Мікалай Мікалаевіч Улашчык
Мікалай Мікалаевіч Улашчык (1 (14) лютага 1906, в. Віцкаўшчына, Койданаўская воласць, Мінскі павет, Мінская губерня — 14 лістапада 1986, Масква) — беларускі гісторык, археограф, этнограф, краязнавец, літаратар. Доктар гістарычных навук (1964). Аўтар навуковых прац па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі. Біяграфічныя звесткіНарадзіўся 1 (14) лютага 1906 года ў в. Віцкаўшчына Койданаўскай воласці Мінскага павета (цяпер — Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) ў сялянскай сям’і. У 1924 годзе, па заканчэнні 2-й мінскай вячэрняй школы для дарослых, паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1929 годзе. У 1924—1930 гадах працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і Кніжнай палаце БССР. Удзельнічаў у нацыянальна-культурным (асабліва краязнаўчым) руху, садзейнічаў заснаванню і выпуску «Летапісу беларускага друку». Пачаў публікавацца з 1924 года. У 1929 годзе з’явілася яго першая навуковая публікацыя пад назвай «Беларускі друк у 1927—1928 гадах». Пасля ўніверсітэта М. Улашчыка прызвалі на вайсковую службу ў Ленінград. Там жа яго арыштавалі 16 чэрвеня 1930 года па абвінавачванні ў кіраўніцтве маладзёжным цэнтрам не існуючага «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года высланы на 5 гадоў у Налінск Вяцкай вобласці. Арыштаваны зноў у ліпені 1932 года і 10 чэрвеня 1933 года асуджаны паўторна; этапіраваны ў Марыінскі лагер; потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобласці[2]. Вызвалены вясной 1935 года без права вяртання ў Беларусь. Працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расіі. З 1939 года ў Ленінградзе. Арыштаваны 23 чэрвеня 1941 года; высланы ў Златавуст Чалябінскай вобласці. Пры садзеянні акадэміка Л. Арбелі 28 лістапада 1942 года вызвалены, займаўся вывучэннем аграрнай гісторыі Беларусі і Літвы ХІХ ст. У 1948 годзе выкладаў у Маскоўскім універсітэце. У 1949 годзе звольнены з працы. Арыштаваны 23 снежня 1950 года; этапіраваны ў лагер пры пасёлку Суслава ў Сібіры. Вызвалены 25 сакавіка 1955 года. Вярнуўся ў Маскву. Да 1986 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР. Памёр 14 лістапада 1986 года ў Маскве. Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках. Навукова-даследчыцкая дзейнасцьГалоўныя кірункі даследаванняў — праблемы аграрнай гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айчыннага летапісання. Першыя публікацыі прысвечаны нацыянальнаму кнігазнаўству, археалагічным раскопкам Банцараўскага гарадзішча (сааўтар С. С. Шутаў). У манаграфіі «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. ў Літве і Заходняй Беларусі» (1965) паказаў спецыфіку аграрнага ладу на літоўска-беларускіх землях, узмацнення там эканамічных і сацыяльных зрухаў, а ў выніку развіццё тэндэнцыі, набліжанай да заходнееўрапейскіх краін, па т.зв. прускім шляху, якая стрымлівалася феадальна-прыгонніцкай сістэмай царскай Расіі. У «Нарысах па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду» (1973) прааналізаваў актавы матэрыял па гісторыі Беларусі, часткова Літвы і Украіны паводле археаграфічных публікацый за 1824—1940 гады, паказаў дзейнасць даследчыкаў І. Грыгаровіча, І. Лабойкі, І. Даніловіча, С. Пташыцкага, П. Бяссонава, Я. Галавацкага, Дз. Даўгялы, М. Доўнар-Запольскага, У. Пічэты і інш. у стварэнні аб’ектыўнай, дакументальна абгрунтаванай карціны беларускай мінуўшчыны, раскрыў палітыка-ідэалагічную тэндэнцыйнасць тагачасных афіцыйных выданняў, у т.л. Віленскай археаграфічнай камісіі. 2-я частка гэтага твора (захавалася ў рукапісе, выдадзена пасмярртна пад назвай «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі», уклад. Я. М. Кісялёва, В. У. Скалабан, 1999) прысвечана крытычнаму разгляду зборнікаў дакументаў па гісторыі Беларусі XVII — першай паловы XIX стагоддзяў, па руска-беларускіх сувязях XVI—XVII стагоддзяў, выданняў Інстытута літаратуры АН БССР, крыніцазнаўчых матэрыялаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя, выданняў пра жыццё і творчасць Я. Купалы і Я. Коласа. 3 задуманага 3-га раздзела археаграфічных прац (разгляд публікацый мемуарных крыніц па гісторыі Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзяў) прааналізаваў успаміны Э. Вайніловіча. Упершыню пераклаў на рускую мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца» (1966), складальнік і рэдактар 32-га (1975) і 35-га (1980) тамоў беларуска-літоўскіх летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў Ленінградскі і Краснаярскі спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай». Сістэматызацыя, навуковыя каментарыі, гістарыыяграфічны і археаграфічны аналіз летапісаў вызначаюцца грунтоўнасцю меркаванняў і аб’ектыўнасцю. Навуковую значнасць маюць і гіпатэтычныя меркаванні М. Улашчыка пра дзяржаўна-кансалідуючую ролю старажытнага Наваградка, мажлівае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных «рускіх» (беларускіх) летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М. Стрыйкоўскага, і інш. Спалучэнне даследчыцкай дакладнасці з апавядальнай займальнасцю характэрна для гісторыка-этнаграфічных, краязнаўчых, мемуарных прац «Была такая вёска» (1989), «Хроніка» («Скарыніч», вып. 1—3, 1991—97), «Краязнаўства» («Маладосць», 1999—2000). Творы
Артыкулы ў перыядычных і серыйных выданнях
Ушанаванне памяціАсабісты архіў М. Улашчыка захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай АН Беларусі, часткова — у БДАМЛіМ, Нацыянальным архіве Беларусі. У г. Старыя Дарогі М. Улашчыку ўстаноўлены помнік[5]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia