Свята-Мікалаеўская царква (Мікалаеўшчына)
Свя́та-Мікала́еўская царква́ — колішні драўляны праваслаўны храм у вёсцы Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры народнага дойлідства. Храм знаходзіўся ў гістарычным цэнтры мястэчка Грудку, на месцы разабранага ў 1866 годзе касцёла. У народным вучылішчы, заснаваным пры гэтай царкве, з 1890 па 1892 гады навучаўся будучы класік беларускай літаратуры Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас)[1]. ГісторыяДа 1866 года ў Мікалаеўшчыне дзейнічаў касцёл Святога Яна Хрысціцеля, пабудаваны ў 1652 годзе па фундацыі маршалака вялікага літоўскага Аляксандра Людвіка Радзівіла. У выніку паўстання 1863—1864 гадоў пачаўся працэс скасавання каталіцкага прыходу ў мястэчку і пераводу прыхаджан у праваслаўе. 30 ліпеня 1866 года святаром Пятром Трускоўскім быў складзены рапарт аб пераходзе жыхароў сяла Мікалаеўшчына ў праваслаўе, адпраўлены архібіскупу мінскаму і бабруйскаму Міхаілу. У тэксце дакумента сцвярджаецца, што «Жыхары мястэчка Мінскага павету Мікалаеўшчыны… далучыліся да праваслаўнай царквы і… просяць, каб касцёл іхні… быў звернуты ў праваслаўную царкву і пры ёй было адчынена народнае вучылішча.» Таксама адзначана, што мястэчка знаходзіцца «сярод каталіцкага насельніцтва», касцёл у ім «драўляны, крэпкі, пабудаваны алтаром на ўсход, звонку прыгожы, з двума купаламі, годны да пераробкі ў праваслаўную царкву»[2]. Адказ архібіскупа быў станоўчым, аднак дзяржавай было прынята рашэнне аб вылучэнні 3500 рублёў на пабудову новай праваслаўнай царквы і адкрыццё народнага вучылішча. У 1872 годзе быў распрацаваны праект, а ў 1876 годзе — завершана будаўніцтва і асвячэнне царквы ў гонар святога Мікалая. Па дадзеных 1878 года, у храме служылі святар і псаломшчык. Святаром з’яўляўся Уладзімір Бабарыка, які «не скончыў курс семінарскіх навук» (пасвечаны ў святары ў 1873 годзе), псаломшчыкам — Васіль Духоўскі, займаў пасаду з 1837 года[3]. Пры Мікалаеўскай царкве існавала царкоўна-прыхадское апякунства, з 1866 года — народнае вучылішча, якое размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце. Станам на 1892 год, у ім навучалася 167 дзяцей, сярод якіх быў і будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас. Пры царкве таксама дзейнічаў хор. У часы ўваходжання Мікалаеўшчыны ў склад Польскай рэспублікі царква дзейнічала як праваслаўная, пры гэтым у вёсцы адраджалася каталіцкая парафія[4]. Будынак быў разабраны ў 1960 годзе ў рамках хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі. Цяпер на яго месцы размешчаны будынак адміністрацыі Мікалаеўшчынскага сельсавета. У 1999 годзе ў перабудаваным адміністрацыйным будынку была адкрыта новая Свята-Мікалаеўская царква. Настаяцелем у адноўленым прыходзе служыць протаіерэй Васіль Каляда[5]. АрхітэктураБудынак у плане з’яўляўся трохзрубавым, складаўся з квадратнага асноўнага аб’ёму, увенчанага пяццю глухімі купаламі, алтара і бабінца са званіцаю[6]. Апісанне царквы, складзенае ў 1878 годзе, паведамляе, што царква драўляная, увянчана даўгаватым крыжом з сям’ю глухімі купаламі і званіцаю ва франтоннай частцы. Дах пакрыты жалезам, вокны размешчаны на адным узроўні, уваходных дзвярэй трое; дах і вонкавыя сцены афарбаваны. Унутраная плошча складае 30 квадратных сажаняў (136.5 квадратных метраў). Падлога драўляная. Да апалу царква не прыстасавана. Іканастас пафарбаваны ў блакітны колер, з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаецца з 15 абразоў, змешчаных у 2 ярусы. Рызніца змешчана ў асаблівым прыдзеле каля алтарнай часткі. Неабходныя для набажэнстваў рэчы маюцца ў дастатку, усе малакаштоўныя, за выключэннем срэбранага прыбора літургічных пасудзін. Святарскіх убораў усяго пяць, усе яны з малакаштоўнай парчы, у тым ліку адно зусім трухлявае. Евангелле адно, у вокладцы, абкладзенай малінавым аксамітам; набажэнскіх кніг дастатковая колькасць. У царкоўным архіве маюцца метрычныя кнігі і спісы прыхаджан толькі з 1867 года. Вакол царквы пабудавана дашчаная агароджа. У званіцы знаходзяцца тры званы вагою 8, 7 і 1 пудоў (131, 115 і 16 кілаграм адпаведна)[3]. Аляксандр Лакотка адносіць храм да «узорнага» праекту драўляных цэркваў, у аснову якога былі пакладзены мясцовыя кампазіцыйныя прыёмы, аднак прапорцыі, формы і дэкор часам згадвалі рысы рускага праваслаўнага дойлідства[7]. ПрыходУ склад прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы ўваходзілі сяло Мікалаеўшчына і вёскі Прусінава, Сверынава і Русаковічы. Прыхаджан мужчынскага пола налічвалася 549 чалавек, жаночага — 550 (станам на 1878 год). Усе прыхаджане былі сялянскага паходжання, займаліся земляробствам. У апісанні прыхода ўдакладняецца: «што тычыцца рэлігійнага стану, то як пераведзеныя ў большасці з каталіцтва, не зусім яшчэ засвоілі сабе абраднасці і патрабаванні праваслаўнай веры»[3]. Прыхадскі прыбытак на працягу года быў нязначны і не дасягаў 10 рублёў. Да царквы былі прыпісаны 33 дзесяціны зямлі, у тым ліку 1 дзесяціна сядзібнай зямлі, 4 — сенажатнай і 28 — ворнай, якія былі размешчаны за Нёманам, у пяці вярстах ад царквы. План і межавая кніга не складаліся. З ліку пабудоваў меліся плябанія, восець, свіран, хлеў, а для псаломшчыка — хата і дзве адрыны. Адзначана, што пабудовы трухлявыя і патрабуюць капітальнага рамонту, апрача хаты святара[3]. Могілак у прыходзе знаходзілася двое, у вёсцы Прусінаве дзейнічала прыпісная царква. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia