Тунеўшчына
Туне́ўшчына[1] (трансліт.: Tunieŭščyna, руск.: Туневщина) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавета. Гісторыя![]() Вёска Тунеўшчына (Тунеўшчызна, Туноўшчызна) вядомая з крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, як паселішча ў Речыцкай акрузе (павеце) Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1797 года — Мінскай губерні. Належала мазырскаму земскаму суддзі Фларыяну Аскерку, уладальніку маёнтку Алексічы альбо Новы Двор, на 1796 год знаходзілася ў заставе ў пана Садкоўскага[2]. У 1834 годзе ў Тунеўшчыне ўладальнікаў Антонія, сына Фларэнцыя, і Брыгіды (з дому Шышкаў) Аскеркаў у 7 дварах пражывалі 21 мужчына и 14 жанчын. Прозвішчы і мянушкі сялян – Шкода, Шамянок, Бандарэнка, Засінец, Кушнер, Украйнец, Кандрусік[3]. Да 1850 года Тунеўшчына ў складзе маёнтка Новы Двор перайшла ва ўладанне паноў Вінчаў. У парэформенны перыяд Тунеўшчына — у Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета. У спісах землеўладальнікаў Мінскай губерні 1876, 1889 гадоў уласніцай добраў больш як у 1700 дзесяцін угоддзяў названая пані Генрыета, дачка Калікста Вінча, Сушчынская. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы Тунеўшчына 15 двароў, 96 жыхароў. На 1909 год у вёсцы налічвалася 17 двароў, 135 жыхароў, у аднайменным фальварку — 1 двор з 8 жыхарамі[4]. Паводле спісу 1911 года часткі Новага Двора дзялілі між сабой Зянон, Генрык і Мечыслаў, сыны Гераніма, Сушчынскія. 9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тунеўшчына ў складзе Юравіцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[5]. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Юравіцкая воласць Рэчыцкага павета ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. 8 снежня 1926 года Тунеўшчына вернута БССР. У складзе Алексіцкага сельсавета Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 года Хойніцкага раёна. У тым жа годзе жыхары ўступілі ў калгас. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Тунеўшчыне налічваўся 101 двор з 330 жыхарамі. У жніўні 1942 года акупанты расстралялі 21 вяскоўца, яшчэ 2-х угналі ў Германію. У 1943 годзе разбурылі 43 двары і загубілі 7 жыхароў[6]. 54 вяскоўцы загінулі на франтах. З 8 студзеня 1954 года Тунеўшчына — у Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы налічвалася 446 жыхароў. У складзе калгаса «Ленінскі шлях» (цэнтр — вёска Глінішча). ЗабудоваПлан Тунеўшчыны складаецца з злёгку выгнутай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да цэнтра якой далучаецца кароткая простая вуліца з завулкам. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу[7]. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia