Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (Лелікава)
Царква́ Свято́га Дзмі́трыя Салу́нскага — праваслаўны храм у вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі. ГісторыяПабудавана ў ХVIII стагоддзі з дрэва[1] як уніяцкая[2]. У XIX стагоддзі перад царквой пастаўлена двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай. У савецкія часы царкву зачынілі і размясцілі ў ёй калгасны склад. У 1970-я гады на гарышчы храма знайшлі кавалак рызы XVI стагоддзя[2]. 10 сакавіка 2019 года ў храме адбыўся пажар[3]. Па прыбыцці на месца здарэння пажарнікі выявілі, што з-пад даху ішоў дым, дзверы былі адчыненыя і ўнутры адбывалася гарэнне. Святар, які знаходзіўся на вуліцы, распавёў, што ён прыбыў да храма пасля званка мясцовых жыхароў, трапіць унутр яму перашкодзілі дым і высокая тэмпература. Агнём знішчаны дах плошчай 75 кв.м., пашкоджаны сцены і маёмасць[4]. Прычына пажара — няспраўная электраправодка. У выніку пажара захавалася 30 % будынка і званіца. Частка вяскоўцаў выступае за аднаўленне царквы. Аднак Беларуская Праваслаўная Царква, якая з’яўляецца ўласнікам храма, лічыць рэстаўрацыю занадта дарагой. Яна плануе ўзвядзенне новай царквы ў іншым месцы[2]. Раней абмяркоўваўся варыянт знесці царкву і збудаваць на яе месцы новую. Але выключыць будынак са спісу гісторыка-культурных кашоўнасцей немагчыма. Брэсцкая епархія паведаміла, што рэшткі згарэлай царквы закансервуюць[2]. Архітэктура![]() Помнік народнага дойлідства. Мае падоўжна-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, сфарміраваную прамавугольным зрубам з трохсценнай апсідай, да якой асіметрычна далучаецца рызніца. Зруб накрыты вальмавым дахам, вільчык якога па цэнтры прарэзаны васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам і па ўскрайках адзначаны крыжамі. Да галоўнага фасада дабудаваны ніжэйшы працяглы, але больш нізкі прытвор пад двухсхільным дахам. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны брусамі-сцяжкамі ў прасценках. ![]() Даўжыня царквы — 19 м, шырыня — 5 м, вышыня — 6 м. Дах — металічны на драўляным лачанні. Пабудова была электрыфікавана[4]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia