Канстанцый I Хлор
Фла́вій Вале́рый Канста́нцый (лац.: Flavius Valerius Constantius), больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Канстанцый I Хлор — рымскі імператар як Цэзар у 293—305 гадах, як Аўгуст у 305—306 гадах. Бацька Канстанціна Вялікага і заснавальнік дынастыі Канстанцінаў. Мянушку Хлор (грэч. χλωρός, што азначае «бледны») атрымаў пазней ад візантыйскіх гісторыкаў[4]. Паходзіў з прыдунайскіх правінцый. У 293 годзе Дыяклетыян абвясціў Канстанцыя цэзарам. На гэтай пасадзе ён праводзіў кампаніі супраць узурпатара Алекта ў Брытаніі, на Рэйне супраць алеманаў і франкаў. Стаўшы аўгустам у 305 годзе, Канстанцый пачаў паспяховую карную кампанію супраць піктаў і скотаў. Аднак у наступным годзе ён сканаў у Эбаракуме. Яго смерць выклікала пачатак крызісу тэтрархіі[5]. Канстанцый насіў наступныя пераможныя тытулы: «Германскі Найвялікшы» — з 294 года, «Брытанскі Найвялікшы» — з 296 года, «Карпійскі Найвялікшы», «Армянскі Найвялікшы», «Мідыйскі Найвялікшы», «Адыябенскі Найвялікшы», «Персідскі Найвялікшы» — з 297 года, «Сармацкі Найвялікшы» — магчыма, з 299 года, «Сармацкі Найвялікшы» (другі раз) і «Германскі Найвялікшы» (другі раз) — з 301 года, «Брытанскі Найвялікшы» (другі раз) — з 306 года[5]. БіяграфіяЖыццё да прыняцця ўладыФлавій Валерый Канстанцый Хлор нарадзіўся ў Ілірыку 31 сакавіка меркавана ў 250 годзе[6]. Паводле кнігі «Гісторыя Аўгустаў», ён быў сынам знатнага выхадца з Дарданіі Еўтропія і Клаўдзіі, пляменніцы імператараў Клаўдзія II і Квінтыла[7]. Панегірыст Еўменій называе яго нават незаконнанароджаным сынам Клаўдзія[4]. Сучасныя гісторыкі, такія як Пат Сазерн і аўтары PLRE, падазраюць, што гэты радавод быў прыдуманы Канстанцінам I Вялікім ужо пасля смерці Канстанцыя для ўмацавання сваёй улады, і што яго сям’я былі нязнатнага паходжання[4][8][8][9]. Канстанцый быў членам корпуса пратэктараў імператара пры Аўрэліяне і ўдзельнічаў у паходзе супраць Пальмірскага царства[10]. Паводле зборніка біяграфій імператараў «Гісторыя Аўгустаў», у часы ўладарання Проба Канстанцый быў дуксам[заўв 1], але гэта, хутчэй за ўсё, выдумка аўтара[9]. Паводле «Ананіма Валезія», Канстанцый быў яшчэ і ваенным трыбунам[11]. Адзіная дакументальна пацверджаная пасада Канстанцыя — гэта прызначэнне яго прэзідам Далмацыі ў кіраванне Кара[10][12]. Была выказана здагадка, што пасля паўстання Дыяклетыяна Канстанцый перайшоў на яго бок і ўзяў удзел у бітве пры Маргусе ў 285 годзе[13]. У 286 годзе Дыяклетыян прызначае свайго сябра Максіміяна суправіцелем і дае яму ў валоданне заходнія правінцыі, у той час як сам забірае ўвесь Усход, пачынаючы працэс, які ў канчатковым выніку прывядзе да падзелу Рымскай імперыі на дзве часткі — Заходнюю і Усходнюю[14]. У 288 годзе, калі тэрмін яго знаходжання на пасадзе прэзіда Далмацыі скончыўся, Канстанцый быў прызначаны прэфектам прэторыя пры заходнім імператары Максіміяне[15]. З тых часоў ён, як відаць, заняў значнае становішча пры імператарскім двары[4]. На працягу перыяду 288—289 гадоў Канстанцый пад камандаваннем Максіміяна прымаў актыўны ўдзел у вайне супраць алеманаў, правядзення кампаній на тэрыторыі варварскіх плямёнаў за Рэйнам і Дунаем[15]. Для ўмацавання сувязей паміж імператарам і яго ўплывовым военачальнікам у 289 годзе Канстанцый адмовіўся ад сваёй жонкі (або наложніцы) Алены і ажаніўся з дачкой імператара Максіміяна Феадорай[15]. КіраваннеАбвяшчэнне цэзарам![]() У 293 годзе Дыяклетыян, усведамляючы амбіцыі свайго суправіцеля, дазволіў Максіміяну садзейнічаць Канстанцыю ў атрыманні тытула імператара падчас новага падзелу імперыі[16]. Дыяклетыян падзяляе адміністрацыю Рымскай імперыі на дзве паловы, якія адносяцца да заходняй і ўсходняй часткам. Кожнай паловай будзе кіраваць аўгуст пры падтрымцы цэзара. Абодва цэзары мелі права спадчыны пасля смерці аўгуста. У Медыялане 1 сакавіка 293 года Канстанцый быў афіцыйна прызначаны цэзарам Максіміяна[16]. Ён прыняў імя Флавія Валерыя і атрымаў у кіраванне Галію, Брытанію і, магчыма, Іспанію[16]. Дыяклетыян, усходні Аўгуст, у імкненні захаваць баланс сіл у імперыі прызначае 21 мая 293 года ў Філіпопалі военачальніка Галерыя сваім цэзарам[16]. Канстанцый быў старэйшым з двух цэзараў, і таму ў афіцыйных дакументах ён заўсёды меў прыярытэт, быўшы згаданым перад Галерыем[17]. Сталіцай Канстанцыя была Аўгуста Трэвераў, размешчаная на рацэ Мазела[18][5]. У гэтым горадзе імператар пачаў будаўніцтва грандыёзнага палацавага комплексу, які быў завершаны яго сынам[5]. Комплекс займаў усю паўночна-заходнюю частку горада[5]. Першай задачай Канстанцыя пасля абвяшчэння цэзарам было задушыць паўстанне рымскага ўзурпатара Караўзія, які абвясціў сябе імператарам у Брытаніі і паўночнай Галіі ў 286 годзе[10]. Пасля паражэння, нанесенага ім Максіміяну, той быў вымушаны прызнаць уладу мяцежніка[13]. У канцы 293 года Канстанцый аблажыў і ўзяў штурмам галоўную базу і гавань Караўзія на кантыненце — Банонію[19]. Вялікая дамба, якая стаяла на ўваходзе ў бухту, не дазволіла Караўзію паслаць да горад падмацаванне, і таму ўзурпатар быў вымушаны здаць горад[19]. Неўзабаве пасля гэтага Караўзій быў забіты сваім скарбнікам Алектам, які абвясціў сябе імператарам[19]. Канстанцый правёў наступныя два гады ў нейтралізацыі пагрозы нападзення франкаў, якія былі саюзнікамі Алекта[20], бо паўночная Галія заставалася пад кантролем брытанскага ўзурпатара прынамсі да 295 года[21]. Ён таксама ваяваў супраць алеманаў і дабіўся некаторых перамог у вусці Рэйна ў тым жа годзе[22]. Адміністрацыйныя праблемы азначалі, што ён здзейсніў прынамсі адну паездку ў Італію ў той час[20]. Нарэшце, у 296 годзе Канстанцый палічыў, што дастаткова ўмацаваўся на кантыненце, і здаў камандаванне войскамі на Рэйне Максіміяну[23]. Ён арганізаваў дзве флатыліі. Адна, пад камандваннем самога Канстанцыя, выйшла з Баноніі, а другая пад камандаваннем прэфекта прэторыя Юлія Асклепіядота адплыла з вусця Сены[24]. Дзякуючы моцнай смузе прэфект здолеў удачна пазбегнуць сустрэчы з галоўным флотам Алекта і высадзіўся з арміяй на востраве Уайт[25]. Алект з усімі сіламі накіраваўся насустрач войску Асклепіядота, і гэта дало Канстанцыю магчымасць без перашкод высадзіцца ў Кенце[26]. Аднак спроба не ўвянчалася поспехам, таму што з-за моцнай смугі частка караблёў не змагла далучыцца да асноўнага флоту, і цячэннем яе аднесла да вусця Тэмзы[5]. Праз некаторы час імператар адправіўся на паўднёвы бераг Ла-Манша, а прэфекту ўдалося канчаткова разбіць Алекта дзесьці на поўначы Хэмпшыра або Беркшыра, у выніку чаго ўзурпатар загінуў[26]. Аднак частка яго наймітаў з племені франкаў выратавалася і драпежнічала аж да Ландыніума, дзе іх перабілі легіянеры Канстанцыя, якія размінуліся з ім пры высадцы ля кенцкага ўзбярэжжа і абыходнай дарогай дабраліся да правінцыйнай сталіцы[26]. Жыхары горада сустракалі імператара як вызваліцеля[23]. ![]() У гонар гэтых перамог Канстанцый выпусціў серыю вялікіх залатых памятных медальёнаў. На адным з іх з надпісам «Міласэрнасць імператараў» намаляваны сам імператар у львінай накідцы, які працягвае руку ўкленчанай Брытаніі, а Перамога кладзе яму на галаву карону[5]. На іншым медальёне, буйнейшым, знаходзіцца надпіс «Аднаўляльнік вечнага міру» і намаляваны Канстанцый, які скача на кані да гарадской сцяны[5]. Указана, што гэта горад Ландыніум. Канстанцый заставаўся ў Брытаніі на працягу некалькіх месяцаў, падчас чаго замяніў большую частку адміністрацыі ўзурпатара і правёў рэформы падзелу правінцыі. У выніку падзелу Верхняя Брытанія была ператворана ў Максіму Цэзарэйскую і Брытанію Першую, а Ніжняя Брытанія у Флавію Цэзарэйскую і Брытанію Другую[27]. Па яго загадзе былі адноўлены вал Адрыяна і прыгранічныя крэпасці, а ў Ландыніуме пабудаваны манетны двор[28]. З Галіі ў Брытанію быў адпраўлены шэраг майстроў для аднаўлення разбураных падчас баявых дзеянняў гарадоў[29]. Летам 297 года імператар адправіўся ў Італію, каб сачыць за ёй у той час як Максіміян ваяваў з маўрамі ў Афрыцы, але неўзабаве вярнуўся назад у Галію[4]. Пасля вяртання ў Галію ў 297 годзе Канстанцый засяліў там мноства пустэльных зямель франкамі, каб кампенсаваць значныя страты, выкліканыя яго папярэднімі паходамі на саюзнікаў Алекта і Караўзія[30]. У наступным годзе Канстанцый ваяваў у бітве пры Лінгоне супраць алеманаў, але яго атрад быў вымушаны бегчы[4]. Канстанцый сам быў паранены і ў сувязі з блізкасцю ворага загадаў не адкрываць гарадскія вароты, а падняць яго на канатах на сцяну. Ён быў закрыты ў горадзе, але быў вызвалены сваёй арміяй праз шэсць гадзін і перамог ворага, які страціў 60 тысяч салдат[31]. Імператар ізноў перамог варвараў, якія пераправіліся цераз заледзянелы Рэйн, каля Вінданісы, тым самым умацаваўшы абарону германскай мяжы[32]. У 300 годзе Канстанцый правёў кампанію супраць франкаў на Рэйне[30]. Аднак наступныя тры гады рэйнская мяжа працягвала займаць увагу Канстанцыя[32]. У час свайго кіравання Канстанцый стварыў тры новыя легіёны: I Надзейны Флавіеў Гальскі, I Флавіеў Марсаў і XII Пераможны[33]. У 303 годзе Канстанцый сутыкнуўся з указам Дыяклетыяна, якія азначаў пачатак Вялікага ганення на хрысціян[6]. З усіх чатырох тэтрархаў Канстанцый, які быў язычнікам, прыклаў мінімум намаганняў для рэалізацыі ўказу Дыяклетыяна ў заходніх правінцыях, якія былі пад яго непасрэдным кіраўніцтвам[6]. Ён толькі абмежаваўся зачыненнем некалькіх цэркваў[6]. Еўсевій Кесарыйскі сцвярджаў, што Канстанцый быў хрысціянінам[34]. Прызначэнне аўгустам і смерцьПаміж 303 і 305 годам Галерый пачаў дабівацца права ўзяць уладу Канстанцыя пасля сыходу Дыяклетыяна[35]. У 304 годзе Максіміян Геркулій сустрэўся з Галерыем, верагодна, для абмеркавання гэтага пытання пераемнасці, і Канстанцый або не быў запрошаны, або не змог прыехаць на сустрэчу з-за напружанага становішча на Рэйне[32]. Да 303 года, відаць, існавала сакрэтнае пагадненне паміж тэтрархамі, што сын Канстанцыя Канстанцін і сына Максіміяна Максенцый павінны былі быць прызначаны цэзарамі пасля адрачэння Дыяклетыяна і Максіміяна[36]. Да канца 304 года Галерый пераканаў Дыяклетыяна (які ў сваю чаргу пераканаў Максіміяна) прызначыць цэзарамі сваіх стаўленікаў Флавія Севера і Максіміна Дазу[32]. Дыяклетыян і Максіміян сышлі ў адстаўку 1 мая 305 года, магчыма, з-за дрэннага здароўя Дыяклетыяна[6]. Флавій Север і Максімін Даза былі прызначаны цэзарамі. Перад войскамі, якія сабраліся ў Медыялане, Максіміян Геркулій зняў свой пурпурны плашч і перадаў яго новаму цэзару Северу і абвясціў Канстанцыя аўгустам[37]. Тая ж самая сцэна разыгралася ў Нікамедыі, дзе Дыяклетыян абвясціў цэзарам Максіміна Дазу, а аўгустам Галерыя[36]. Канстанцый, які быў умоўна старэйшым імператарам, кіраваў заходнімі правінцыямі, адмовіўшыся ад Італіі і Афрыкі, у той час як Галерый прыняў пад сваё начальства ўсходнія правінцыі. Канстанцін, расчараваўшыся ў сваіх надзеях стаць цэзарам, збег з-пад нагляду Галерыя пасля таго, як Канстанцый прасіў усходняга аўгуста вызваліць яго сына па прычыне сваёй хваробы[38]. Канстанцін далучыўся да двара свайго бацькі на ўзбярэжжы Галіі падчас падрыхтоўкі да кампаніі ў Брытаніі[39]. У 305 годзе Канстанцый пераправіўся ў Брытанію і накіраваўся на крайнюю поўнач вострава, пачаўшы ваенную экспедыцыю супраць піктаў, і, відаць, атрымаў перамогу, пра што сведчыць пераможны тытул «imperator II», атрыманы ім 7 студзеня 306 года[40]. Пасля вяртання ў Эбаракум на зімоўку Канстанцый планаваў працягнуць кампанію, але 25 ліпеня 306 года ён сканаў[41]. Калі Канстанцый паміраў, ён рэкамендаваў свайго сына салдатам у якасці пераемніка, і пасля гэтага Канстанцін быў абвешчаны імператарам легіёнамі ў Эбаракуме[41][42]. З Брытаніі цела Канстанцыя было перавезена ў Галію, дзе і было пахавана, як відаць, у Аўгусце Трэвераў[4]. У антычнай літаратуры Канстанцый Хлор паўстае выключна ў добрым святле. Відаць, ён сапраўды карыстаўся павагай у сваіх уладаннях дзякуючы ўмеламу кіраванню, а яго ваенныя дасягненні былі вельмі значнымі, нават калі і прымаць да ўвагі, што Брытанія была вернута намаганнямі прэфекта прэторыя. Канстанцый атрымлівае хвалу за тое, што ён не ўступіў у адкрытае супрацьстаянне з Галерыем і тым самым не ўвёў дзяржаву ў новую грамадзянскую вайну. Аднак з-за таго, што Галерый валодаў моцнай арміяй і буйнымі сродкамі, Канстанцый проста не меў іншага выхаду. Але цалкам магчыма, што раптоўная смерць утрымала яго ад спробы перавароту[5]. АсобаУ антычнай літаратуры Канстанцый I атрымлівае станоўчыя водгукі. Язычніцкія і хрысціянскія аўтары былі добрай думкі пра яго, як, напрыклад, Еўтропій:
Еўсевій Кесарыйскі ў сваёй «Царкоўнай гісторыі» таксама станоўча гаворыць пра Канстанцыя:
Хрысціянскія аўтары хваляць яго за мяккае стаўленне да іх рэлігіі і невыкананне ўказу Дыяклетыяна аб ганенні[5]. Да таго ж сваім умелым кіраваннем ён мог набыць пашану ў сваіх падданых[5]. У мастацтвеУ літаратурыКанстанцый Хлор з’яўляецца адным з галоўных герояў аповесці Іўліна Во «Алена». У легендахІмя Канстанцыя засталося ў легендах брытаў — так, Гальфрыд Монмуцкі ў сваёй «Гісторыі каралёў брытаў» прысвячае яму некалькі раздзелаў. Паводле гэтага твора, Канстанцый быў пасланы ў Брытанію рымскім сенатам пасля таго, як брытанскі кароль Асклепіядот быў зрынуты Коелем. Коель пагадзіўся плаціць даніну Рыму, але памёр праз восем дзён. Канстанцый ажаніўся з дачкой Коеля Аленай і стаў каралём Англіі. Алена нарадзіла яму сына Канстанціна, які ўзыйшоў на прастол Брытаніі, калі яго бацька памёр у Ёрку праз адзінаццаць гадоў[45]. Аднак Генрых Хантынгданскі развянчаў легенду пра тое, што Алена была дачкой брытанскага караля, бо Канстанцый развёўся з ёй яшчэ да брытанскага паходу[46]. Заўвагі
Крыніцы
ЛітаратураПершасная літаратура
Даследаванні
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia