Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Налібакі)
Касцё́л Унебаўзя́цця Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Налібаках Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры эклектыкі з рысамі мадэрна і неарэнесансу, доўгі час лічыўся найвялікшым цагляным храмам Беларусі[1]. ГісторыяПершы драўляны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках, заснаваны ваяводам смаленскім Пятром Гедыгольдавічам, згадваецца ў 1447 годзе. Парафія, дзе на той час служыў пробашч Шукан, існуе з XV стагоддзя. У 1636 годзе канцлер вялікі літоўскі Альбрэхт Станіслаў Радзівіл фундаваў у мястэчку новы драўляны храм, які быў знішчаны падчас войнаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім царствам. Новы драўляны барочны касцёл збудавалі ў Налібаках толькі ў 1699 годзе[1]. За часамі, калі Налібакі ўваходзілі ў склад Польскай Рэспублікі, яшчэ існаваў старадаўні храм, аднак хутка ў ім перастала хапаць месца. Побач было вырашана паставіць новы мураваны касцёл, працы па ўзвядзенні якога пачаліся ў 1935 годзе[2] намаганнямі ксяндза Юзафа Байкі, які меў інжынерную адукацыю, і адмыслова створанага камітэта. Для пабудовы з мясцовай гліны выраблялася цэгла, дзейнічала піларама. Да пачатку Другой сусветнай вайны былі ўзведзены толькі сцены храма. У 1943 годзе нацысты расстралялі ў Налібоцкай пушчы пробашча Юзафа Байку, а стары драўляны касцёл быў спалены. У недабудаваным стане новая святыня прастаяла да пачатку 1990-х гадоў, адзін час у ёй планавалася нават зрабіць саўгасны клуб. У 1990 годзе пад кіраўніцтвам новага ксяндза Мар’яна Шэршаня парафія была адроджана, працягнута ўзвядзенне касцёла, скончанае ў 1994 годзе. У будаўніцтве і аздабленні ўнутранай прасторы прымала ўдзел уся вёска, алтар распісваў мясцовы мастак. У тым жа годзе храм быў урачыста кансэкраваны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, аднак у парафіі ўшаноўваецца таксама і другі апякун — Святы Барталамей[3]. На тэрыторыі побач з касцёлам знаходзяцца могілкі, побач з самім будынкам размешчаны капліца, званіца, скульптурныя кампазіцыі. Агароджа разам з брамай захаваліся ад старадаўняга храма і датуюцца XIX стагоддзем[4]. У 2007 годзе будынак налібацкага касцёла быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. АрхітэктураРазмешчаны на паўднёвай ускраіне вёскі. Помнік архітэктуры эклектыкі з рысамі мадэрна і неарэнесансу[5], позняга барока[4]. Уяўляе з сабе трохнефавую бязвежавую базіліку з трансептам. Прамавугольны ў плане аб’ём храма пераходзіць у працяглую прамавугольную двухярусную апсіду з бакавымі сакрысціямі. Прыбудовы да бакавых фасадаў квадратных у плане крылаў трансепта і нартэкса пад вальмавымі дахамі ўносяць элемент асіметрыі ў кампазіцыю касцёла. Франтальны і алтарны фасады завершаны фігурнымі шчытамі з круглым акном-ружай па цэнтры. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, паўкруглымі люкарнамі над імі і парнымі лапаткамі ў прасценках[5]. Будынак дасягае 40 метраў у даўжыню, 18 метраў у шырыню, вышыня цэнтральнага нефа складае 14 метраў. Унутраная прастора храма падзелена на тры нефы магутнымі аркадамі на чатырохгранных устоях і перападам вышынь нефаў, перакрытых драўлянай бэлечнай столлю. Апсіда вылучана шырокім арачным прасветам, на першым пілоне ад яе навешана паўкруглая кафедра амбона. Над прытворам шырокай аркай падтрымана антрэсоль хораў[5]. У касцёле знаходзяцца 5 вялікіх і 5 маленькіх алтароў. Капліца, размешчаная побач з касцёлам, пабудавана ў канцы XX стагоддзя, з’яўляецца помнікам народнага дойлідства. Вырашана прамавугольным у плане зрубам пад двухсхільным дахам, завершаным над трохвугольным франтонам фасада сігнатуркай. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў дашчаных ліштвах. Адзін са званоў на званіцы быў закапаны ў зямлю прыхаджанамі падчас вайны, іншы быў прывезены з Аўстраліі ўраджэнцамі Налібакаў[1]. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia