Ліскі (археалагічныя помнікі)Ліскі — група археалагічных помнікаў — гарадзішча і курганны могільнік каля аграгарадка Ліскі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. У вёсцы на левым беразе ракі Ведрыч існавала паселішча бронзавага і жалезнага вякоў і больш позняга часу. ГарадзішчаГарадзішча мілаградскай культуры знаходзіцца за 3 км на поўдзень ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок (Зарэцк), на ўзвышшы правабярэжнай поймы ракі Ведрыч. Пляцоўка трохвугольная, з закругленымі вугламі, умацавана валам вышынёй каля 2,5 м, шырынёй 16—18 м, з усходу — дадатковым валам вышынёй каля 1 м, шырынёй 6—8 м і ровам глыбінёй 0,5—0,75 м, шырынёй 2—4 м. Выявіў у 1976 годзе Г. В. Штыхаў, даследаваў 2620 м², у 1980—1983 гадах М. І. Лашанкоў. Першапачаткова вал быў насыпаны на вышыню 1,5 м, шырыню 8 м і быў абкладзены бярвёнамі. У выніку рэканструкцыі яго вышыня павялічылася да 2,2 м, шырыня — да 18 м. Апошняя падсыпка павялічыла вал да 3 м. Культурны пласт у цэнтры 0,3—0,4 м, каля вала 0,6—0,7 м. Выяўлена каля 15 ям гаспадарчага прызначэння глыбінёй 0,2— 0,55 м, дыяметрам 0,4—0,8 м або памерамі 1,25—1,95×0,45—0,75 м. Слупавыя ямы належалі наземным драўляным пабудовам, рэшткі якіх не захаваліся. Знойдзена больш за 30 тыс. фрагментаў гліняных ляпных гаршкоў 4 тыпаў: з яйкападобным тулавам, круглаватым дном і адагнутым вонкі венчыкам; з шарападобным тулавам і вертыкальным венчыкам; слабапрафіляваныя з круглаватым тулавам і дном, зрэзаным верхам і выразным венчыкам; прысадзістыя з круглавата-пляскатым тулавам, закругленым дном і загнутым у сярэдзіну краем без выразнай шыйкі. Частка керамікі па шыйцы арнаментавана скразнымі праколамі, ямкавымі ўцісканнямі палачкай, пальцавымі і пазногцевымі ўцісканнямі і інш. Сярод знаходак: крамянёвыя наканечнік стралы, сякера, вастрыі, праколка, пласціны, нож, укладышы, адшчэпы, рэтушоры; каменныя ступа, таўкачы, сякеры, зерняцёркі; 2 бронзавыя люстэркі; жалезныя сярпы, касар, абломкі сякер, нажы, іголка, шылы, утулкавы наканечнік стралы, шпількі (посаха-, цвікападобныя і з кальцавым навершам), гладкія і арнаментаваныя бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, 3 пацеркі, падковападобная фібула балцкага тыпу, гліняныя прасліцы (ражковыя, круглаватыя, біканічныя, канічныя, посуда-, цыліндра-, шпулепадобныя і інш.), косткі свойскіх і дзікіх жывёл. Датуецца VII—III стст. да н.э. Курганны могільнікКурганны могільнік дрыгавічоў знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, на ўскрайку лесу за чыгуначным пераездам. 27 курганоў вышынёй 0,4—1,5 м, дыяметрам 5—11 м. Выявіў і даследаваў 2 насыпы ў 1981 годзе М. І. Лашанкоў. У адным кургане знойдзены фрагменты ганчарнай керамікі і попельна-вугальная праслойка, у другім — пахаванне па абраду трупапапажэння на падсыпцы галавой на захад. Каля ног нябожчыка выяўлены цвікі, каля галавы — абломкі ганчарнага посуду і пояс, каля рук — 2 бронзавыя кольцы і прамавугольная спражка. Датуецца XI—XII стагоддзямі. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia