Нясілавічы
Нясі́лавічы[1] (трансліт.: Niasilavičy, руск.: Несиловичи) — вёска ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Жукоўшчынскага сельсавета. ГісторыяУ ваколіцах вядомы стаянкі каменнага і бронзавага вякоў. Першыя людзі аблюбавалі сабе пясчаны невялікі ўзгорак за 1 км на паўднёвы захад ад сучаснай вёскі, на краі плоскай наднёманскай тэрасы, паўднёвей якога працякаў ручай. Тут былі знойдзены лістападобныя крамянёвыя наканечнікі стрэл і іншыя крамянёвыя рэчы, тыповыя для свідэрскай культуры. Паселішча эпохі мезаліту выяўлена на паўночнай ускраіне вёскі, на высокай дзюне каля левага берага ракі Моўчадзь, у месцы яе выхаду на левабярэжны поплаў Нёмана (паўночная частка помніка знішчана кар’ерам). На захаванай частцы пад пяском выяўлены шараваты гумусавы пласт, які звычайна застаецца на месцы доўга існаваўшых чалавечых паселішчаў. У пласце сустракаюцца ланцэтападобныя вастрыі з пласцінак і дробныя наканечнікі ў выглядзе трапецый. Крамянёвы інвентар адрозніваецца ад свідэрскага драбнейшымі памерамі. Другая стаянка належыць да канца мезаліту і бронзавага веку (датуецца VI—I тысячагоддзямі да н.э.), знаходзіцца за 1,5 км на захад ад вёскі, па паўднёва-заходнім краі дзюны левабярэжнага поплаву Нёмана. Далей, за 200 м на поўдзень, на мысе тэрасы, над зарослай даўняй старыцай Нёмана выяўлена стаянка да эпохі неаліту (датуецца IV тысячагоддзем да н.э.). У наваколлі Нясілавічаў вядома яшчэ шэраг стаянак. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвыя прылады працы, фрагменты керамікі. Вопіс парафій Лідскага дэканата 1784 года згадвае вёску Нясілаўцы ў складзе Беліцкай парафіі, як уласнасць ваяводы віленскага Караля Радзівіла. Тут існавалі карчма, млын і тартак на рацэ Моўчадзі. Цераз вёску ішоў Слонімскі тракт, які вёў на поўнач да Нёмана, дзе працаваў канатны паром. На поўдзень дарога ішла цераз дрэнную грэблю, праз спачатку дубовы, а потым сасновы лес да вёскі Гезгалы[2]. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. У 1915 годзе акупавана Германіяй, з 1921 года ў складзе Польшчы, з 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia