Цэркаспарозы

Цэркаспароз буракоў
Цэркаспароз бобу

Цэркаспарозы[1] — група хвароб раслін, выкліканых недасканалымі паразітычнымі грыбамі роду цэркаспора (Cercospora)[2].

Апісанне

Цэркаспоры выклікаюць у інфікаваных раслін некрозы тканак, якія выяўляюцца ў выглядзе плям на лісці або сцёблах[3]. Плямы, як правіла, дробныя, круглявыя, шаравата-жоўтыя ці бурыя з чырвона-карычневай аблямоўкай[2]. Цэркаспоры часта развіваюцца на раслінах, ужо пашкоджаных іншымі грыбамі[4]. Распаўсюджваюцца з дапамогай канідый, якія могуць захоўвацца ў раслінных рэштках[2].

Распаўсюджанню спрыяе цёплае вільготнае надвор’е[1].

Некаторыя віды цэркаспарозу

Розныя віды паразітуюць на розных раслінах. Найбольш часта сустракаюцца цэркаспарозы:

буракоў (узбуджальнік цэркаспора бураковая (Cercospora beticola)): развіваецца на лісці і хвосціках у выглядзе круглых або падоўжаных дробных плям; у вільготнае надвор’е з ніжняга боку ліста утвараецца шараваты налёт; пры моцным пашкоджванні пачынаецца адміранне лісця і рэзка падае ўраджайнасць[5];

сельдэрэю (узбуджальнік Cercospora apii): лісце і хвосцікі пакрываюцца жаўтлява-бурымі плямамі; з’яўляюцца ўціснутыя плямы на сцеблах; расліны адстаюць у развіцці, жоўкнуць і засыхаюць[5];

бульбы (узбуджальнік цэркаспора бульбяная (Cercospora concors)): на лісці ўтвараюцца жаўтлявыя плямы, а з ніжняга боку — шэра-лілаваты налёт; пры моцным пашкоджванні лісце засыхае, аднак у цэлым вялікай шкоды хвароба не наносіць[6].

Сустракаюцца таксама цэркаспарозы вінаграду (узбуджальнік Cercospora vitis), перцу (узбуджальнік Cercospora capsici), грэчкі (узбуджальнік Cercospora fagopyri), арахісу (узбуджальнік Cercospora personata), інжыру (узбуджальнік Cercospora bolleana), абрыкосу і іншых костачкавых культур (узбуджальнік Cercospora cerasella), ружы (узбуджальнік Cercospora rosicola) і т. д[7][4][6].

Меры барацьбы

Меры барацьбы — правільны севазварот, выкарыстанне ўстойлівых сартоў, пратручванне пасяўнога матэрыялу, апырскванне фунгіцыдамі, своечасовая ўборка раслінных рэшткаў, на пладовых культурах і вінаградзе — знішчэнне пашкоджаных частак[2][8], барацьба з пустазеллем, своечасовае ўнясенне ўгнаенняў, захаванне правіл агратэхнікі[1].

Крыніцы

  1. а б в Цэркаспарозы // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 299
  2. а б в г Белошапкина О. О.. Церкоспорозы. Большая российская энциклопедия. Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2023. Праверана 1 мая 2023.
  3. Гарибова Л. В.. Церкоспора. Большая российская энциклопедия. Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2023. Праверана 1 мая 2023.
  4. а б Биологический энциклопедический словарь 1986.
  5. а б Вянгеляускайте 1989.
  6. а б Словарь-справочник фитопатолога 1959.
  7. Ахатов 2002.
  8. Сельскохозяйственный энциклопедический словарь 1989.

Літаратура

  • Справочник по защите сельскохозяйственных растений от вредителей, болезней и сорняков. — 2 изд., — Мн., 1983
  • Ахатов А. К., Джалилов Ф. С., Белошапкина О. О., Стройков Ю. М., Чижов В. Н. Защита растений от болезней в теплицах. Справочник / Под ред. А. К. Ахатова. — М: Товарищество научных изданий КМК, 2002. — 465 с.
  • Вянгеляускайте А. П., Жуклене Р. М., Жуклис Л. П. Вредители и болезни овощных культур. — М: Агропромиздат, 1989. — 462 с.
  • Церкоспора // Биологический энциклопедический словарь / Гиляров М. С. — Советская энциклопедия, 1986. — С. 701—702.
  • Церкоспорозы // Сельскохозяйственный энциклопедический словарь. — Советская энциклопедия, 1989. — С. 586.
  • Словарь-справочник фитопатолога. — Гос. изд-во сельхоз. лит-ры, 1959. — С. 378—381.
  • Справочник агронома по защите растений / Нурмуратов Т. Н., Шек Г. Х. — Алма-Ата: Кайнар, 1983. — 184 с.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya