Канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці

Канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці — элемент нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі і гістарычнай палітыкі Беларусі.

Канцэпцыя распрацавана Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і прадстаўлена ў 2018 годзе.

У трактоўцы беларуская дзяржаўнасць разглядаецца як непарыўнае цэлае, якое мела ўвасабленне ў гістарычных (Кіеўская Русь, Полацкае і Тураўскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя) і нацыянальных (Беларуская Народная Рэспубліка, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Рэспубліка Беларусь) формах.

Гісторыя

У 2018 годзе была апублікавана канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці, распрацаваная ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Згодна з ёй, дзяржаўнасць як канцэпт гістарычнай навукі ёсць «патэнцыйная здольнасць этнанацыянальнай супольнасці і яе эліты, якая забяспечвае права і магчымасць працяглага самастойнага гістарычнага існавання і развіцця». Дзяржава ж уяўляецца як канкрэтна-гістарычнае ўвасабленне дзяржаўнасці, сукупнасць дзяржаваўтворных фактараў. Абапіраючыся на гэты дакумент, у 2018—2020 гадах выйшаў пяцітомнік «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», падрыхтаваным калектывам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Галоўным рэдактарам выступіў А. А. Каваленя, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН РБ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1].

У працы ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці вылучаюцца тры значныя перыяды: дадзяржаўны (ад засялення тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны IX стагоддзя); перыяд гістарычных формаў дзяржаўнасці (другая палова IX — пачатак XX стагоддзя); перыяд нацыянальных формаў дзяржаўнасці (пачатак ХХ — пачатак XXI стагоддзя). У першым томе аналізуюцца падзеі і вынікі развіцця за самы працяглы адрэзак часу — са старажытных часоў і да канца XVIII ст., гэта значыць ад засялення тэрыторыі Беларусі і па падзелы Рэчы Паспалітай і ўваходжанне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі. Другі том прысвечаны выяўленню працэсу афармлення дзяржаўна-прававога статусу беларускіх зямель у складзе Расіі, аналізу зараджэння беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэі і беларускага нацыянальнага руху. У трэцім томе разглядаюцца галоўныя вехі гісторыі станаўлення і развіцця беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці з лютага 1917-га па верасень 1939-га. Чацвёрты том прысвечаны Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнам, а таксама аднаўленню і ўмацаванню дзяржаўных працэсаў (1939—1953). Пяты апісвае падзеі з 1953 года да сучаснасці[1].

Апісанне

Беларуская дзяржаўнасць разглядаецца як непарыўнае цэлае, якое мела ўвасабленне ў гістарычных і нацыянальных формах. Першыя адносяцца не толькі да беларускага, але і да іншых народаў, і маглі ўяўляць з сябе поліэтнічныя ўтварэнні. У іх рамках паступова фарміравалася, нягледзячы на розныя цяжкасці, дзяржаўнасць беларускага народа. У сутнасці другіх закладзена нацыянальны змест тытульнага этнасу. Да гістарычных формаў былі аднесены Кіеўская Русь, Полацкае і Тураўскае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя. Сярод нацыянальных названыя Беларуская Народная Рэспубліка, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Рэспубліка Беларусь[2][1].

Пачатковы этап афармлення дзяржаўнасці на сучаснай тэрыторыі краіны ўзводзіцца да IX і X стагоддзяў — часоў Полацкага і Тураўскага княстваў. Адзначаецца, што фарміраванне і зацвярджэнне палітычнай сістэмы з самастойнымі княжымі дынастыямі супадае з аналагічнымі працэсамі ў іншых еўрапейскіх народаў. Асабліва ўвага надаецца Полацку, які разам з Ноўгарадам і Кіевам выступаў адным з ключавых цэнтраў усходніх славян, адыграўшы ключавую ролю ў далейшым развіцці дзяржаўнасці на беларускіх землях[3][1].

Вялікае Княства Літоўскае названа дзяржавай, створанай продкамі як беларусаў, так і літоўцаў (гл. Цэнтрысцкая канцэпцыя). Падкрэсліваецца, што да агульнадзяржаўнага кіравання актыўна прыцягваліся прадстаўнікі шляхты з тэрыторый сучаснай Беларусі, а мовай дзяржаўнага справаводства выступала старабеларуская. Разам з тым у выніку складаных сацыяльна-эканамічных, палітычных і этнічных працэсаў, якія адбываліся на беларускіх землях у ХIV—ХVII стагоддзях, сфармавалася самастойная этнасацыяльная супольнасць — беларуская народнасць. Яна мела сваю гістарычную тэрыторыю, права, мову, кіруючую эліту, этнічную самасвядомасць, духоўна-культурныя каштоўнасці і агульнасць гаспадарчага жыцця[4][5].

Рэч Паспалітая на пачатковым этапе існавання названа канфедэрацыяй Каралеўства Польскага і Літвы, якая паступова эвалюцыянавала ў федэрацыю. Як заяўлена, былі створаны ўмовы для паступовай саслоўнай інтэграцыі польскага і беларуска-літоўскага шляхецтва. Пераймаючы польскія інстытуты палітычнай і грамадскай арганізацыі, культуру і мову, усё больш звяртаючыся да «польшчызны», беларускае (а таксама літоўскае) шляхецтва ўстала на шлях асіміляцыі. Гэта ў выніку прывяло да заняпаду і рэгрэсу культуры, істотна замарудзіла нацыянальнае развіццё беларусаў[6][7].

Перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі (канец XVIII—пачатак ХХ ст.) ахарактарызаваны як «эпоха фарміравання гістарычных перадумоў аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару, якія абумовілі магчымасць рэалізацыі нацыянальнай дзяржаўнасці». Пасля правалаў паўстанняў 1794, 1830—1831, 1863—1864 гадоў, накіраваных на аднаўленне Рэчы Паспалітай, «маладая беларуская нацыянальная эліта ўсвядоміла неабходнасць дамагацца рэалізацыі права свайго народа на самастойнае гістарычнае існаванне». Заяўлена, што кансалідацыя беларусаў у асобную нацыю была аб’ектыўным і заканамерным вынікам сацыяльных і геапалітычных працэсаў у перыяд індустрыяльнай цывілізацыі. Адначасова з нацыяй фарміравалася беларуская літаратурная мова, якая аказвала важны ўплыў на развіццё нацыянальнай самасвядомасці і культуры. Пераломным момантам у палітычным жыцці беларускіх зямель названа Першая сусветная вайна, якая рэзка абвастрыла нацыянальнае пытанне[8][9].

Згодна з канцэпцыяй, рашэнні I Усебеларускага з’езда (снежань 1917 года) засведчылі гатоўнасць грамадства да пабудовы нацыянальнай дзяржавы. Абвешчаная пазней Беларуская Народная Рэспубліка хоць і была практычным крокам да рэалізацыі гэтай ідэі, але з-за неспрыяльных абставінаў, перш за ўсё геапалітычнага характару, не змагла дамагчыся суверэнітэту. Беларуская Народная Рэспубліка як дзяржава не адбылася. Тым не менш, як напісана, «з яе абвяшчэннем пытанне беларускай дзяржаўнасці ўвайшло ў парадак дня еўрапейскай геапалітыкі»[10].

Пабудова дзяржавы на савецкай аснове аказалася больш паспяховай. Важным этапам далейшага паспяховага развіцця беларускай дзяржаўнасці быў перыяд уваходжання ў СССР. Вынікам савецкага перыяду было тое, што беларуская дзяржаўнасць набыла геапалітычную вагу і рэальны сацыяльна-эканамічны базіс. Асабліва падкрэсліваецца, што БССР стала адным з заснавальнікам ААН. У складзе СССР, па заяве аўтараў, краіна вырасла ў індустрыяльна развітую рэспубліку[10].

Крытыка

Беларускія крытыкі канцэпцыі Л. Крыштаповіч (доктар філалагічных навук) і У. Казлякоў (доктар гістарычных навук) у сумесным артыкуле «Квазігісторыя пад выглядам гісторыі беларускай дзяржаўнасці» (2019) пісалі, што з дапамогай яе беларускаму грамадству навязваецца «польска-шляхецкі погляд» на гісторыю, у адпаведнасці з якім гістарычны шлях Беларусі ніяк не ўпісваецца ў логіку развіцця «Рускай цывілізацыі», «Рускага свету». Спецыялісты назвалі падобную трактоўку фальсіфікацыяй айчыннай гісторыі[11].

У прыватнасці, Крыштаповіч і Казлякоў раскрытыкавалі аўтараў у тым, што канцэпцыя змешвае гісторыю народа з гісторыяй дзяржаўнасці[12]. Па асобных перыядах яны адзначылі:

  • Аб Полацкім княстве гаворыцца як аб гістарычнай форме беларускай дзяржаўнасці, але замоўчваецца аб тоеснасці дзяржаўнасці Полацкага княства з дзяржаўнасцю, напрыклад, Чарнігава, Разані і іншых[13];
  • У Вялікім Княстве Літоўскім усталявалася ўлада «антырускай палітычнай наменклатуры», якая не мела нічога агульнага з беларускай ментальнасцю. У якасці прыкладу навукоўцы прывялі выпадак дыскрымінацыі праваслаўных каталікамі. Сваю пазіцыю яны падмацоўвалі спасылкамі на літоўскіх і савецкіх гісторыкаў, якія лічылі, што дзяржава была выключна літоўскай[14];
  • БНР, на іх думку, ніякага дачынення да беларускай нацыянальнай самасвядомасці і беларускай дзяржаўнасці не мае, паколькі ўяўляла сабой «антыбеларускі праект антыбеларускіх дзеячаў». З іх слоў, дзяржава была фактычна марыянеткавым утварэннем, якое павінна было быць «інструментам палітыкі Захаду супраць Расіі»[15].

Расійскі гісторык У. Гудзіменка заявіў, што гаворка ідзе аб штучным вынаходстве гістарычнай традыцыі. У той жа час, са слоў навукоўца, у адрозненне ад Украіны, у Беларусі варта казаць не пра загадзя фальсіфікаваную гісторыю, а хутчэй пра «тэндэнцыйную інтэрпрэтацыю рэальных гістарычных фактаў». Галоўнай задачай канцэпцыі, на думку Гудзіменкі, стала абгрунтаваць узніклы ў выніку распаду Савецкага Саюза дзяржаўна-палітычны разлом паміж Расіяй і Беларуссю[16].

Расійскае дзяржаўнае СМІ EurAsia Daily пазначыла дадзеную трактоўку як «нацыяналістычную». Адзначана, што насельніцтву не тлумачаць, у чым розніца паміж гісторыяй беларускай дзяржавы і формамі дзяржаўнасці на цяперашніх беларускіх землях. У выніку, на думку медыя, фармуецца міф пра «тысячагадовую гісторыю беларускай дзяржаўнасці», які трактуецца як нібыта бясспрэчны навуковы факт[17].

Крыніцы

  1. а б в г Полетаевы 2020, с. 104.
  2. Данилович 2018, с. 10.
  3. Данилович 2018, с. 11.
  4. Данилович 2018, с. 11—12.
  5. Полетаевы 2020, с. 104—105.
  6. Данилович 2018, с. 12.
  7. Полетаевы 2020, с. 105—106.
  8. Данилович 2018, с. 12—13.
  9. Полетаевы 2020, с. 106—107.
  10. а б Данилович 2018, с. 13.
  11. Криштапович и Козляков 2019, с. 100—101.
  12. Криштапович и Козляков 2019, с. 101.
  13. Криштапович и Козляков 2019, с. 102.
  14. Криштапович и Козляков 2019, с. 104—105.
  15. Криштапович и Козляков 2019, с. 107.
  16. Гудименко В. Д. Национализм в Белоруссии: Двуликий Янус // Вопросы национальных и федеративных отношений. — 2020. — В. 11(68). — Т. 10. — С. 2649—2659.
  17. Максим Самойлов. Великое княжество Литовское никогда не было «белорусским государством» // EurAsia Daily, 31 декабря 2019

Літаратура

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya