Юрый Яўгенавіч Несцярэнка
Юрый Яўгенавіч Несцярэнка (нар. 26 чэрвеня 1965, вёска Прыбар) — беларускі аўтар і выканаўца, рок-музыкант, пісьменнік, перакладчык, журналіст. БіяграфіяНарадзіўся 26 чэрвеня 1965 года ў вёсцы Прыбар Быхаўскага раёна. З 1966 года сям’я жыла ў Быхаве, у 1970 пераехала ў Бялынічы. У 1982 годзе скончыў Бялыніцкую СШ № 2, у 1983 — Бялыніцкае СПТВ-40. У 1984 годзе паступіў у Мінскі інстытут культуры. З восені 1984 па восень 1986 служыў у войску. У 1992 годзе скончыў МІК. Працаваў ва ўстановах культуры і адукацыі Мінска, Магілёва і Магілёўскай обласці. З 2022 года жыве ў Вільнюсе. Творчая біяграфіяСтваральнік музычных гуртоў «White Night Blues», «Niestary Band». Удзельнік міжнародных фестываляў. Аўтар кніг прозы «Звычайны шоў-бізнес», публіцыстыкі «Маё мястэчка ў часе і прасторы», кніг для дзяцей «Чароўныя назвы», «Неверагодны свет» ды іншых. Таксама ўдзельнік самых розных творчых праектаў у Беларусі і за межамі («Мірнае Мора» (Магілёў), «Збег абставін» (Мінск), «Гудаграй» (Вільнюс), «Dinoz» (Вільнюс) і інш.) Самастойна пачаў вучыцца граць на гітары, бас-гітары і клавішных ва ўзросце 12-13 гадоў. Зацікавіўся сучаснай рок-музыкай у 4 класе агульнаадукацыйнай школы праз дваюроднага брата, студэнта ВНУ. Вялікі ўплыў на фармаванне музычнага густу аказалі альбомы класікі року пачатку і сярэдзіны 1970-х, якія былі ў братавай калекцыі. Напрыканцы 1970-х і на пачатку 1980-х спрабаваў свае сілы ў якасці гітарыста і вакаліста ў некалькіх самадзейных ансамблях. Увосень 1982 года, падчас вучобы у СПТВ-40, стварыў першы самастойны рок-гурт «Апошні шанец» («Последний шанс»), які праіснаваў да 1984 года. У 1988, пасля службы ў войску, падчас вучобы ў МІК, разам з удзельнікам першага склада Ігарам Заскевічам гурт быў адноўлены і праіснаваў да пачатку 1989 года. У 1989 годзе прымаў удзел у рок-фестывалі «Наваполацк-89» (які праз год стаў называцца «Рок-кола») з мінска-полацкім гуртом «Асфальт» (пазней «Тутэйшыя хлопцы»). У першай палове 1990-х выступаў як аўтар-выканаўца. Прымаў удзел у Магілёўскіх фестывалях аўтарскай песні (атрымаў дыплом ІІІ ступені у 1991, заняў першае месца у 1996). У другой палове 1990-х супрацоўнічаў з магілёўскімі гуртамі «Эйн-Соф», «Fat John & Company», «RinKo», «Інтэрвенцыя Джа». Напрыканцы 1999 года арганізаваў гурт White Night Blues, з якім прымаў удзел у айчынных і міжнародных фестывалях, запісы якога патрапілі ў шэраг альбомаў і складанак на розных беларускіх лэйблах, у ратацыю на радыёстанцыях і тэлеканалах. Гады творчай актыўнасці — пачатак 2000-х — канец 2010-х. Пасля 2020-га года гурт перыядычна нагадвае пра сябе асобнымі выступамі. Паралельна з WNB напрыканцы 2002 года быў створаны Niestary Band, рэпертуар якога быў больш рокавага кірунку. Гурт удзельнічаў у шматлікіх рок-фестывалях «Rock-Time» (Магілёў, 2002, 2003), «отНАШЕния» (Магілёў, 2005), «Рок апоўначы» (Віцебск, 2005), «Рок-кола» (Полацк, 2005), «Рок-каранацыя-2006» (Мінск), у якасці музычнага госця на літаратурным фестывалі «Вершы на асфальце»(Мінск, 2016), на альтэрнатыўнай сцэне фестываля «Бард-рыбалка» (2016) і інш. Як аўтар і выканаўца браў удзел у фестывалях, конкурсах, форумах сучаснага мастацтва «Выявы» (Мінск), «Рытмы і Рыфмы» (Мінск), «Бардаўская Народная Рэспубліка» (Мінск), «Бязмежжа» (Беласток, Польшча), «Вершы на асфальце» (Вільнюс, Літва) ды інш. Падчас выступлення ў дуэце з Вольгай Акуліч, уладальніцай Гран-пры фестываля аўтарскай песні ОРРА ў Варшаве, быў названы лепшым інструменталістам фестываля (2018); уваходзіў у склад журы рэспубліканскага тэлефестываля «Подых струн» (2016, Маладзечна); у якасці госця запрашаўся на фестываль «Бардаўская восень» (2009, Бельска-Бяла, Польшча). Неаднаразова прадстаўляў Беларусь за межамі рэспублікі: «Тыдзень беларускай культуры» у Батумі (Грузія), «Беларусь старажытная» (Вільнюс, Літва), «Беларускі кірмаш» (Іркуцк, Расія), выступаў з сольнымі канцэртамі ў Тбілісі, Празе, Кракаве, Варшаве, Беластоку, Вільнюсе ды іншых гарадах замежжа. Запісаў шэраг дуэтаў з вядомымі беларускімі выканаўцамі — з Пятром Ялфімавым, з гуртом «Крама», з гуртом «Палац», з польскай спявачкай Ілонай Карпюк-Дамброўскай ды інш. У 2012 годзе прадусаваў выхад «Альбома школьных песень», дзе былі сабраныя і запісаныя творы аўтараў і выканаўцаў з усёй Беларусі на тэмы школьнага жыцця. Пасля чаго адбыўся шэраг прэзентацый альбома ў Магілёве, Бялынічах, Клічаве, Маладзечна, Чысці, Мінску, Беластоку, Вільнюсе. Літаратурная творчасцьЮрый Несцярэнка піша прозу, вершы, тэксты песень, творы для дзяцей, працуе ў жанры публіцыстыкі, перакладае з польскай, украінскай, ангельскай, расейскай моваў. У 2015 годзе быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Друкаваўся ў літаратурных выданнях: «Дзеяслоў», «Літаратурная Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Полымя», «Верасень», «Тэрмапілы», «Бярозка», «Вясёлка», у альманахах «Брама», «Апостраф». Быў ініцыятарам стварэння «Анталогіі перакладаў расейскай рок-музыкі» (гл. часопіс «Дзеяслоў», № 69). Перакладаў творы Андрэя Макарэвіча (які мае беларускія карані і па бацькоўскай, і па матчынай лініі), пасля чаго легендарны музыкант прыехаў у Мінск і запісаў сваю песню «Снег» на беларускай мове. Бібліяграфія
Дыскаграфія
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia