Манументальная скульптура![]() Манументальная скульптура — гэта від скульптурнага мастацтва, прызначаны для ўшанавання значных гістарычных падзей або выбітных асоб. Звычайна такія творы ўвасабляюць ідэі вялікай грамадскай значнасці. Да манументальнай скульптуры адносяцца выявы ідалаў, помнікі, манументы, стэлы, памятныя статуі, бюсты, рэльефы і іншыя мастацкія аб’екты[1]. У адрозненне ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, манументальная скульптура мае адносна самастойны мастацкі вобраз у структуры ансамбля, часткай якога з’яўляецца. Яна характарызуецца буйнымі памерамі, маштабнасцю, абагульненасцю пластыкі, героіка-эпічным характарам і з’яўляецца арганізуючым элементам архітэктурнага або прыроднага асяроддзя. Манументальныя творы прызначаны для ўспрымання з вялікай адлегласці і працяглага існавання, таму іх звычайна размяшчаюць на адкрытых прасторах — на ўзвышшах, курганах або штучна створаных насыпах. Для стварэння манументальных скульптур выкарыстоўваюцца трывалыя матэрыялы, такія як мармур, граніт, бронза, медзь, сталь і іншыя[1]. Важную ролю ва ўспрыманні манументальнай скульптуры адыгрываюць актыўны сілуэт і абагульненая трактоўка аб'ёмаў[2]. Гісторыя развіцця манументальнай скульптуры![]() Манументальная скульптура вядома з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў. Яна праслаўляла багоў, уладароў і герояў. Да такіх помнікаў адносяцца статуі фараонаў і сфінксы ў Старажытным Егіпце, выявы багоў, герояў і атлетаў у Старажытнай Грэцыі і Рыме[1]. Класічным узорам антычнай манументальнай скульптуры з’яўляецца статуя Марка Аўрэлія ў Рыме (161—180)[2]. ![]() У сярэднявеччы манументальная скульптура працягвала сваё развіццё, а найбольшага росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння. Прыкладам можа служыць статуя «Давід» Мікеланджэла, створаная ў Фларэнцыі ў 1501—1504 гг[1]. У эпоху барока стылістыка манументальных твораў адышла ад героіка-эпічнай манументальнасці і набыла дэкаратыўныя рысы. З канца XVIII стагоддзя развіццё манументальнай скульптуры было звязана пераважна з сцвярджэннем дзяржаўнага пафасу і асветніцкіх ідэалаў[1]. ![]() Да выбітных твораў гэтага перыяду адносяцца: помнік Пятру I ў Санкт-Пецярбургу (1766—1778, скульптар Эцьен Фальканэ), помнік К. Мініну і Дз. Пажарскаму ў Маскве (1804—1818, скульптар Іван Мартас), «Грамадзяне Кале» (1884—1886) і помнік А. дэ Бальзаку (1893—1897, абодва створаныя А. Радэнам), скульптурная кампазіцыя «Рабочы і калгасніца» (1937, скульптар Вера Мухіна)[1]. У XX стагоддзі манументальная скульптура актыўна выкарыстоўвалася пры стварэнні мемарыяльных ансамбляў, звязаных з драматычнымі гістарычнымі падзеямі. Напрыклад: скульптурная група Ф. Крэмера ў Бухенвальдзе (1952—1958), мемарыял Я. Вучэціча на Мамаевым кургане ў Валгаградзе (1963—1967)[1]. Манументальнай скульптуры не чужыя, аднак, больш інтымныя і лірычныя рашэнні. Да такіх, напрыклад, адносяцца шматлікія партрэтныя помнікі паэтам, мастакам, кампазітарам, створаныя ў XIX стагоддзі і ў 1970—1980-х гадах. Многія з іх утвараюць своеасаблівае пераходнае звяно ад героіка-эпічнай манументальнай пластыкі да дэкаратыўнай скульптуры[2]. Манументальная скульптура ў БеларусіУ Беларусі вытокі манументальнай скульптуры звязаны з выявамі язычніцкіх ідалаў (напрыклад, Шклоўскі ідал). Да XX стагоддзя яна не атрымала шырокага распаўсюджання. У 1920-1930-я гады скульптурныя творы былі падпарадкаваны плану манументальнай прапаганды і мелі пераважна часовы характар[1]. З 1950-х гадоў актыўна ствараліся помнікі і мемарыяльныя комплексы, прысвечаныя героям Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх помнік В. І. Талашу ў Петрыкаве (1951, скульптар З. Азгур), помнік С. Грыцаўцу ў Мінску (1951, скульптар З. Азгур); помнік К. Заслонаву ў Оршы (1955, скульптар С. Селіханаў); помнік М. Казею ў Мінску (1959, скульптар С. Селіханаў); мемарыяльны комплекс экіпажу самалёта М. Гастэлы каля Радашковічаў (1964—1975, скульптар А. Анікейчык, архітэктары В. Занковіч, Л. Левін); помнік А. Гараўцу ў Віцебску (1995, скульптары А. Арцімовіч, М. Інькоў, М. Канцавы, архітэктар В. Рыбакоў) і інш[1]. ![]() Манументальная скульптура шырока прадстаўлена ў мемарыяльных комплексах: «Брэсцкая крэпасць-герой», «Хатынь», «Мінск — горад-герой», манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Быхаўскі раён), «Праклён фашызму» (Докшыцкі раён) і інш[1]. Акрамя таго, у Беларусі ўсталявана шмат помнікаў выбітным дзеячам нацыянальнай гісторыі і культуры: Янку Купалу (скульптары А. Анікейчык, А. Заспіцкі, Л. Гумілеўскі, архітэктары Ю. Градаў, Л. Левін, 1972), Якубу Коласу (скульптар З. Азгур, архітэктары Ю. Градаў, Л. Левін, 1972), Максіму Багдановічу (скульптар С. Вакар, архітэктар Л. Маскалевіч, 1982) ў Мінску; Францішку Скарыну ў Полацку (скульптары А. Глебаў, І. Глебаў, архітэктар В. Марокін, 1974), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (скульптар С. Гарбунова); Янку Купалу ў в. Ляўкі (скульптар А. Анікейчык, 1982), Кірылу Тураўскаму ў Тураве (скульптар М. Інькоў, 1992), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульптар А. Арцімовіч, 1993), Аляксандру Пушкіну у Мінску (скульптар Ю. Арэхаў, архітэктар І. Грыгор’еў, 1999) і Мазыры (скульптар Вараб’ёў, 1999)[1]. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia