Пол Хантэр Класік (англ.: Paul Hunter Classic) — прафесійны рэйтынгавы снукерны турнір. Быў заснаваны ў 2004 годзе пад назвай Гран-пры Фюрта ў якасці прафесійна-аматарскага турніру і праходзіў на арэне «Grüne Halle» у горадзе Фюрт (Германія), пасля чаго быў перайменаваны ў адкрыты чэмпіянат Фюрта ў 2005 годзе, а з 2006 года праходзіць на арэне «Stadthalle» у тым жа горадзе Фюрт. У 2007 годзе, пасля смерці вядомага снукерыста Пола Хантэра, які выйграў першы розыгрыш спаборніцтва ў 2004 годзе, турнір быў названы ў яго гонар — Пол Хантэр Класік. З 2010 года турнір штогод праводзіўся ў рамках нізкарэйтынгавай серыі Players Tour Championship, а ў 2016 годзе ўпершыню стаў рэйтынгавым спаборніцтвам. Пол Хантэр Класік стаў чацвёртым рэйтынгавым турнірам у сезоне 2016/2017. З сезона 2013/2014 прызавы фонд турніру складае €125,000.
Турнір традыцыйна праходзіць у сярэдзіне–канцы жніўня, у 2016 годзе турнір праходзіў на працягу пяці дзён, а ў апошнюю нядзелю былі згуляныя матчы 1/8 фіналу, чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінальны паядынак спаборніцтва.
Фармат Пол Хантэр Класік уключае ў сябе некалькі (два–тры) кваліфікацыйных раундаў, якія праходзяць у першыя дні турніру і ў якіх могуць прыняць удзел усе жадаючыя аматары за пэўную плату. У асноўную стадыю трапляюць сеяныя прафесіяналы (аўтаматычна) і пераможцы апошняга кваліфікацыйнага раунда, якія гуляюць на выбыванне, пачынаючы з 1/64 фіналу.
Рэкардсменам па колькасці тытулаў з'яўляецца Марк Сэлбі, які перамог на нізкарэйтынгавых турнірах ў 2011 і 2012 гадах і на рэйтынгавым спаборніцтве ў 2016 годзе. Шон Мёрфі двойчы станавіўся чэмпіёнам прафесійна-аматарскіх турніраў у 2008 і 2009 гадах.