Канстанцін Міхайлавіч Касмачоў
Канстанцін Міхайлавіч Касмачо́ў[2] (руск.: Константин Михайлович Космачёв; 7 мая 1911, Мікуліна, Аршанскі павет, Магілёўская губерня — 4 жніўня 1992, Мінск, Беларусь) — беларускі жывапісец, графік, педагог. БіяграфіяПрафесійную адукацыю атрымаў у 1928 — 1932 гадах у Беларускім дзяржаўным мастацкім тэхнікуме, дзе яго настаўнікамі былі М. Эндэ і В. Руцай. Пасля заканчэння тэхнікума, у індывідуальным парадку працягваў навучанне у Ю. Пэна, В. Руцая, Ф. Фогта. Скончыў рэспубліканскія курсы павышэння кваліфікацыі мастакоў (1938—1940). У 1940 годзе ўступіў у Саюз мастакоў БССР. Удзельнічаў у вайне супраць нацысцкай Германіі (1941—1945), у баявых дзеяннях быў кантужаны. З 1945 года жыў і працаваў у Мінску. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1948—1957). Прымаў удзел у болей чым пяцідзесяці мастацкіх выстаўках: галоўных рэспубліканскіх выстаўках у Мінску (з 1932 года), выстаўках беларускага мастацтва ў Маскве і іншых гарадах СССР (з 1940 года), выстаўках беларускіх мастакоў у Румыніі (1959), Вялікабрытаніі (1967), Фінляндыі (1969), Польшчы (1971), Аўстрыі (1976). Персанальныя выстаўкі К. Касмачова былі праведзены ў Мінску ў 1971 і 1983 гадах. З 27 мая па 28 чэрвеня 2011 года карціны мастака экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ў складзе выстаўкі «Даўжэй за век»[3]. Дзяржаўныя ўзнагароды СССР: ордэн «Знак Пашаны», медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», медаль «За працоўную доблесць», медаль «За працоўную адзнаку». Узнагароджаны дзвюма Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1963). ТворчасцьК. Касмачоў працаваў у галіне станковага жывапісу і станковай графікі. З даваенных работ захавалася карціна «У падпольнай друкарні» (1940). У 1946 годзе з-пад пэндзля мастака з’явілася карціна «Рускія прыйшлі», у якой былі адлюстраваны падзеі нядаўняй вайны. З 1947 года мастак працаваў над увасабленнем вобраза У. І. Леніна. («Ленін у Разліве»,1947; «Напярэдадні»,1959, варыянт 1961; трыпціх «Незабыўнае»,1962). Адзін з аўтарскіх варыянтаў карціны «Напярэдадні» быў набыты ў збор Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. У сюжэтна — тэматычным жанры ён намаляваў карціны «На пчальніку» (1950), «У родным краі. С. Ясенін» (1965) і трыпціх «Рэчыцкая лірычная» (1965). У перыяд з 1966 па 1972 год К. Касмачоў стварыў шэраг пейзажаў, прысвечаных помнікам старажытнай архітэктуры Беларусі: «Нясвіж. Замак», «Слуцкая брама», «Нясвіж. Гадзіннікавая вежа», «Мірскі замак», «Белая вежа»[4]. Вобразы беларускай прыроды мастак увасобіў у карцінах «Ласкавая восеньская раніца», «Бэзавы май», «Стог канюшыны», «На Вячы», «Раўбічы ў кастрычніку» і інш. У 1970—1980-я гады К. Касмачоў асноўную ўвагу надаваў графіцы («Партрэт маці»,1979; «Аўтапартрэт»,1980; «Студэнтка»,1981; «Якуб Колас»,1983). Карціны і графіка К. Касмачова знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў, музеях Расіі. ПамяцьУ 2011 годзе, да 100-годдзя з дня нараджэння мастака, РУП «Белпошта» выпусціла памятны мастацкі канверт з партрэтам Канстанціна Касмачова на фоне яго твора «Рэчыцкая лірычная» (1965). Мастак канверта — Мікола Рыжы. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia