Уладзімір Аркадзьевіч Астапенка
Уладзі́мір Арка́дзьевіч Аста́пенка (нар. 13 лістапада 1962, Мінск) — беларускі палітык і дыпламат. Кандыдат юрыдычных навук (2000)[3]. Меў[4] дыпламатычны ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасланніка другога класу[5]. БіяграфіяСкончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС СССР (1985), аспірантуру Беларускага дзяржаўнага універсітэта і МДІМА-Універсітэта МЗС РФ. На дыпламатычную службу прыйшоў яшчэ ў часы БССР. Працаваў начальнікам інфармацыйнага аддзела міністэрства замежных спраў БССР[6]. З 1992 года па 19 мая 1993 года — намеснік міністра замежных спраў[7]. З 6 ліпеня 1993 года да 18 кастрычніка 1994 года — генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гаазе[8]. У гэты ж дзень быў прызначаны дарадцам-пасланцам Амбасады Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія[9]. Заставаўся на гэтай пасадзе да 27 ліпеня 1996 года[10]. Пасля вяртання з-за мяжы працаваў у міністэрстве замежных спраў начальнікам упраўлення міжнародных эканамічных адносін[11]. Працаваў прарэктарам па міжнародных сувязях і загадчыкам кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[12]. 18 красавіка 2008 года быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Куба[5]. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі прымаў удзел у шматлікіх сесіях Генеральнае Асамблеі ААН. 7 снежня 2017 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аргенцінскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ва Усходняй Рэспубліцы Уругвай[13]. 31 жніўня 2018 года прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Парагвай і Рэспубліцы Перу па сумяшчальніцтве[14]. 23 верасня 2020 года падаў заяву аб вызваленні ад займаемай пасады па пагадненні бакоў[15]. 27 кастрычніка накіраваў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе заявіў пра шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязацельствах, відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Прасіў вызваліць яго ад пасады ў сувязі з парушэннямі наймальнікам заканадаўства, якое перашкаджае выкананню працы па працоўным дагаворы[16]. У свой апошні дзень працы ў якасці пасла Уладзімір Астапенка запісаў відэазварот, у якім выказаў надзею, што над усімі амбасадамі Беларусі ўздымецца бела-чырвона-белы сцяг, а таксама апрануў бела-чырвона-белую футболку аргенцінскага футбольнага клуба «Рывер Плэйт». 3 лістапада 2020 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім вызваліў ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Аргенціне і па сумяшчальніцтве ва Уругваі, Чылі, Парагваі і Перу ў сувязі са здзяйсненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе[17][18]. Таксама ў адпаведнасці з указам, Уладзімір Астапенка быў пазбаўлены дыпламатычнага рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла[4][19]. Як распавёў Астапенка ў інтэрв’ю аднаму з навінавых парталаў, «навіну аб прыняцці ўказа аб звальненні ён сустрэў з палёгкай»[20]. У той жа час ён абвясціў аб планях аспрэчыць у судзе сваё рашэнне аб звальненні. Астапенка лічыць, што звальненне ў такім выглядзе незаконна. У інтэрв’ю ён дадаў, што не здзяйсняў ніякага грубага парушэння службовых абавязкаў або правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе[21]. На запрашэнне Паўла Латушкі ўвайшоў у Народнае антыкрызіснае ўпраўленне[22]. Таксама Астапенка далучыўся да Аб’яднанага пераходнага кабінета, заняўшы там пасаду намесніка прадстаўніка па замежных справах (з 2024 года — выконваючы абавязкі прадстаўніка[23], а затым прадстаўнік кабінета па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве[24]). 21 снежня 2022 года супраць Астапенкі пачалі спецыяльную (завочную) вытворчасць. У сярэдзіне лютага 2023 года стала вядома, што яго завочна прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі (гэтае пакаранне адразу ж скарацілі на адзін год па амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства) і да штрафу ў памеры 18 500 беларускіх рублёў[25]. Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia