Палемон (князь літоўскі)
Палемон — міфічны родапачынальнік дынастыі літоўскіх князёў Палямонавічаў. Летапісная легендаУ сучаснай гістарыяграфіі прынята лічыць, што легенда была прыдумана ў XV ці XVI стагоддзі каб давесці паходжанне вышэйшай літоўскай арыстакратыі ад рымлян і літоўскай дзяржаўнасці ад рымскай[1]. Яшчэ ў другой палове XV стагоддзя Ян Длугаш пісаў, што ў літоўцаў рымскія карані, але не паглыбляўся ў дэталі. Легенда пра Палемона і заснаванне Літвы ўпершыню згадваецца ў другой рэдакцыі беларуска-літоўскіх летапісаў, створанай у 1520-х ці 1530-х гадах[2]. Па легендзе рымлянін Палемон, сваяк імператара Нерона, ратуючыся ад жорсткасці імператара з пяццюстамі шляхетнымі сямействамі, прыплыў да вусця Нёмана, а па Нёмане дабраўся да рэк Дубісы і Юры. Тут яны пасяліліся, назваўшы гэту зямлю Жамойціяй (нізкай зямлёй). Гэту легенду трохі развіў Мацей Стрыйкоўскі, які перасунуў перасяленне на 452 год і растлумачыў гэта тым, што продкі літоўцаў ратаваліся ад зверстваў Атылы[3]. Аўтары легенды даволі дрэнна ведалі геаграфію сучаснай Літвы і Беларусі, таму ў ёй сустракаецца мноства геаграфічных памылак і недарэчнасцей. Акрамя таго, ёсць шматлікія храналагічныя праблемы, а таксама неадпаведнасць з некаторымі іншымі крыніцамі. Вялікая частка тэксту датычыцца наваколляў Наваградка, легенда, імаверна, паўстала менавіта ў гэтым горадзе[4]. ГістарыяграфіяЛегенда пра Палемона даволі шырока разглядалася ў гістарыяграфіі. Да публікацыі «Хронікі Быхаўца» многія былі ўпэўнены, што легенда складзена Стрыйкоўскім, хоць Васіль Тацішчаў заўважаў, што некаторыя элементы легенды ёсць у ранейшых гісторыкаў[5]. У гістарычнасці легенды сумняваліся ўжо ў XVIII стагоддзі: Мікалай Карамзін пісаў, што звесткі пра паходжанне літоўцаў «казачныя і відавочна заснаваны на здагадках»[6]. Пасля выяўлення «Хронікі Быхаўца» яе даследаваў Тэадор Нарбут. Ён быў упэўнены ў пэўнасці падання, аднак абверг версію пра рымскае паходжанне літоўцаў, лічачы іх нашчадкамі герулаў. Пазней Іосіф Ярашэвіч, які выдаў зборную працу па гісторыі Літвы, хоць і прымаў шматлікія палажэнні Нарбута, назваў легенду пра перасяленне літоўцаў з Італіі «сапраўднай байкай»[7]. У сучаснай гістарыяграфіі легенда як гістарычная звестка не разглядаецца. У культурыЗгадваецца ў паэме Яна Радвана «Радзівіліяда» (1592), у рамане Ганны Мастоўскай-Радзівіл «Астольда» (1806—1807), вершах «Гімн святому Казіміру» (1855—1858) і «Вызваленне сялян» (1859) Уладзіслава Сыракомлі. Галоўныя героі рамана Леаніда Дайнекі «Назаві сына Канстанцінам» (2010) уваходзяць у «Ордэн святога Палемона»[8]. Ад Палемона выводзіць свой радавод галоўны герой серыі раманаў Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча». Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia