Свята-Мікалаеўская царква (Пескі)
Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Песках Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Гісторыя![]() Пабудавана ў 1868—1870 гадах на месцы драўлянага струхлелага храма па праекце гродзенскага архітэктара Мікалая Ціхвінскага[1]. Грошы на ўзвядзенне — 8634 рублёў — былі выдзелены ўладальнікам маёнтка Масты Аляксандрам Азнабішыным. Царкву, разлічаную на 300 прыхаджан, асвяцілі 6 снежня 1870 года, аб чым сведчыць надпіс на прастольным крыжы. Яна стала цэнтрам прыхода Ваўкавыскага благачыння, які па звестках 1899 года аб’ядноўваў 2145 вернікаў і 10 вёсак. Пры храме дзейнічалі царкоўна-прыходскае апякунства, царкоўная школа і народнае вучылішча, налічвалася 103 дзесяціны зямлі[2]. У 1919 годзе святаром царквы стаў Васіль Іванюк. 7 жніўня 1929 года храм наведаў архіепіскап гродзенскі Алексій. У 1931 годзе настаяцелем прыхода стаў Канстанцін Краскоўскі, дзякуючы якому царква за савецкім часам не зачынялася[3]. З 2008 года настаяцелем прыхода з’яўляецца айцец Віктар Шнайдар. Пры храме дзейнічае нядзельная школа. Архітэктура![]() Помнік архітэктуры сінадальнага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю. У аснове кампазіцыі кубападобны аб’ём малітоўнай залы, над чатырохсхільным дахам якога ўзведзены цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане. Да аб’ёму далучаны паўкруглая апсіда і прамавугольная трапезная. Да фасада дабудавана двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай. Фасады крапаваны вуглавымі лапаткамі і аркатурнымі фрызамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, арачны ўваходны праём аформлены кілепадобным парталам. У бутавую агароджу ўбудавана 3-арачная брама. З гэтай царквы паходзіць абраз «Прападобная Параскева з жыціем» 1642 года (дошка, тэмпера, 114х80х2,5) — адзін з трох падобных у Беларусі. Першапачаткова ён меў значна большыя памеры, аднак быў абрэзаны. Абраз знаходзіцца ў калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры[4]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia