Уладзіслаў Максімілянавіч Страмінскі
Уладзіслаў Максімілянавіч Страмі́нскі[7] (Стшамінскі[7], Стрэмінскі) (польск.: Władysław Strzemiński; руск.: Владислав Максимилианович Стржеминский; 21 лістапада 1893, Мінск — 26 снежня 1952, Лодзь) — беларускі і польскі мастак, прадстаўнік авангарднага мастацтва, заснавальнік унізму. БіяграфіяНарадзіўся ў шляхецкай сям’і, старэйшым сынам Максіміляна Бенедыкта Страмінскага (1847—1919) і Эвы Разаліі з Аляхновічаў, якія ўзялі шлюб у 1886 годзе. Бацька быў дваранінам Гродзенскай губерні, падпалкоўнікам 120-га Серпухаўскага пяхотнага палка. Маці паходзіла з беларускага шляхецкага роду Аляхновічаў, якія жылі ў Мінску і Мінскім павеце, мелі некалькі дамоў у Мінску на рагу Губернатарскай і Ніжне-Ляхаўскай вуліц[8]. Уладзіслаў ахрышчаны 25 снежня 1893 года ў Мінскім кафедральным Марыінскім касцёле. Таксама ў сям’і была дачка Яніна і сын Валяр’ян. Дзяцінства Уладзіслава прайшло ў Мінску ў «доме сярод саду» па вуліцы Гарбарнай, 21[9]. У 1904 годзе адзінаццацігадовым хлопчыкам Уладзіслаў паступіў у Маскоўскі трэці кадэцкі корпус, які скончыў у 1911 годзе. Добрая ваенная адукацыя была першым этапам у ваеннай кар’еры Страмінскага, пра якую марылі бацькі. У 1911 годзе паступіў у Ваеннае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу, якое скончыў у 1914 годзе з воінскім званнем інжынернага падпаручніка. У сярэдзіне ліпеня 1914 года, неўзабаве пасля атрымання дыплома, ён быў накіраваны сапёрным афіцэрам у Асавецкую крэпасць паблізу Беластока. Неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна. З пачаткам ваенных дзеянняў у раёне крэпасці Асавец працягвалася будаўніцтва новых і ўмацаванне старых пазіцый. Падпаручнік Страмінскі прызначаны ў 2-ю роту. Апынуўшыся на выступе фронту, з верасня 1914 года гарнізон крэпасці жыў пад бамбёжкамі і атакамі праціўніка, у тым ліку адбіў два генеральныя штурмы ў верасні 1914 і лютым-сакавіку 1915 года. 19 ліпеня 1915 года Страмінскі ўзнагароджаны ордэнам Св. Станіслава 3-й ступені з мячамі і бантам. 24 ліпеня (6 жніўня) 1915 года немцы пачалі трэці генеральны штурм крэпасці, якому папярэднічала масіраваная газабалонная атака хлорам. У самаадданай контратацы абаронцаў крэпасці вызначылася 13-я рота пад камандаванне падпаручніка Катлінскага. За падзеямі таго дня ў публіцыстыцы пазней замацавалася назва «Атака мерцвякоў». Ротны журнал баявых дзеянняў за той дзень у тым ліку пазначае: «Пад канец гэтай зухаватай атакі падпаручнік Катлінскі быў смяротна паранены і перадаў камандаванне 13-й ротай падпаручніку 2-й Асавецкай сапёрнай роты Стрэжамінскаму, які завяршыў і скончыў, гэтак слаўна пачатую падпаручнікам Катлінскім, справу»[10]. 8 лістапада 1915 года ўзнагароджаны ордэнам святога Георгія 4-га класа. У сувязі з перамяшчэннем лініі фронта гарнізон крэпасці Асавец 17 жніўня 1915 года быў эвакуіраваны. Падпаручнік Стрэмінскі разам з 2-й Асавецкай сапёрскай ротай праз Гародню адступіў у ваколіцы Налібоцкай пушчы, дзе да сакавіка 1916 года браў удзел у зацяжных пазіцыйных баях. У чэрвені 1916 года эвакуіраваны ў маскоўскі вайсковы шпіталь. Ёсць пашыраная версія траўматычнага раннення Страмінскага, пасля якога яму ампутавалі праваю нагу і левае перадплечча, што яно здарылася ў баі паблізу мястэчка Пяршаі, на тэрыторыі цяперашняга Валожынскага раёна, у акопах выбухам гранаты. Адзіная крыніца такой версіі — успаміны дачкі мастака Нікі Страмінскай, але ў іх паблытаны нават год, бо ў ноч з 6 на 7 мая 1915 года Страмінскі быў у яшчэ Асавецкай крэпасці. Польскія даследчыцы Івона Люба і Эва Паўліна Вавер знайшлі дакументы, якія пацвярджаюць, што летам 1917 года Страмінскі быў кваліфікаваны для вяртання на фронт, адпаведна, ампутацыя мусіла адбыцца пазней. Паводле дакументальных пацверджанняў і кансультацый з медычнымі экспертамі, праўдападобней, што ампутацыі ў маскоўскім шпіталі прычыніўся постэфект атручэння хлорам у Асаўцы, узмоцнены цяжкімі ўмовамі акопнай вайны ў ваколіцах Налібоцкай пушчы[11]. Шлях да мастацтваУ Прохараўскім шпіталі ў Маскве Уладзіслаў пазнаёміўся з Кацярынай Кобрай (1898—1951), будучай жонкай і скульптарам, а тады сястрой міласэрнасці, якая клапацілася параненымі афіцэрамі. Тым часам яна ўжо практыкавалася ў лепцы гліны, збіралася вывучаць скульптуру. У 1916—1917 гадах Страмінскі, верагодна, правёў шмат часу ў бальніцы, адзначае даследчыца яго творчасці Зянобія Карніцка[12]. Ён не мог карыстацца пратэзамі з-за жахлівага болю. Хадзіць змог толькі на мыліцах, якія не кінуў да канца жыцця. У Маскве яго зачаравала прыватная калекцыя мастацтва фабрыканта Шчукіна, у якую ўвайшлі самыя разнастайныя прыклады французскага жывапісу ад імпрэсіянізму да кубізму. Магчыма ад таго часу Страмінскі пачаў вывучаць гісторыю і тэорыю мастацтва. Яго мастацкая адукацыя дапаўнялася самым сапраўдным вывяржэннем мастацкіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рэвалюцыйнай Маскве. У 1917 годзе Страмінскі паехаў у Мінск да бацькоў, дзе таксама прайшоў курс рэабілітацыі. Пасля шпіталя Страмінскі захапіўся сучасным выяўленчым мастацтвам і ў 1918—1919 гадах пачаў вучыцца ў Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрнях, якія былі створаны ў былым Строганаўскім мастацка-прамысловым вучылішчы ў Маскве. Пасябраваў з Казімірам Малевічам і Уладзімірам Татліным. Прымаў удзел у стварэнні выставачнага і музейнага бюро Наркампрасветы, у фарміраванні калекцыі Музея жывапіснай культуры ў Маскве. Паказвае свае працы на VII дзяржаўнай выстаўцы ў Маскве. У 1919 годзе Страмінскі вярнуўся ў Мінск, працаваў у Народным камісарыяце асветы ССРБ, падрыхтаваў афармленне горада да свята 1 мая 1919 года, удзельнічаў у Першай дзяржаўнай выставе рамеснікаў і мастакоў у Бабруйску[8]. У 1919 годзе Страмінскі ўдзельнічае ў першай выставе карцін мясцовых і маскоўскіх мастакоў-авангардыстаў у Віцебску. Праца Страмінскага экспанаваліся на Трэцяй выставе карцін у Разані ў 1919 годзе («Рэльеф») і Першай дзяржаўнай мастацкай выставе ў Смаленску ў 1920 годзе. З 1920 года працаваў у мастацка-агітацыйнай майстэрні РОСТА палітупраўлення Заходняй арміі і Захфронта. Акрамя таго, у Смаленску з 4 красавіка 1920 года ўзяў на сябе кіраўніцтва секцыяй выяўленчых мастацтваў аддзела народнай адукацыі Смаленскага губернскага выканаўчага камітэта. З чэрвеня 1921 года ў Палацы Працы на Пушкінскай (Вялікай Савецкай) вуліцы, пад крылом Страмінскага арганізуюцца маладзёжныя мастацкія студыі Пралеткульта. З успамінаў А. Корабавай:
Сярод яго вучаніц у Смаленску — мастачка Надзея Хадасевіч-Лежэ. Разам з жонкай Кацярынай Кобра узначаліў у Смаленску творчую майстэрню — філіял віцебскага УНОВИС. 17 кастрычніка 1920 года на абласную канферэнцыю УНОВИСа з Віцебска прыехаў камітэт у складзе Казіміра Малевіча, Эля Лісіцкага, Іллі Чашніка, Ніны Коган, Лазара Хідэкеля. Праз чатыры дні Малевіч выступае з лекцыяй «Пра новае мастацтва». У 1921 годзе выехаў у Польскую Рэспубліку, спачатку жыў і працаваў у Вільні. Выкладаў на Сярэдніх вайсковых курсах імя маёра Лукасевіча. У 1923 годзе першым крокам да прапаганды авангарднага мастацтва ў Вільні стала выстава «Новае мастацтва». Разам з Кобра і Страмінскім на ёй выстаўляліся польскія мастакі Генрык Стажэўскі, Мячыслаў Шчука і іншыя. У 1923—1924 гадах Страмінскі жыў і працаваў у Вілейцы, дзе выкладаў малюнак у мясцовай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча[14]. Менавіта тут Страмінскі пачаў маляваць свае сінтэтызаваныя вобразы. У 1924 годзе Страмінскія бяруць ужо касцёльны шлюб і пасяляюцца ў Шчэкацінах, пасля часта пераязджаюць з месца на месца. Разам яны ствараюць міжнародную суполку кубістаў, канструктывістаў і супрэматыстаў «Блок» (1924). У часопісе гэтай суполкі Страмінскі зрабіў першыя тэарэтычныя выкладкі ўнізму. У 1926 годзе Страмінскія засноўваюць новую суполку «Прэзенс» (Praesens). Гэта час плённай, няспыннай працы. Творы мастака выстаўляюцца ў Варшаве, Нью-Йорку, Бельгіі, Галандыі, на парыжскім восеньскім салоне 1929 года. У 1927 годзе арганізуе сустрэчу з Казімірам Малевічам у Варшаве. А ў 1928 г. была надрукавана навуковая праца «Унізм у жывапісе», дзе былі акрэслены прынцыпы мастацкага адлюстравання на плоскасці:
У 1929 годзе была створана яшчэ адна суполка, якая дэкларавала прынцыпы авангарду «a.r» (авангард рэальнага). Мэтай суполкі было стварэнне Міжнароднай калекцыі сучаснага мастацтва ў Польшчы. Не атрымалася стварыць яе ў Варшаве, але гарадская рада Лодзі дала дазвол на такую дзейнасць. Значным дасягненнем Страмінскага і яго аб’яднання «a.r» было стварэнне ў Лодзі музея сучаснага мастацтва (1931), дзе галоўная роля належала работам вядомых мадэрністаў, яркім прадстаўнікам беспрадметнай творчасці. Шукаючы паратунку ад вайны, 10 верасня 1939 года Страмінскія вяртаюцца ў Вілейку, дзе, спыніўшыся ў малодшага брата Валер’яна, пражывуць амаль да лета 1940 года. Тут з’яўляецца першы з ваенных цыклаў малюнкаў мастака пад назвай «Заходняя Беларусь». Дачка Страмінскага Ніка так згадвае ва ўспамінах умовы, у якіх у Вілейцы нараджаўся цыкл «Заходняя Беларусь»:
Падчас Другой сусветнай вайны з’явяцца і іншыя ваенныя экспрэсіўныя цыклы, такія як «Дэпартацыі», «Грамадзянская вайна», «Твары», «Пейзажы і мёртвыя натуры», «Таннае, як бруд», «Рукі, якія не з намі», «Маім сябрам яўрэям»[17]. У маі 1940 года Страмінскі адчуў небяспеку магчымых рэпрэсій з боку савецкіх уладаў і з сям’ёй вяртаецца ў Лодзь. У 1945 годзе Страмінскія падарылі амаль усю сваю мастацкую спадчыну, якую з цяжкасцю ўдалося захаваць падчас акупацыі, Музею мастацтва ў Лодзі. У 1947 годзе развёўся з Кацярынай Кобра. У 1945—1950 гадах выкладаў у Вышэйшай мастацкай школе (цяпер Акадэмія выяўленчага мастацтва) у Лодзі. У 1948 годзе, калі адкрыўся Музей мастацтва, творы Уладзіслава Страмінскага і Кацярыны Кобра экспанаваліся ў спраектаванай імі «Неапластычнай зале». Але з наступам сацрэалізму Страмінскага ў 1950 годзе выкідаюць з працы за неадпаведнасць рэгламентаваным прынцыпам навучання мастацтву. Яго выключылі з Саюза мастакоў. Некаторы час вымушаны быў займацца афармленнем вітрын у магазінах. У кастрычніку 1951 года Страмінскі страціў прытомнасць, у яго знайшлі сухоты, а ў снежні 1952 года ён памёр[15]. Унізм у творчасці мастакаУ 1924 годзе ўпершыню сфармуляваў прынцыпы «ўнізму» — канструктывісцкай канцэпцыі, якая сцвярджала адзінства колеру, лініі і рытму ў жывапісе. Гэтую канцэпцыю ўвасабляў у аднародных колерам і фактурай абстрактных карцінах. У 1926—1929 гадах стварыў цыкл жывапісных «Архітэктурных кампазіцый». У 1930-я гады пісаў нацюрморты, гарадскія пейзажы, кубістычныя кампазіцыі, стварыў серыю марскіх пейзажаў (1933—1934), у працы над якімі абапіраўся на навуковы аналіз фізіялагічных і псіхалагічных працэсаў глядацкага ўспрымання. Зрабіў цыкл літаграфій «Лодзь без функцыяналізму» (1936). Надаваў вялікую ўвагу функцыянальнай графіцы і друкарскаму мастацтву, распрацаваў для сваіх вучняў спецыяльны курс функцыянальнага друку. Аўтар кніг «Унізм у жывапісе» (1928) і «Кампазіцыя прасторы: Разлік прасторава-часавага рытму» (1931). Сляды выяўУ 1948—1949 гадах Страмінскі стварыў серыю так званых салярыстычных карцін. Страмінскі ўбачыў на іх так званыя «сляды выяў» ці «сляды малюнкаў» (па-польску «powidoki»), якія ўзнікаюць пасля позірку на сонца. У той самы перыяд Страмінскі імкнуўся прымірыць авангард з дактрынай сацрэалізму шляхам стварэння новых прынцыпаў для рэалістычнага прадстаўлення. Малюнкі і карціны, якія былі вынікам гэтых пошукаў, ствараюць сваю форму для гэтых слядоў светлавых выяў. Ушанаванне памяці![]()
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia