«Пруская даніна» (польск.: Hołd pruski) — карціна польскага мастака Яна Матэйкі.
Карціна скончана ў 1882 годзе і адлюстроўвае падзеі 10 красавіка 1525 года. У гэты дзень герцагАльбрэхт Гогенцолерн прынёс васальную прысягу польскаму каралю. Матэйка ўвекавечыў гэту значную гістарычную падзею падчас праўлення дынастыі Ягелонаў, якая сведчыла аб трыумфе польска-літоўскай зброі і дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.
Гістарычныя постаці на карціне
Па цэнтру карціны размешчана выява вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога і ўкленчыўшага перад ім Альбрэхта Гогенцолерна. Жыгімонт Аўгуст прадстаўлены як пяцігадовы хлопчык, апрануты ў чырвонае, якога прытрымлівае Пётр Апалінскі, охмістр двара. У ролі Апалінскага Матэйка намаляваў прафесара гісторыі Ягелонскага ўніверсітэта Юзафа Шуйскага. Матэйка намаляваў 31 постаць тагачаснага палітычнага жыцця. Вось некаторыя з іх:
Мужчына, які трымае ўгору меч — Геранім Ласкі, пляменнік архіепіскапа Яна Ласкага, дыпламат.
Княгіня Ганна, кіраўніца Мазавецкага княства (яна памерла ў 1522 г., адмыслова змешчана на малюнак Матэйкам, каб падкрэсліць сувязь гэтай зямлі з Польшчай).
Януш — апошні мазавецкі князь роду Пястаў. Ён нечакана памёр у 1526 годзе.
Ядвіга Ягелонка, дачка Жыгімонта Старога ад яго першай жонкі Барбары Заполья. Яе шлюб з князем Янушам быў запланаваны. Смерць князя разбурыла гэтыя планы.
Малюнак каралевы Боны Сфорца Матэйка выканаў, намаляваўшы сваю жонку — Тэадору.
З узнятай правай рукой прадстаўлены Пётр Кміта-Сабенскі, вялікі маршалак каронны і кракаўскі ваявода.
З каралеўскай дзяржавай стаіць Крыштаф Шыдлавецкі, вялікі каронны канцлер, дарадца караля па знешняй палітыцы.
Анджэй Тэнчынскі (трымае харугву) — кракаўскі харунжы, пазней кракаўскі кашталян.
Пажылы мужчына, які падкручвае вусы, — князь Канстанцін Астрожскі, вялікі гетман літоўскі, троцкі ваявода, віленскі кашталян.
Ян Амар Тарноўскі (у шлеме), ваявода кракаўскі, пазней вялікі гетман каронны. Прафесар Ягелонскага ўніверсітэта, гісторык літаратуры Станіслаў Тарноўскі і біёграф Матэйкі пазаваў для гэтага партрэта.
Мужчына, які бярэ манеты — Анджэй Касцялецкі, маршалак надворны, падскарбі вялікі каронны, умела кіраваў дзяржаўнымі фінансамі.
Мікалай Фірлей, кракаўскі кашталян (паміж Крыштафам Шыдлавецкім і Анджэем Тэнчынскім).
Альберт Гаштольд, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі (пасля Яна Ласкага). Кароль даручыў яму нагляд за падрыхтоўкай Літоўскага статута. Яго прысутнасць на малюнку павінна сімвалізаваць мудрасць караля — заканадаўцы.
Ніжэй караля ляжыць блазан Станчык. Яго неспакойны твар сумняваецца, што гэта канчатковая перамога (Прусія пазней была адной з удзельніц падзелу Рэчы Паспалітай).
Спадчыннік трона — Жыгімонт Аўгуст — гуляе з ланцужком, які кароль павінен уручыць вялікаму магістру. Гэта можа азначаць гульню з лёсам Прусіі, які ў будучыні стане трагічным.
Долу, у левым куце выявы з дакументам, на якім каралеўская пячатка, стаіць Барталамей Берэці — архітэктар і стваральнік рэнесансавага каралеўскага замка на Вавелі. Яго твар — адзін з двух на карціне аўтапартрэтаў Яна Матэйкі. Другі — твар каралеўскага блазна Станчыка.
Формы будынкаў на Галоўным рынку, зафіксаваныя на малюнку, супярэчаць фактычным забудовам[1]. Матэйка намаляваў фрагмент Сукенніц у стылі рэнесансу, хаця яны набылі такую форму толькі ў 1555 годзе пасля пажару, які знішчыў будынкі ў яго былым гатычным стылі.
Зноскі
↑Komorowski Waldemar, Sudacka Aldona. Rynek Główny w Krakowie. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 2008. — 81 с. — ISBN 978-83-04-04992-5.
Літаратура
Halina Blak, Stanisław Grodziski: Hołd pruski-obraz Jana Matejki. Wydawnictwo Literackie, Kraków 1990.
Halina Blak: Hołd pruski Jana Matejki. Warszawa 1977.
Hołd pruski. Matejko — Wawelowi — Wawel Matejce, Zamek Królewski na Wawelu, Kraków 2009.