхі. Многія яго канцэрты і гастрольныя выступленні ламалі савецкія стэрэатыпы ўспрымання сучаснай заходняй музыкі. Смеласць, неабходная для выканання твораў некаторых савецкіх і сучасных заходніх аўтараў, нараджалася з яснага разумення сваёй мастацкай мэты. Гэтая артыстычная безкампраміснасць і адмова ўступіць у КПСС адбіліся ў далейшым на кар’еры В. В. Катаева, ён быў пазбаўлены многіх магчымасцяў, у т.л. заняцця высокага становішча ў афіцыйнай музычнай іерархіі СССР, аднак талент, моцны характар і велізарная працаздольнасць дазвалялі яму дасягаць пастаўленых перад сабой творчых мэт. У 1963 годзе ён выканаў у Мінску 13-ю сімфонію Д. Д. Шастаковіча — неўзабаве пасля маскоўскай (сусветнай) прэм’еры, якая выклікала вострую рэакцыю афіцыйнага савецкага кіраўніцтва. В. В. Катаеў успамінае[1]:
Сярод пастановак В. В. Катаева, якія сталі падзеямі ў музычным жыцці Мінска і Беларусі, «Ваенны рэквіем» Б. Брытэна, «Сімфонія псалмоў» І. Стравінскага, сімфонія «Песня аб зямлі» Г. Малера, араторыя А. Анегера «Жанна д’Арк на вогнішчы» (у сцэнічнай рэдакцыі), шматлікія творы беларускіх кампазітараў. У МасквеУ 1972 годзе В. В. Катаеў з'ехаў з Мінска, больш за чвэрць стагоддзя працаваў у Маскоўскай кансерваторыі, але сувязяў з Беларуссю не перарываў. Вялікі поспех мелі пастаўленыя ім і выкананыя пад яго кіраўніцтвам «Гісторыя доктара Іагана Фаўста» А. Шнітке (1984), «Сімфанічныя танцы» К. Штакхаўзена (першае выкананне ў СССР, 1984), араторыя С. Пракоф'ева «Цар Іван Грозны» (тэатральна-сцэнічная пастаноўка з удзелам І. Смактуноўскага, 1992). Віталь Вітальевіч Катаеў памёр 12 сакавіка 1999 года. Пахаваны ў Маскве на Пятніцкіх могілках. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia