Свята-Казьма-Дзям’янаўская царква (Гарадок)
Свята-Казьма-Дзям’янаўская царква — праваслаўная царква ў вёсцы Гарадок Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчана на заходняй ускраіне вёскі, на вуліцы Садовай, 57[2]. ГісторыяЦарква вядома з сярэдзіны XVII стагоддзя. На цвінтары захаваліся магілы святароў, якія адносяцца да XVII—XVIII стагоддзяў[3]. У 1814 годзе мясцовы памешчык Жылінскі пабудаваў у мястэчку новую царкву, якая была адкрыта на прастольнае свята 14 лістапада. Храм быў узведзены архітэктарам Фёдарам Санкоўскім у гонар перамогі ў вайне 1812 года, удзельнікам якой быў сам Жылінскі[4]. Да 1860 года царква стала трухлявай і патрабавала капітальнага рамонту[5]. У 1866 годзе на дзяржаўныя грошы храм перабудавалі, была дабудавана званіца. Таксама было набыта новае царкоўнае начынне, узведзены новы дом для святара. Аднак працы былі выкананы няяксана, і ў 1884 годзе на царкве зноў перакрылі дах, перабудавалі купалы[5]. У 1905 годзе будынак ашалявалі, вакол збудавалі агароджу з брамай[3]. За савецкім часам храм дзейнічаў да 1940 года, калі памяшканне было перададзена пад яўрэйскую ганчарную майстэрню. Царкоўныя пабудовы былі знішчаны. З прыходам акупацыйных уладаў на пачатку Вялікай Айчыннай вайны службы ў царкве аднавіліся і ў далейшым не прыпыняліся[4]. У 1944 годзе, калі ў Гарадку былі жорсткія баі за стратэгічна важны мост цераз раку Пціч, нацысты ператварылі вежы храма ў агнявыя кропкі, размясціўшы на іх кулямёты. Царкву абстрэльвалі, аднак будынак не загарэўся. Яе сцены дагэтуль захоўваюць сляды ад куль і шрапнелі[3][6]. Пасля вайны храм быў адзінай дзеючай царквой у раёне[6]. У 1960-я гады святыня паўторна асвячалася вікарным епіскапам Бабруйскім Лявонціем[5]. Шмат намаганняў для захавання храма ў пасляваенны час прыклаў святар Георгій Семянюк[7]. У 1970-я гады будынак рамантаваўся. У 1992 годзе прыход царквы быў адноўлены. У цяперашні час настаяцелем у ім з’яўляецца іерэй Аляксандр Фёдараў[2]. Пры садзейнічанні ўладаў у царкве быў зроблены рамонт бляшанага даху[7]. Архітэктура![]() Помнік драўлянага народнага дойлідства з выкарыстаннем стылізаваных рысаў класіцызму[8][9]. Будынак вышынёй 22 м уяўляе працяглую падоўжана-восевую кампазіцыю, якая складаецца з прамавугольнага асноўнага аб’ёму (32x12 м), пяціграннай апсіды, трох’яруснай званіцы і бабінца. Царква накрытая двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. З асноўнага аб’ёму выступаюць бакоўкі прытвора і прыдзелаў. З боку галоўнага фасада размешчана званіца (васьмярык на чацверыку), завершаная паўсферычным купалам. Над асноўным аб’ёмам — васьмігранны самкнуты купал на гранёным светлавым барабане. Сцены прарэзаныя высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, якія абрамленыя простымі ліштвамі з сандрыкамі. Кутнія часткі будынка ўмацаваны драўлянымі лапаткамі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе стылізаванага порціка. Унутраная прастора царквы развітая па падоўжнай восі. Светлавы барабан з васьмігранным самкнутым скляпеннем падтрымліваецца васьмю слупамі. У глыбінна развітай унутранай прасторы пануе падкупальная прастора сяродкрыжжа, перакрытая 8-гранным шатром, абапёртым на ветразі і 8 слупоў. У дэкоры інтэр’ера шырока выкарыстана разьба па дрэве. Адзін з абразоў Маці Божай датуецца 1861 годам[3]. Прыход![]() Па звестках 1864 года, прыходу належалі 33 дзесяціны сядзібнай, ворнай і сенакоснай зямлі. Штатны прыбытак прычта складаў 256 рублёў. Побач з царквой размяшчалася плябанія, пабудаваная ў 1847 годзе. Сярод дабрачынцаў храма згадваюцца графы Мікалай і Алена Бандзецкія. Налічвалася 970 мужчын і 1052 жанчын вернікаў. Царкоўнае начынне і святарскія рызы былі беднымі. Да храма былі прыпісаны цэрквы ў Вільчы і Глушы. У другой палове XIX стагоддзя прыход уключаў у сябе 16 вёсак (акрамя самога мястэчка) і складаўся з 785 двароў, у якіх насялялі 3142 мужчын і 2875 жанчын. Штогадовае дараванне, якое было прызначана святару, складала 391 рубель 68 капеек, псаломшчыку — 117 рублёў 48 капеек. Царкоўная зямля налічвала 86 дзесяцін 1662 квадратных сажняў зямлі[5]. На 1879 год сярод царкоўнага начыння адзначаны срэбны прыбор літургічных пасудзін вагой 82 лота і тры новых і чатыры старых камплектаў святарскага адзення з таннай парчы. З іншых рэчаў не хапала толькі вадасвятнай чашы. Евангелле захоўвалася ў металічнай пасярэбранай аправе. З ліку іншых кніг не было Ірмалогія і месячнай мінеі. У царкоўным архіве знаходзіліся метрычныя кнігі пачынаючы з 1822 года і спавядальныя спісы прыхаджан з 1840 года[10]. У прыходзе дзейнічалі 5 школ: двухкласная школа ў Гарадку, аднакласная ў Вільчы, і яшчэ 3 школы ў бліжэйшых вёсках, пра якія нічога невядома. Прыпісныя цэрквы былі ў вёсках Барысаўшчыне, Вільчы, Гарадзішчы, Глушы і Сіманавічах[5]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia