Саюз вызвалення Беларусі (справа)Справа «Саюза вызвалення Беларусі» — сфальсіфікаваная палітычна-крымінальная справа, распачатая ДПУ БССР у 1930 годзе супраць дзеячаў беларускай навукі і культуры; частка рэпрэсій у БССР 1929—1931 гадоў. ГісторыяПачалася 17 лютага 1930 года арыштам П. Ільючонка. Агулам па справе СВБ вясной—летам 1930 года арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры. Спачатку ДПУ за кіраўніцтва СВБ называла В. Ластоўскага, А. Цвікевіча і А. Смоліча, але іх уплыў у Беларусі быў невялікі. Пазней за кіраўніцтва СВБ у ДПУ называлі А. Адамовіча, А. Баліцкага, П. Ільючонка і Дз. Прышчэпава, але іх справу разглядалі асобна. Абвінавачанні ў належнасці да СВБ выстаўляліся Я. Купалу і Я. Коласу, У. Ігнатоўскаму, І. Васілевічу і інш. Справу абвінавачаных-камуністаў вылучылі ў асобную. Калегіяй АДПУ ўсе арыштаваныя, апроч 18, былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення або ссылкі. У. Ігнатоўскі застрэліўся 4 лютага 1931 года. Названыя кіраўнікамі СВБ былі асуджаны на 10 гадоў лагераў кожны (рэабілітаваныя ў чэрвені 1988 года), справа разглядалася асобна. Большасць астатніх абвінавачаных як члены СВБ — 77 чалавек, выслана на 5 гадоў ва ўнутраныя раёны СССР. Агулам па справе было асуджана 86 чалавек. У 1937—1941 гады справа была перагледжана, многіх з абвінавачаных як члены СВБ расстралялі, іншыя зняволены ў лагеры. У 1937—1939 гадах ліквідаваны і многія следчыя ДПУ, што вялі справу «Саюза вызвалення Беларусі». Рэпрэсіі супраць абвінавачаных як члены СВБ, што засталіся ў жывых на той час, таксама адбыліся ў 1949—1952 гадах. Справа «Саюза вызвалення Беларусі» азначыла сабой першыя практычныя наступствы змянення балансу сіл у ВКП(б) і выніковага павароту палітычнага курсу ў СССР і БССР, якія адбыліся ў канцы 1920-х гадоў і былі скіраваныя, у т. л. на згортванне тагачаснай нацыянальнай палітыкі («карэнізацыя»). Вастрыня крытыкі нацыянал-дэмакратызму вырасла яшчэ ў 1927 годзе; Камуністычная партыя Беларусі ў 1929 годзе сваёй устаноўкай прызнала нацыянал-дэмакратызм «галоўнай небяспекай на дадзеным этапе развіцця», а ў маі 1930 годзе рэзалюцыяй свайго XIII з’езда назвала яго «галоўнай небяспекай для нацыянальнай палітыкі».[1] АцэнкіДасюль дакладна невядома, ці праўда існаваў «Саюз вызвалення Беларусі». У позняй савецкай гістарыяграфіі даследчыкі лічылі СВБ выдумкай ДПУ, а асуджаных па гэтай справе — ахвярамі[2]. Прыкладна такога ж меркавання трымаліся і беларускія эмігранцкія гісторыкі, праўда з іншых матываў, бо асуджаныя па справе СВБ у асноўным былі іх палітычнымі праціўнікамі. Таксама існуе меркаванне, што СВБ існаваў і яго кіруючы цэнтр быў не ў інтэлігенцкім асяродку, а ў нацыянальных колах ураду БССР, што за савецкім часам зацямнялася па зразумелых прычынах[3]. Яшчэ ў 1957 годзе спецслужбы выказвалі такую версію: «У 1926 годзе на тэрыторыі БССР нацыяналісты стварылі антысавецкую паўстанцкую арганізацыю з цэнтрам у Мінску, … якая атрымала названне „Саюз вызвалення Беларусі“ (СВБ). Яна мела філіялы ў Віцебску, Полацку і іншых гарадах Беларускай ССР. Для пашырэння антысавецкай дзейнасці „Саюза вызвалення Беларусі“ спецыальная група на чале з актыўным нацыяналістам Улашчыкам вербавала ў падполле моладзь. Агентурнай разработкай і следствам па справе „Саюза вызвалення Беларусі“ выяўлена, што праграма гэтага варожага падполля была накіравана на ліквідацыю заваяванняў Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і аднаўлення ў рэспубліцы ўлады памешчыкаў і капіталістаў.»[4]. У 1988 годзе КДБ БССР у адказ на зварот Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ адказаў, што «…руплівым вывучэннем архіўных матэрыялаў не выяўлена якіх-небудзь дакументальных матэрыялаў аб верагоднасці існавання „Саюза вызвалення Беларусі“»[1]. Пералік названых як удзельнікі СВБ[заўв 1]
Глядзі таксамаЗаўвагі
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia