Луі Даву
Луі Нікаля Даву (фр.: Louis-Nicolas Davout або D’Avout, Davoust; 10 мая 1770, Ану, Шампань — 1 чэрвеня 1823, Парыж) — французскі ваенны дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Аўэрштэцкі (1808), прынц Экмюльскі (1809). БіяграфіяНарадзіўся ў арыстакратычнай сям’і, старэйшы з дзяцей кавалерыйскага лейтэнанта Жана-Франсуа д’Аву (Jean-François d’Avout; 1739—1779) і Франсуазы-Адэлаіды Мінар дэ Велар (Françoise-Adelaide Minard de Velars; 1741—1810). Скончыў ваеннае вучылішча ў Асеры ў 1785 і Парыжы ў 1778. гадах У 1789 годзе падтрымаў рэвалюцыю і перайшоў у рэвалюцыйную армію, пасля чаго ў 1793 годзе стаў генералам. Удзельнічаў у вайне супраць першай антыфранцузскай кааліцыі, грамадзянскай вайне ў Вандэі, Егіпецкай і Італьянскай кампаніях. Даву лічыўся адным з выдатнейшых палкаводцаў Напалеона. У 1807—1808 гадах быў генералам-губернатарам Варшаўскага герцагства. З 1811 года камандзір першага Эльбскага абсервацыйнага корпуса, які ў студзені 1812 года быў ператвораны ў 1-ы корпус «Вялікай арміі» для вайны супраць Расіі. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 года Даву спрабаваў акружыць другую рускую армію П. І. Баграціёна; заняў 23 чэрвеня Валожын і 26 чэрвеня Мінск, чым парушыў сувязь паміж рускімі арміямі. Праз недысцыплінаванасць Жэрома Банапарта, які адмовіўся падначаліцца Даву, Баграціён здолеў адысці на Бабруйск. Праследуючы 2-ю армію, Даву ўзяў Магілёў, у баі каля Салтанаўкі адкінуў Баграціёна на поўдзень, але не змог перашкодзіць яго пераправе на левы бераг Дняпра. 22 ліпеня 1-ы корпус злучыўся з галоўнымі сіламі Напалеона каля Дуброўны, у далейшым удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 года. У Барадзінскай бітве Даву быў паранены. Пры адступленні з Масквы Даву камандаваў ар’ергардам арміі, жорсткімі мерамі здолеў захаваць дысцыпліну ў сваім корпусе. У 1813—1814 гадах камандзір 13-га корпуса, кіраваў абаронай Гамбурга. У час «Ста дзён» Напалеона быў ваенным міністрам. Пры другой рэстаўрацыі Бурбонаў звольнены з арміі і да 1817 года высланы пад нагляд паліцыі. Пасля бітвы пры Ватэрлоа Даву высунуў саюзнікам патрабаванне абвясціць поўную амністыю ўсім асобам, якія ўдзельнічалі ў рэстаўрацыі Напалеона. У выніку перамоў саюзнікі былі вымушаны прыняць яго патрабаванне. Даву быў адзіным маршалам Напалеона, які ніколі не прыносіў прысягу Бурбонам. У 1818 годзе Даву быў дапушчаны да двара Людовіка XVIII, а ў 1819 годзе ўзведзены ў пэры Францыі. Памёр Даву 1 чэрвеня 1823 года ў Парыжы ад туберкулёзу лёгкіх. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia