Свята-Міхайлаўская царква (Клімавічы)
Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм у горадзе Клімавічах Магілёўскай вобласці. Галоўны храм Клімавіцкага благачыння. Размяшчаецца на вуліцы Пралетарскай, 26. Гісторыя![]() Пабудавана з цэглы ў 1848 годзе[1][2]. Кіраваў будаўніцтвам Уладзіслаў Міляноўскі[3]. Па іншых звестках, храм узвялі ў 1866 годзе па распараджэнні начальніка Паўночна-Заходняга краю графа М. М. Мураўёва[4], а яго асвячэнне адбылося ў 1867 годзе. Першапачатковы праект царквы, якую збіраліся збудаваць у Клімавічах, быў рэалізаваны ў Хоцімску. У 1881 годзе царква стала саборнай. У апісанні прыхода канца XIX стагоддзя адзначана, што «царква каменная, па колькасці прыхаджан малаўмяшчальная, з адным прастолам». У 1895 годзе адрамантавана на ахвяраванні прыхаджан, праведзена ацяпленне[5]. У 1937 годзе храм быў закрыты, з купалоў скінулі крыжы. Да вайны ў памяшканні знаходзіліся ТСААФ, малочная крама, крама з кармамі для хатніх жывёл. У гады нямецкай акупацыі набажэнствы аднавіліся. Царква стала лагерам для ваеннапалонных. Святар Пётр Макараў пад выглядам вянчання з дапамогай мясцовых жанчын ратаваў ваеннапалонных. За гэты ўчынак Іосіф Сталін накіраваў у прыход тэлеграму, дзе выказаў падзяку святару за мужнасць, праяўленую падчас вайны. Копія тэлеграмы захоўваецца ў фондах краязнаўчага музея[4]. У 1946 годзе царква вернута прыходу і ў 1950-я гады адноўлена пасля разбурэнняў, нанесеных ў ходзе вайны. У цяперашні час настаяцель прыхода — свяшчэннаінак Інакенцій Смалякоў, прычт — іерэй Рыгор Пашкевіч[1]. У 2017 годзе з архіпастырскім візітам храм наведаў епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній[6]. АрхітэктураПомнік архітэктуры позняга класіцызму[7]. А. М. Кулагін вызначае архітэктурны стыль будынка як сінадальны кірунак рэтраспектыўна-рускага стылю[2]. Царква складаецца з крыжовага асноўнага аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам узвышаецца вялікі светлавы васьмігранны барабан з купалам. Бабінец завершаны трох’яруснай вежай-званіцай (два чацверыкі і васьмярык з гранёным купалам). Купал і званіца ўвенчаны галоўкамі. Сцены атынкаваныя, завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Куты аб’ёмаў апрацаваныя буйным рустам, вокны аздобленыя ляпнымі арачкамі. Інтэр’ер двухсветлавы, сяродкрыжжа перакрытае самкнёным скляпеннем. У дэкоры выкарыстаныя плоскія нішы, сухарыкі, раскрапоўкі ў выглядзе трохкутных франтонаў, двухколерная тынкоўка. Галоўная рэліківія царквы — цудадзейны абраз Іверскай Прасвятой Багародзіцы, напісаны і асвечаны ў 1899 годзе. Раней на сценах храма быў яшчэ і роспіс на біблейскія тэмы. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia