Леанід Леанідавіч Судаленка
Леанід Леанідавіч Суда́ленка (нар. 23 верасня 1966) — беларускі праваабаронца, палітычны зняволены рэжыму Лукашэнкі. БіяграфіяНарадзіўся ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Юрыст па адукацыі, скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў па спецыяльнасці ў розных арганізацыях. У 2006 годзе ўвайшоў у ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, пасля чаго з ім не працягнулі кантракт у гомельскім упраўленні «Белтрансгаза». Судаленка ўладкаваўся працаваць інспектарам па працы ў незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Пасля пачаў супрацоўнічаць з праваабарончым цэнтрам «Вясна». Атрымаў дадатковую адукацыю ў Беларускім доме правоў чалавека. У 2016 годзе Судаленка ўдзельнічаў у гучным судовым працэсе аб гібелі 13-гадовай школьніцы падчас уборкі бульбы ў калгасе «Усход-Агра». Суд стаў на бок калгаса, аднак упершыню ў беларускай практыцы прызначыў буйную грашовую кампенсацыю; на думку праваабаронцы Андрэя Стрыжака, у прызначэнні буйной кампенсацыі ёсць вялікая заслуга Судаленкі. Таксама ён актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні працоўных спрэчак і дапамагаў рыхтаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. У 2020 годзе Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу ў абскарджанні прысудаў суда за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Гомелі пасля прэзідэнцкіх выбараў[1]. Палітычны пераследСтаршыня гомельскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна». У час пратэстаў у Беларусі і рэпрэсій з боку ўладаў арыштаваны 18 студзеня 2021 года ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У той жа дзень адбыўся ператрус у офісе Грамадска-палітычнага цэнтра, дзе месцілася філія. 20 студзеня 2021 года сумеснай заяваю дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным. 16 чэрвеня 2021 года шэфства над палітвязнем узяў Канстанцін фон Ноц, дэпутат Бундэстагу[2]. Закрыты судовы працэс распачаўся 3 верасня 2021 года ў Гомелі. Дапамогу людзям — юрыдычную, фінансавую — улады трактавалі як «арганізацыю і фінансаванне беспарадкаў»[3]. 3 лістапада Леаніду Судаленку прысудзілі 3 гады турмы[4]. Леанід Судаленка цалкам адбыў тэрмін прызначанага пакарання і выйшаў на волю 21 ліпеня 2023 года. Праз два тыдні пасля гэтага ён з’ехаў з Беларусі[5]. 1 лістапада 2023 года супраць Судаленкі распачалі новую крымінальную справу[6]. 17 чэрвеня 2024 года Судаленку па дзвюх частках крымінальнага артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці завочна прыгаварылі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму, а таксама да штрафу[7]. УзнагародыЗа праваабарончую дзейнасць атрымаў французскую Прэмію «Свабода-Роўнасць-Братэрства» за 2018 год. У 2019 годзе беларускай праваабарончай супольнасцю быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека як «Праваабаронца года». Разам з арыштаванымі калегамі па «Вясне» Марфаю Рабковай, Таццянаю Ласіцаю, Андрэем Чапюком вясной 2021 года атрымаў прэмію «Чалавек чалавеку» , узнагароду ў галіне правоў чалавека, за 2020 год[8][9]. У ліку чатырох беларускіх юрыстаў уганараваны прэміяй «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцей Еўропы[10]. Узнагароджаны медалём Няскораных (Ларысы Геніюш) 3 жніўня 2024 года[11]. Асабістае жыццёЖанаты, у сям’і Судаленкаў чацвёра сыноў[1]. Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia