Мастацтва ПольшчыНайбольш раннія помнікі выяўленчага мастацтва на тэрыторыі Польшчы адносяцца да канца палеаліту — касцяныя наканечнікі дзідаў з зааморфнымі выявамі, неаліту — арнаментаваныя пасудзіны, статуэткі жанчын, бурштынавыя выявы птушак і звяроў, і бронзавага веку — вазы з зааморфным аздабленнем, урны з выявамі твару чалавека, кераміка, фібулы і інш. У IX—X стст. на язычніцкіх капішчах ставілі драўляныя і каменныя скульптурныя выявы багоў, якія вызначаліся абагульненасцю і статычнасцю форм. Пасля прыняцця ў 966 хрысціянства пашырылася дэкаратыўнае аздабленне храмаў, прыкладам чаго можа служыць пляцёнкавы арнамент на калонах Вавельскага кафедральнага сабора і інш. ![]() ![]() ![]() З другой паловы XII ст. ў мастацтве Польшчы дамінаваў раманскі стыль. Пад уплывам французскага і нямецкага мастацтва развіваліся скульптура — рэльефы на тымпанах парталаў касцёлаў Святой Тройцы ў Стшэльне і Дзевы Марыі «на пяску» ва Уроцлаве, на дзвярах касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне і інш.), манументальны жывапіс — фрэска ў касцёлах у Туме , Чэрвіньску над Віслан і інш., кніжная мініяцюра. Унікальны твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — каранацыйны меч «Шчэрбец» 1230 года, аздоблены гравіроўкай. ![]() Пад уплывам школы разьбяроў з Марбурга ствараліся статуі святых, такія як «Мадонна» з Вісліцы, 1280; «Саламея» з Глогава, 1290, і інш., надмагіллі са скульптурнымі выявамі Генрыха IV Пробуса ў касцёле Святога Крыжа ва Уроцлаве, 1300—1310; Казіміра III Вялікага ў Вавельскім саборы, 1370—1382 гг., і Уладзіслава II (Ягайлы) на Вавелі, 1440. Драўляная скульптура развівалася ў рэчышчы «мяккага стылю» («Мадонны на льве» са Скальбмежа, 1370; «П’ета» з Бронзава, 1384; «Укрыжаванне» з Ша- мотул, 1410, і інш.). Экспрэсіўнасцю вобразаў вызначаюцца фрэскі касцёлаў («Пакутніцтва св. Цэцыліі» і «Пакутніцы» ў Непаламіцах, 1360; «Разумныя дзевы» ў Лодзі, 1370; «Св. Матфей і Св. Ядвіга» ў Тшэбуні, 1400, і інш.). На стылістыку гатычных размалёвак XV ст. паўплываў візантыйскі стыль, гэта тычыцца, напрыклад, фрэсак віленскага майстра Андрэя ў каралеўскай капліцы ў Любліне, 1418; Свентакшыскай капліцы ў Кракаве, касцёлах у Сандаміры, Гнезне і інш.). ![]() ![]() ![]() ![]() У другой палове XV ст. дамінаваў «ломаны» стыль позняй готыкі, які вызначаўся сінтэзам ідэалістычных і натуралістычных матываў. Гэты стыль увасобіў у алтары касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1477—1489) і надмагіллі Казіміра IV Ягелончыка на Вавелі (1492) скульптар Ф. Штос. Алтарны жывапіс развіваўся пад уплывам нідэрландскага і нямецкага мастацтва ранняга Адраджэння (алтар Святой Барбары ў Вроцлаве, 1447; алтарныя кампазіцыі «Зняцце з крыжа» ў Вавельскім кафедральным саборы; «Аплакванне» ў касцёле ў Олькушы, мастак Ян Вялікі , 1485). У кампазіцыі насценных размалёвак уключаліся пейзажныя і жанравыя матывы. Познегатычнай вытанчанасцю форм і майстэрствам апрацоўкі вызначаюцца творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (карона Казіміра III Вялікага, чаша Тынецкага абацтва , брамы ратушы ва Уроцлаве і інш.). ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() У канцы 15 — пачатку 16 ст. са станаўленнем гуманістычных ідэй склалася культура Адраджэння. У скульптуры пашырыўся тып надмагілля-саркафага ў нішы з выявай памерлага на верхняй пліце (надмагілле Яна Ольбрахта ў Вавельскім кафедральным саборы, скульптар Ф. Ф'ёрэнціна, 1505). Уплывамі фларэнційскай школы вызначаюцца надмагілле Жыгімонта І, статуі св. Пятра і св. Жыгімонта ў Жыгімонтаўскай капліцы на Вавелі (1519—33, майстар Б. Бярэчы), надмагілле Барбары Тарноўскай у Тарноўскім кафедральным саборы (1536, скульптар Дж. М. Падавана), маньерызму — надмагіллі Жыгімонта II Аўгуста ў Жыгімонтаўскай капліцы (1573, скульпт. С. Гучы), Стэфана Баторыя (1595, скульптар Гучы, усе на Вавелі). Рысы рэнесансу найбольш яскрава выявіліся ў мініяцюры (ілюстрацыі да «Кодэкса Балтазара Бэхема » са статутамі кракаўскіх цэхаў, 1505, да малітоўніка Жыгімонта І Старога, мастак Станіслаў Самастшэльнік). У алтарным жывапісе рысы позняй готыкі спалучаліся з рэнесансавымі тэндэнцыямі (паліпціх Св. Яна ў касцёле Св. Катажыны ў Кракаве, мастак І. Лібнаў). Дэкаратыўнымі фрызамі з выявамі рыцарскіх турніраў і парадных шэсцяў аздоблены залы Вавельскага замка. Адзін з найбольш ранніх узораў батальнага жанру — абраз «Бітва пад Оршай» (1515). Высокім мастацкім узроўнем вызначаліся вышыўка, ткацтва, кафлярства, злотніцтва. ![]() ![]() З другой паловы 16 ст. пашырыўся рэпрэзентатыўны парадны партрэт (партрэты Жыгімонта І, 1546, магчыма, майстар Андрэй; Стэфана Баторыя, 1583, Марцін Кобер ). У першай палове 17 ст. маньерыстычныя традыцыі фламандскай, нямецкай і італьянскай школ спалучаліся са стылістыкай ранняга барока. Развіваліся манументальная скульптура (калона Жыгімонта III Вазы ў Варшаве, 1644, К. Тэнкала, К. Молі, Д. Тым), дэкаратыўная разьба па стука (Ж. Б. Фальконі, Б. Фантана, А. Шлютэр і інш.). ![]() ![]() ![]() Жывапіс 17 — першай палове 18 ст., звязаны з рухам контррэфармацыі, зазнаў уплывы венецыянскай і нідэрландскай школ (Барталамей Штробель , Ісак ван дэн Блоке , Х. Ф. дэ Фрыз , С. Б. Будка, Тамаза Далабела , Е. Коен, А. Мёлер , Ф. Найсер, В. Цяшынскі і інш.). У рэлігійныя сюжэты часта уключаліся народныя тыпажы, элементы нацыянальнага адзення («Уваскрэсенне Петравіна» Т. Наваковіча; цыкл з жыцця Cв. Яцэка ў касцёле дамініканцаў у Кракаве, мастак Далабела, 1619—25; абраз у Яснагорскім кляштары ў Чэнстахове, 1622) і творы гістарычнай тэматыкі («Бітва пад Лепанта». мастак Далабела, 1620-я г.; «Уезд Ежы Асалінскага ў Рым», мастак Стэфана дэла Бела, 1633). Пашырыліся тыпы сармацкага і пахавальнага партрэта (Мальтмонтэ, А. Палоні, Е. Ф. Ругендас, Я. Трэтка і інш.). Манументальныя размалёўкі вызначаліся паветраным ілюзіянізмам (фрэска «Апошні суд» у капліцы Св. Крыжа (Тышкевічаў) базілікі Святога Станіслава ў Любліне, 1654, мастак Томаш Мушынскі). У графіцы пераважалі створаныя паводле жывапісных узораў партрэты, ілюстрацыі, абразкі. У дэкаратыўным мастацтве стылістыка еўрапейскае барока спалучалася з рысамі ўсходняга мастацтва. У скульптуры пачатку XVIII стагоддзя пашырылася ракако (А. Асінскі, Я. Е. Плерш, Я. Е. Урбанскі, А. Францкевіч і інш.). У жывапісе пад уплывам мастацтва Саксоніі пераважалі рэпрэзентатыўныя партрэты (Ю. Кацяноўскі, А. Місеўскі, Л. дэ Сільвестр), рэлігійны жывапіс (К. Д. Асам, К. Карлонэ, Ф. А. Себасціні, К. Хандке, Ш. Чаховіч, А. Шэфлер). Высокім узроўнем вызначалася мастацкае ткацтва (выраб шпалер, «персідскіх» паясоў і інш. на мануфактурах у Варшаве, Кракаве, Бяла-Падлясцы, Станіслававе, Бродах, Адвеку). Другая палова XVIII ст. — перыяд Асветніцтва. У 1770-я гг. ў каралеўскім замку ў Варшаве створана мастацкая майстэрня пад кіраўніцтвам М. Бачарэлі, якая стала першай польскай мастацкай школай. Бытавыя сцэны, падзеі паўстання 1794 года адлюстроўвалі жывапісцы А. Арлоўскі, Я. П. Норблін, М. Плонскі; у жанры партрэта працавалі К. Вайнякоўскі, Ю. Фаворскі і інш. У першай палове XIX ст. пашырыўся класіцызм (скульптары У. Аляшчынскі, Л. Каўфман, П. Малінэ, Я. Татаркевіч, мастакі А. Брадоўскі, А. Какуляр, Ю. Пешка, Ф. Смуглевіч, М. Стаховіч), які паступова змяніўся рамантызмам (А. Гротгер, П. Міхалоўскі і інш.). З сярэдзіны XIX ст. пашырыўся гістарычны жывапіс, які дасягнуў свайго апагею ў творчасці Я. Матэйкі. Рэвалюцыяная сітуацыя 1860-х гг. паўплывала на развіццё жанравага жывапісу, які звярнуўся да адлюстравання жыцця сялянства і гарадской беднаты (творы В. Герсана, Ф. Кастшэўскага, А. Котсіса, Ю. Шармянтоўскага). У 1870—1880-я гг. тэндэнцыі дэмакратычнага рэалізму выявіліся ў творчасці М. і А. Крымскіх, Ю. Хелмонскага. Сацыяльнай праблематыцы проціпастаўляўся позні акадэмізм, часам з фальклорна-сімвалічнымі рысамі (Г. Семірадскі, В. Прушкоўскі і інш.). У канцы XIX — пачатку XX ст. пашырыліся імпрэсіянізм (В. Базнанская, Л. Вычулкоўскі, Ю. Панкевіч, Я. Станіслаўскі), мадэрн (пераважна ў галіне сімвалізму; С. Выспянскі, В. Вайткевіч, Я. Малдаўскі, Ф. Рушчыц). Новы ўздым адбыўся ў графіцы (гравюры Л. Вычулкоўскага, А. Каменскага, кніжнае афармленне С. Выспянскага, плакаты Ю. Мехофера, К. Фрыча). У скульптуры спалучаліся рысы рэалізму, мадэрну і імпрэсіянізму (К. Ф. Лунікоўскі, К. Ляшчка, В. Шыманоўскі і інш.). Абнавілася стылістыка дэкар.-прыкладнога мастацтва, адраджаліся нар.-маст. промыслы (кераміка, кавальства, ткацтва, набіванка, вышыўка, выцінанка). У 1-й пал. 20 ст. пад уплывам зах.-еўрап. культуры мастацтва П. развівалася пераважна ў рэчышчы мадэрнізму. У жывапісе пашырыліся каларыстычныя пошукі (З. Валішэўскі, Г. Рудзка-Цыбісова, Ю. Чапскі, Я. Цыбіс), кубізм і экспрэсіянізм (Т. Кантар, З. Пранашка, Т. Чыжэўскі, Л. Хвістак, М. Ярэма), лінеарны дэкаратывізм (Э. Зак, Р. Крамштык), супрэматызм, унізм, абстрактнае мастацтва (К. Кобра, У. Стшамінскі, Г. Стажэўскі). У галіне графікі працавалі Ф. Бартошак, Г. Краеўская, Ю. Краеўскі, Б. Лінке, У. Скачыляс, Т. Цяслеўскі і інш. У скульптуры пашырыліся стылізацыя ў духу нар. мастацтва (Я. Шчапкоўскі) і неакласічныя тэндэнцыі (В. Віціг, Арамейскі). Своеасабліва спалучаў прыёмы кубізму і прымітывізму Ю. Т. Макоўскі. У 1950-я г. гуманіст, нац. традыцыі развіваліся ў скульпт. партрэце (Дунікоўскі, А. Карны), станковай графіцы і плакаце (Кулісевіч, Т. Трапкоўскі). У жывапісе захоўваліся традыцыі мадэрнізму пач. 20 ст. У сярэдзіне 1950-х—1970-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва, сюррэалізм, оп-арт, поп-арт. Сярод вядучых жывапісцаў Я. Тарасін, Е. Тхужэўскі, А. Урублеўскі, Ярэма, скульптараў М. Абакановіч, У. Гасёр, Г. Земла, М. Канечны, А. Шапачнікаў і інш. Росквіту дасягнула станковая і кніжная графіка, якая вызначаецца экспрэсіяй і дэкар. вытанчанасцю вобразаў, шматпланавасцю маст. прыёмаў. У 1980—90-я г. побач з традыц. актыўна развіваліся новыя маст. формы (інсталяцыя, перформанс, хэпенінг, відэаарт, бодыарт і інш.). Сцвердзілася новае пакаленне мастакоў: У. Бароўскі, З. Бяксінскі, Е. Вераса, К. Вадзічка, М. Давідзюк, К. Казыра, М. Кіеўскі, А. Маеўскі, Ф. Маслюшчак, Я. Младажэнец, М. Пінінская-Берась, Ю. Рыбакоўскі, Л. Тарасевіч і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве пошукі сучасных форм спалучаюцца з традыцыямі нар. мастацтва. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia