Карнеліу Зеля Кадрану
Карнеліу Зеля Кадрану[6] (рум.: Corneliu Zelea Codreanu, korˈneliu ˈzele̯a koˈdre̯anu), па нараджэнні Карнеліу Зялінскі (рум.: Corneliu Zelinski; 13(25)[7] верасня 1899, Хушы, жудзец Васіль, Румынія — 30 лістапада 1938, Тынкэбешць, жудзец Ільфаў, Румынія) — румынскі ўльтраправы палітычны дзеяч XX стагоддзя, заснавальнік і лідар руху «Легіён Архангела Міхаіла», больш вядомага як «Жалезная гвардыя», або «легіянерскі рух». Легіянеры-члены Жалезнай гвардыі называлі яго паважліва «кэпітанул» (рум.: căpitanul — капітан). З 1919 года Кадряну быў членам нацыяналістычнай «Гвардыі нацыянальнай свядомасці». У 1923 годзе разам з Аляксандру Кузай ён заснаваў фундаменталісцкую Лігу нацыянальнай хрысціянскай абароны, якую пакінуў праз два гады з-за ідэалагічных рознагалоссяў. У 1927 годзе ён стварыў праваслаўны рух ордэнскага тыпу «Легіён Міхаіла Архангела», вядомы як «Жалезная гвардыя». Заўзяты антыкамуніст і антысеміт, Кадрану быў схільны да рэлігійнага містыцызму і імкнуўся пры падтрымцы Румынскай Праваслаўнай Царквы данесці да народа заклік да духоўнага ачышчэння. Падтрымліваючы ваенна-палітычнае супрацоўніцтва з Германіяй, ён адначасова выступаў супраць спроб скапіяваць нямецкі нацыянал-сацыялізм і расавую тэорыю. Кадрану хутка падняўся па кар’ернай лесвіцы румынскай палітыкі і ў 1931 годзе быў абраны ў Палату дэпутатаў. У 34 гады ён напісаў кнігу «Маім легіянерам», якая была перакладзена на мноства моў свету. Будучы членам парламента, Кадрану ўступіў у адкрыты канфлікт з дэмакратычнымі сіламі, кіраванымі румынскім каралём Каралем II, і стаў прымяняць тэрарыстычныя метады для дасягнення сваіх мэт. 17 красавіка 1938 года непажаданы ўладам «капітанул» быў арыштаваны па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе і прысуджаны да 10 гадоў катаргі, а ў ноч з 29 на 30 лістапада 1938 года расстраляны жандарамі ў Тынкабешцкім лесе (жудзец Ільфаў) нібыта пры спробе ўцёкаў. Цяпер асоба Кадрану прыцягвае ўсіх сучасных ультраправых, асабліва ідэолагаў «трэцяга шляху». У Румыніі ёсць афіцыйна зарэгістраваны рух «Новыя правыя», члены якога лічаць сябе правапераемнікамі Жалезнай гвардыі Кадрану; падобныя партыі, якія трымаюцца такой самай ідэалогіі і лічаць Кадрану сваім кумірам, ёсць і ў шэрагу іншых краін. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia