Маскавічы (гарадзішча)
Ма́скавічы, або Маскаўцы — гарадзішча днепра-дзвінскай культуры каля в. Маскавічы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 0,3 км на поўдзень ад вёскі, на беразе воз. Дзерба. АпісаннеПляцоўка няправільнай формы, плошчай 1 га. З паўночнага і ўсходняга боку абкружана балоцістай нізінай, з захада — возерам. Паўночны бок мае плаўны схіл. ГісторыяНа рубяжы нашай эры гарадзішча было ўмацавана драўляным плотам, у XI—XII стагоддзях на ім зроблены сцены з тоўстых гарызантальна пакладзеных бярвёнаў. У XII—XIII стагоддзях з’яўлялася памежнай крэпасцю на паўднёва-заходняй ускраіне Полацкага княства, магчыма, было сядзібай-замкам, або гандлёвай факторыяй. На пасяленні жылі славяне (крывічы), прадстаўнікі ўсходнебалцкіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў. Знаходкі абломкаў касцей з рунічнымі надпісамі сведчаць аб наяўнасці на гарадзішчы слядоў скандынаваў. Даследаванні![]() Выявіў у XIX стагоддзі Ф. В. Пакроўскі (як Рацішскае гарадзішча). Абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе — М. М. Чарняўскі. У 1976—1988 гадах раскопкі праводзіла Л. У. Дучыц — ускрыта 2200 м² плошчы. Культурны пласт у цэнтры, на паўночным і заходнім схілах ад 0.2 да 0.3 м, на заходняй тэрасе дасягае 1.2 м. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, жалезныя нажы, замкі, ключы, крэсівы, нажніцы, сякеры, косы, сярпы, прыстасаванні для рыбнай лоўлі, конская збруя і рыштунак конніка, наканечнікі стрэл і дзідаў, шпоры, страмёны, вырабы з косці: грабяні, гузікі, праколкі, тронкі нажоў, керамічныя і шыферныя прасліцы, бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі, фібулы, пацеркі і інш. Выяўлены 4 крыжы-энкалпіёны. На адным з іх на вонкавым баку распяцце, на адваротным — выява Маці Божай з дзіцём. З абодвух бакоў па краях — медальёны з выявамі святых. Два іншыя складні па форме аднолькавыя, у іх расшыраныя канцы з кроплепадобнымі выступамі па вуглах. Адзін з іх упрыгожаны эмаллю і пазалотай. Рэшткі пабудоў не былі выяўлены, аднак ускосныя дадзеныя сведчаць пра комплексную забудову гарадзішча. Верагодна, жытлы былі наземныя, зрубавыя, па форме блізкія да квадрата, памерамі 16—25 м². Пад ніжнімі вугламі знойдзены драўляныя і мураваныя падкладкі. Сцены былі складзены з круглых абчасаных бярвёнаў дыяметрам 0.15—0.2 м, пазы абмазваліся глінай. Падлога была драўлянай і глінабітнай з пясчанай, або глініста-земляной падсыпкай. Печы — глінабітныя на слупавых апечках. Адна печ даўжынёй 1 м, шырынёй 0.6 м, вышынёй скляпення 0.6 м захавалася добра, у ёй знойдзены вуголле, рэшткі керамікі і бронзавы арнаментаваны бранзалет. Гаспадарчыя ямы памерамі ад 0.5×0.5 м да 1×1.5 м былі заглыблены ў мацярык на 0.1—1.2 м. Сценкі некаторых абмазаны глінай, і верагодна, што ў іх захоўваліся харчовыя прыпасы. У 1982, 1983, 1985 і 1988 гадах у возеры Дзерба, якое прымыкае да гарадзішча, праводзіліся гідраархеалагічныя даследаванні і падводныя раскопкі. У культурным пласце 0.2—0.3 м былі знойдзены цыліндрычны замок, шыфернае прасліца, фрагмент сіняга шклянога пярсцёнка, медная блешня, кераміка і іншае. Гэта дае падставу меркаваць пра існаванне на гэтым месцы пасада, які з цягам часу апынуўся пад вадой. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры, Полацкім краязнаўчым музеі. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia