Ігнацій (Жалязоўскі)
Ігнацій (свецкае імя: Якаў Лявонцьевіч Жалязоўскі; 1 лютага (20 студзеня) 1802, Вялікія Сяхновічы, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня — 13 (1) красавіка 1872, Гродна, Расійская імперыя) — беларускі ўніяцкі, потым праваслаўны царкоўны дзеяч, епіскап Брэсцкі (1848—1870)[1]. Кандыдат багаслоўя (1829). БіяграфіяНарадзіўся ў сям’і ўніяцкага святара. Пачатковую адукацыю атрымаў у Брэсцкім дваранскім вучылішчы (1812—1821). 26 кастрычніка 1824 года ў Тараканьскім базыльянскім кляштары быў пастрыжаны ў манаства з прыняццем імя Ігнацій. 27 мая 1826 года быў пасвечаны ў дыякана, праз тры дні — у іерэя. Працягнуў навучанне ў Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце, якую скончыў у ступені кандыдата багаслоўя. Па сканчэнні семінарыі ў 1829 годзе быў прызначаны выкладчыкам у вучылішча пры Лаўрышаўскім манастыры, з 1830 да 1833 года працаваў настаўнікам у Кобрынскім павятовым духоўным вучылішчы, да 1836 года займаў пасаду наглядчыка Супрасльскага духоўнага вучылішча[2]. У 1836—1839 гадах быў інспектарам Літоўскай духоўнай семінарыі. Тады ж ён пазнаёміўся з Іосіфам Сямашкам і стаў яго прыхільнікам[3]. У часе Полацкага царкоўнага сабора 1839 года падпісаў сярод іншых святароў «Саборны акт аб уз’яднанні» уніяцкай царквы з праваслаўнай і неўзабаве быў узведзены ў сан архімандрыта. З 1839 да 1848 года Ігнацій з’яўляўся настаяцелем Барысаглебскага манастыра ў Гродне, клапаціўся аб захаванні Каложскай царквы. Пасля абвалу часткі будынка ў Нёман арганізаваў збор сродкаў на аднаўленне храма, хадайнічаў перад уладамі аб адсяленні манахаў[4]. 20 мая 1848 года архіепіскап Літоўскі і Віленскі Іосіф пасвяціў Ігнація Жалязоўскага ў сан епіскапа Брэсцкага. Адначасова ён быў прызначаны другім вікарыем Літоўскай епархіі. Жыў у Жыровіцкім манастыры, з 1852 года — у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі. На пасадзе епіскапа Ігнацій шмат увагі надаваў будаўніцтву і рэканструкцыі храмаў, асабіста агледзеў усе цэрквы епархіі. Уласнаручна асвяціў 16 цэркваў, у тым ліку кафедральны Свята-Сімяонаўскі сабор. Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў падтрымліваў закрыццё касцёлаў і ператварэнне іх у цэрквы. Распарадзіўся прыбраць з храмаў абразы Іасафата Кунцэвіча, спаліць уніяцкія кнігі і малітоўнікі, праводзіць богаслужэнні выключна на рускай мове[4]. 21 чэрвеня 1870 года з-за хваробы пакінуў епіскапскую кафедру, апошнія гады жыў у Барысаглебскім манастыры, займаўся мецэнацтвам, збіраў бібліятэку. Памёр у Гродне 1 красавіка 1872 года і быў пахаваны ў могілкавай царкве. На пахаванні Ігнація прысутнічалі архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Міхаіл і епіскап брэсцкі Яўген. Памяць
Узнагароды
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia