Лемяшэвічы (археалагічны помнік)
Лемяшэвічы — археалагічны помнік, паселішча неаліту, бронзы і жалезнага веку за 3 км на поўнач ад в. Лемяшэвічы (Пінскі раён, Брэсцкая вобласць), на правым беразе р. Прыпяць, на пясчаным узвышшы (вышыня 2—3,5 м) сярод забалочанай поймы. Адкрыла і даследавала 700 м² у 1980—1981 гг. В. С. Вяргей. У 1990 г. С. Я. Рассадзін даследаваў 108 м². Культурны пласт 0,3—0,4 м. У рэчавым комплексе вылучаны матэрыялы нёманскай культуры (тронкавыя наканечнікі стрэл, скрабкі, ножападобныя пласціны, праколкі, іншыя вырабы і загатоўкі з крэменю, фрагменты ляпных пасудзін) кола культур шнуравой керамікі (крамянёвы трохвугольны наканечнік стралы з выемкай у аснове, сярпы валынскага тыпу, наканечнік дроціка, рэшткі ляпных пасудзін са шнуравым і пракрэсленым арнаментам). Выяўлены рэшткі заглыбленых у мацярык жытлаў плошчай каля 9 м² з адкрытымі агнішчамі на падлозе, якія належалі насельніцтву мілаградскай культуры, і каля 100 гаспадарчых ям. Знойдзена каля 4 тыс. фрагментаў ляпной керамікі, а таксама прылады працы, зброя, прадметы побыту і ўпрыгажэнні з жалеза, бронзы, шкла. Найбольш поўна прадстаўлены рэчы мілаградскай культуры: плоскі жалезны 2-шыпавы наканечнік стралы (VII—VI ст. да н.э., аналагі ў ранніх пластах гарадзішчаў дзякоўскай культуры), маленькія шпількі са спіральным навершам (сустракаюцца на помніках позняга бронзавага веку), скіфская завушніца (VI—V стст. да н.э.), бронзавыя наканечнікі стрэл (IV—III стст. да н.э.), гліняныя крыжападобныя грузікі, таўстасценныя гаршкі, аздобленыя валікам, гаршкі з высокай адагнутай шыйкай і пукатым тулавам і інш. Знойдзены рэчы зарубінецкай культуры (II ст. да н.э.—I ст. н.э.), у тым ліку грубаляпныя гаршкі з шурпатай або бугрыстай паверхняй, глянцаваныя міскі, кубкі з вушкам, накрыўкі, фрагмент сярпа, нажы. Да вельбарскай культуры II—IV стст. належаць 14-гранныя фіялетавыя, шарападобныя зеленаватыя шкляныя, чорныя, белыя і чырвоныя паставыя пацеркі, бронзавая падвязная фібула, вядзёркападобныя падвескі і інш. Магчыма, на гэтым узвышшы размяшчаўся могільнік насельніцтва вельбарскай культуры. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia