Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Мсціслаў)
Свята-Аляксандра-Неўскі сабор — мураваны праваслаўны храм у горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці, помнік архітэктуры эклектыкі. ГісторыяПаводле падання, на месцы цяперашняга храма стаяла Афанасьеўская царква, адна з найстарэйшых ў горадзе. Але ў XVIII стагоддзі яна была перанесена на могілкі і ператворана ў капліцу, а на яе месцы ў 1727 годзе быў збудаваны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Анёльскай пры бернардзінскім кляштары. У 1857 годзе ён быў пераведзены расійскімі ўладамі ў праваслаўе, а храм перароблены ў Свята-Афанасьеўскую царкву. 4 чэрвеня 1858 года будынак згарэў, пасля чаго яго спрабавалі аднавіць, распрацоўваючы праекты перабудовы былога касцёла (датаваныя 1864 і 1866 гадамі), аднак у выніку было прынята рашэнне разабраць храм і ўзвесці на яго падмурках новую цагляную царкву[1]. У 1870 годзе завершаны храм быў асвячоны ў гонар Аляксандра Неўскага. У 1930-я гады царква была зачынена і перароблена ў прадуктовы склад. Падчас Другой сусветнай вайны за будынкам былі пахаваны жаўнеры нямецкага войска. У 1989 годзе храм быў вернуты прыходу і адноўлены. У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. Святарам у прыходзе служыць протаіерэй Вячаслаў Івашкевіч[2]. АрхітэктураПомнік архітэктуры псеўдарускага стылю і эклектыкі. Адносіцца да крыжова-купальных храмаў, мае тры закругленыя рознавялікія апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі вокнамі. Над сяродкрыжжам узвышаецца шлемападобны купал на васьмігранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншы па памерах купал пастаўлены на высокай двух’яруснай званіцы, размешчанай над бабінцам храму. Тарцы трансепту завершаныя трохвугольнымі шчытамі. У храме тры ўваходныя парталы: цэнтральны і бакавыя. Парталы і аконныя праёмы абрамлены дэкаратыўным валікам. Пад карнізам па перыметры будынка праходзіць аркатурны пояс. Для перакрыцця ўнутранай прасторы выкарыстаны розныя тыпы скляпенняў: у бабінцы крыжовае, у дадатковым аб’ёме і бакавых алтарах — цыліндрычныя з распалубкамі, у апсідах — конхі, у цэнтры — сферычны купал на ветразях[3]. У інтэр’еры пануе падкупальная прастора барабана, абапёртага цераз ветразі і падпружныя аркі на сцены. Перакрыцце трапезнай і прыдзелаў — цыліндрычнае, апсід — конхавае. У храме знаходзяцца дзве асабліва ушанаваныя святыні: абраз Аляксандра Неўскага з часціцай ягоных мошчаў і «Маці Божая Іверская», набыты ў 1895 годзе ў Маскве ў гонар каранавання Мікалая ІІ[4]. З паўночнага боку ад храма пастаўлена мураваная брама, што ўяўляе сабой паўцыркульную арку, над якой узвышаецца невялікая назіральная вежа, завершаная прамавугольным шчытом з шатровым верхам і какошнікамі ў аснаванні. Над бакавымі арачнымі праёмамі ўзведзены невялікія чатырохгранныя купальныя вежачкі. Весніцы ажурныя, адлітыя з чыгуна. Асаблівасцю храма з’яўляецца тое, што яго алтарная частка павернута не на ўсход, як гэта звычайна зроблена ў праваслаўных храмах, а на паўднёвы захад. Таксама гэта адзін з найвышэйшых будынкаў у Мсціславе[5].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia