Свята-Ушэсцеўская царква (Мілаславічы)
Свята-Ушэсцеўская царква[1] — праваслаўны храм у аграгарадку Мілаславічах Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размяшчаецца ў цэнтры вёскі, на плошчы. ГісторыяДраўляная ўніяцкая царква ў Мілаславічах, вядомая з 1737 года, і пазней пераробленая ў праваслаўную, згарэла ў пажары 1884 года[2]. У тым жа годзе дзяржава вылучыла грошы на пабудову цаглянага храма, асвячонага ў 1887 годзе ў гонар Узнясення Гасподняга[3]. Першым святаром царквы быў айцец Іаан Ліяранцэвіч. Пры ім у храме захоўваўся абраз Хрыста Збавіцеля, падараваны імператарам Аляксандрам III. Гэты абраз асабліва шанаваўся прыхаджанамі, аднак быў страчаны ў савецкія часы, і пра яго існаванне вядома толькі з архіўных дакументаў[4]. У 1898 годзе епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Місаіл наведаў прыход, па выніках чаго надрукаваў свае ўражанні ў «Магілёўскіх епархіяльных ведамасцях»[5]:
![]() У пачатку XX стагоддзя ў храме служыў айцец Міхаіл Арлоў. Па прыходзе савецкай улады, у 1934 годзе, царква была разрабавана і зачынена. Будынак значна пацярпеў у часы Другой сусветнай вайны, калі ў Мілаславічах ішлі баі паміж савецкімі і нямецкімі войскамі. Нацысты ператварылі званіцу царквы ў агнявую кропку, размясціўшы на ёй кулямёты. Будынак абстрэльвалі, і ў выніку вежа была разбурана, а сцены моцна пашкоджаны[4]. Тым не менш, у гады вайны прыхаджане адрамантавалі царкву і працягнулі набажэнствы. Па вяртанні Чырвонай арміі царкоўны прыход на чале са святаром Рыгорам Дашурай ахвяраваў у фонд Перамогі 4000 рублёў і тканіну[4]. Пасля вайны, у пачатку 1960-х гадоў, будынак зноў адабралі ў вернікаў і ўладкавалі ў ім склад калгаса «Мілаславіцкі». У 1990-я гады пачалося аднаўленне храма. Грошы на рэканструкцыю ахвяраваў нямецкі пратэстант Адам Троер. Новы іканастас быў выкананы ў Мазыры, а абразы прывезены з Украіны. 23 мая 2004 года адбылося асвячэнне царквы ў гонар Ушэсця Гасподняга[6]. Настаяцель храма — іерэй Мікалай Вячорка[1]. Архітэктура![]() Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Кананічную чатырохчасткавую кампазіцыю фарміруюць прытвор, трапезная, малітоўная зала, пяцігранная апсіда. Бакавыя гранёныя рызніцы прылягаюць да бакавых прыбудоў. Над сяродкрыжжам надбудаваны светлавы барабан-чацвярык. Бабінец і прытвор з боку галоўнага ўвахода размешчаны на падоўжанай восі. Усе часткі будынка накрыты пакатымі дахамі. Галоўны ўваход аформлены ганкам-рундуком, бакавыя — прамавугольнымі парталамі з фігурнымі трохпялёсткавымі франтонамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі, на светлавым чацверыку — трохчасткавыя. Асноўны дэкаратыўны матыў фасадаў — абрамленне акон у выглядзе трохпялёсткавых арачак. Аб’ёмы апяразаны прафіляванымі карнізамі. У інтэр’еры ўсе дапаможныя памяшканні адкрываюцца ў цэнтральную двухсветлавую прастору арачнымі праёмамі. Арыгінальная аздоба інтэр’ераў не захавалася. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia