Фёдар Іларыёнавіч Паўлоўскі
Фё́дар Іларыё́навіч Паўло́ўскі (27 лістапада 1908, вёска Міхайлаўка (цяпер гарадскі пасёлак), Запарожская вобласць, Украіна — 6 красавіка 1989, Мінск, Беларусь) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Палескай вобласці падчас Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1941). БіяграфіяНарадзіўся ў сялянскай сям’і. Украінец. Закончыў няпоўную сярэднюю школу, курсы савецкага будаўніцтва ў Маскве. Працаваў забойшчыкам на шахце Грузская ў Данбасе. З 1930 года — у Чырвонай Арміі. З 1932 года — член ВКП(б). У 1932 годзе скончыў палкавую кавалерыйскую школу. Удзельнік баёў з японцамі каля возера Хасан у 1939 годзе, савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гадоў. У 1940 годзе скончыў курсы палітсастава. З 1940 года да пачатку Вялікай Айчыннай вайны — упаўнаважаны наркамата загатовак па Акцябрскаму раёну Палескай вобласці. У чэрвені 1941 года разам з першым сакратаром Акцябрскага райкама КП(б)Б Ц. П. Бумажковым стварыў знішчальны батальён, які пазней ператварыўся ў партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік», адзін з першых на Беларусі, і стаў яго камандзірам. Атрад у час наступлення нямецкіх войскаў летам 1941 года дзейнічаў у іх тыле і на пярэдняй лініі, праводзіў дыверсіі, знішчаў масты, тэхніку і жывую сілу праціўніка, а 16-18 ліпеня 1941 года ва ўзаемадзеянні з часткамі Чырвонай Арміі пры падтрымцы браняпоезда разграміў штаб нямецкай дывізіі ў вёсцы Воземля Акцябрскага раёна. За ўмелае кіраўніцтва партызанскім атрадам і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 жніўня 1941 года Паўлоўскаму разам з Бумажковым было прысвоена званне Героеў Савецкага Саюза — першым з партызан у Вялікую Айчынную вайну[1]. Да канца верасня 1941 года «Чырвоны Кастрычнік» пад кіраўніцтвам Паўлоўскага вызваліў ад акупантаў многія населеныя пункты Акцябрскага раёна, што дало пачатак існаванню Акцябрскай партызанскай зоне з цэнтрам у Рудабелцы, а да канца 1941 года партызаны поўнасцю ачысцілі ад акупантаў Акцябрскі раён. У студзені 1942 года партызанскі атрад Ф. І. Паўлоўскага сумесна з атрадам А. І. Далідовіча разграміў гарнізон акупантаў у райцэнтры Капаткевічы і вызваліў іх ад ворага. У тым жа месяцы пасля нарады з кіраўніцтвам усіх суседніх партызанскіх атрадаў было створана Палескае партызанскае аб’яднанне, ці г. зв. «гарнізон Паўлоўскага» — правобраз будучых партызанскіх брыгад. У лютым 1942 года гэтым аб’яднаннем быў вызвалены ад гітлераўцаў другі раённы цэнтр — Азарычы. Усяго ў выніку маштабнага рэйда «гарнізона Паўлоўскага» ў пачатку 1942 года ад немцаў амаль цалкам былі ачышчаныя Акцябрскі, Капаткевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Жыткавіцкі раёны Палескай вобласці. З пашырэннем партызанскай барацьбы ў маі 1942 на базе атрадаў, што засталіся ў гарнізоне, была створаная 123-я партызанская брыгада імя 25-годдзя БССР, якую ўзначаліў Ф. І. Паўлоўскі (да мая 1944 года). З красавіка 1943 Паўлоўскі — член Палескага падпольнага абкама КП(б)Б, а з лістапада 1943 года — член Акцябрскага падпольнага райкама КП(б)Б. Пачынаючы з ліпеня 1944 года палкоўнік Ф. І. Паўлоўскі — у запасе. У 1945—1966 гадах — на кіруючай працы. Жыў у Мінску. Пасля смерці пахаваны на Радзіме — у Міхайлаўцы. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia