Спаса-Увазнясенская царква (Вельямовічы)
Спаса-Увазнясенская царква — праваслаўны храм у вёсцы Вельямовічах Брэсцкага раёна. Знаходзіцца на заходнім ускрайку вёскі. ГісторыяПершая драўляная царква ў Вельямовічах была ўзведзена ў 1631 годзе як уніяцкая пад тытулам Святога Сімяона. Па хадайніцтве брэсцкага епіскапа Ігнація ў сярэдзіне XIX стагоддзя замест трухлявага храма было вырашана ўзвесці мураваную царкву. Праект распрацаваў у 1864 годзе гродзенскі архітэктар Іван Калянкевіч[1]. Падрад на будаўніцтва ўзялі мяшчане Чарнігаўскай губерні І. Завенка, Г. Назараў, І. Цітоў і В. Хмельнікаў паводле кантракту ад 1 жніўня 1865 года. 14 верасня 1868 года царква была асвечана[2]. Агароджу царквы спраектаваў у 1868 годзе Мсціслаў Барташэўскі. Аднак, яна была няскончана, і ў 1870 годзе Гродзенская губернская канцылярыя даручыла яму скласці каштарыс на «прывядзенне агароджы ў належны стан»[3]. У канцы ХІХ стагоддзя прыход налічваў 1183 вернікаў, дзейнічала царкоўна-прыходская школа[4]. У часе Другой сусветнай вайны будынак быў пашкоджаны. У 1946 годзе ў ім меліся 22 абразы на палатне і дрэве і залачоны напрастольны крыж, драўляны трох’ярусны іканастас знаходзіўся ў дрэнным стане. У 1961 годзе будынак быў зачынены і разрабаваны, доўгі час знаходзіўся ў разбураным стане. Пры гэтым царква лічылася помнікам архітэктуры. У 2004 годзе прыход быў адноўлены, і ўвесну 2005 года іерэй Анатоль Пашкевіч распачаў рэстаўрацыю храма. Працы вяліся па арыгінальных чарцяжах[5]. 18 чэрвеня 2011 года епіскап Іаан асвяціў адбудаваную царкву. Прыход пад кіраўніцтвам настаяцеля Алексія Лагашава аб’ядноўвае 4 вёскі, дзейнічаюць нядзельная школа і бібліятэка[4]. Будынак царквы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння. АрхітэктураПомнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Прасторавая кампазіцыя складаецца з чатырох кананічных частак — да асноўнага кубападобнага аб’ёму праз трапезную далучаны званіца, паўкруглая апсіда. Асноўны аб’ём завершаны 5-купаллем. У сілуэце будынка дамінуе 3-ярусная шатровая званіца з макаўкай. Атынкаваныя фасады насычаны архітэктурнай пластыкай, запазычанай са старажытнарускага дойлідства, — аркатурныя паясы, візантыйскія спараныя арачныя аконныя праёмы, аб’яднаныя агульнай кілепадобнай аркай, філёнгавы цокаль, вуглавыя лапаткі, какошнікі, зубчастыя фрызы. Ніжні чацверыковы ярус званіцы завершаны какошнікамі, сярэдні дэкарыраваны прамавугольнымі нішамі і аконнымі праёмамі. Званіца завершана 8-гранным шатром з макаўкай. Зала храма была перакрыта шатровым скляпеннем на ветразях, трапезная — крыжовым. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia