Нарадзіўся ў маёнтку Басін Свіслацкай воласці Бабруйскага паветаМінскай губерні (цяпер у складзе вёскі Калінаўка, Клічаўскі раён) у сям’і каталіцкага дробнамаянтковага шляхціца Яўхіма Грынявіцкага герба Прагоня. Яўхім Грынявіцкі здаваў спадчынны маёнтак Грынявічы Вялікія (Бельскі павет, Гродзенская губерня) у арэнду, а сам служыў аканомам ува ўладаннях Незабыткоўскага на Міншчыне. У 1864 годзе сям’я вярнулася ў Грынявічы Вялікія.
Студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута (1875—1880) удзельнічаў у польска-беларускіх і расійскіх рэвалюцыйных гуртках, вёў прапаганду сярод рабочых, збіраў грошы палітычным вязням, фабрыкаваў пашпарты рэвалюцыянерам. З 1879 года сябра партыі «Народная воля». Адзін з заснавальнікаў яе беларускай фракцыі, што абвясціла сябе Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай партыяй, нацыянальная праграма якой надрукавана ў 1884 годзе ў часопісе «Гоман» (№ 2)[1][2]. Паводле народавольца Льва Ціхамірава(руск.) (бел. (1852—1923), Грынявіцкі «называў сябе літвінам»[3].
У маі 1880 года Грынявіцкі пайшоў з інстытута і, перайшоўшы на нелегальнае становішча, робіць сабе пашпарт на імя віленскага мешчаніна Ельнікава. Разам з Андрэем Жалябавым(руск.) (бел., Соф’яй Пяроўскай(руск.) (бел. і іншымі ўваходзіць у цэнтральны нарадавольскі гурток прапагандыстаў. Адзін са стваральнікаў, аўтараў і наборшчыкаў нарадавольскай «Рабочей газеты», уключыў у выданне газеты земляка Антона Барэйшу[4].
На ўстаноўчым сходзе партыі «Народная Воля» ў жніўні 1879 года ў Ліпецку быў зацверджаны смяротны прысуд імператару Аляксандру II. Выкананне прысуду стала галоўнай мэтай і прыцягнула ўсе сродкі партыі. На працягу двух гадоў было зроблена шэсць замахаў.
Ігнат Грынявіцкі ўваходзіў у групу, якая ўсю зіму 1880—1881 гадоў сачыла за выездамі імператара. 26 лютага 1881 года на кватэры Грынявіцкага ў доме № 59 на Сімбірскай вуліцы Выбаргскага боку адбыўся сход арганізатараў замаху на Аляксандра II. Грынявіцкі стаў адным з 4 выканаўцаў, якім «Народная воля» даручыла тэрарыстычную аперацыю. У сваім запавеце напісаў: «Аляксандр II павінен памерці. Ён памрэ, а разам з ім памром і мы, яго ворагі, яго забойцы… Гісторыя сведчыць, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяр…»
Выбух другой бомбы, кінутай Ігнатам Грынявіцкім
1 сакавіка 1881 года другой бомбай (першую бомбу, што параніла казакоў і спыніла экіпаж, кінуў Мікалай Рысакоў), якую кінуў Ігнат Грынявіцкі на набярэжнай Кацярынінскага канала, забіты расійскі імператар Аляксандр II, а Грынявіцкі смяротна паранены[5][6][7] . Памёр а 10-й гадзіне вечара ў прыдворным Канюшанным шпіталі. Перад смерцю на пытанні аб імені і званні адказаў «не ведаю».
Ігнат Грынявіцкі, пасмяротны здымак
Пасля смерці цела Грынявіцкага доўгі час не было апазнанае. Каб вызначыць асобу «невядомага», быў зроблены фотаздымак. У тэксце прыгавору ў справе «першамартаўцаў(руск.) (бел.» ён фігуруе як «чалавек, які памёр 1 сакавіка, пражываў з падстаўным імем Ельнікава». Галава Грынявіцкага была аднятая і змешчаная ў слоік са спіртам, выстаўленая ў холе пецярбургскай камендатуры паліцыі[8].
Уладзімір Караткевіч прысвяціў Грынявіцкаму верш «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)».
З 1975 года па 1998 год імя Грынявіцкага насіў мост у Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу). Цяпер гэта Нова-Канюшанны мост, ён знаходзіцца непадалёк ад месца забойства імператара.
Зноскі
↑Станкевіч, Адам. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня : з нагоды 70-лецьця сьмерці Кастуся Каліноўскага рэдактара «Mużyckaj Praudy» (†1864) і 50-лецьця «Гоману» (1884). — Вільня: Шлях моладзі, 1935. — 128 с.
↑Процессъ 17-ти народовольцевъ въ 1883 году. // «Былое» журналъ посвященный исторіи освободительнаго движенія : часопіс / редакторы В. Я. Богучарскій, П. Е. Щеголевъ, В. Л. Бурцевъ. — Санкт-Петербург: Книгопечатня Шмидтъ, 1906. — № 10 октябрь. — С. 238—240.
↑Тырков, Аркадий Владимирович. К событию 1 марта 1881 года // «Былое» журналъ посвященный исторіи освободительнаго движенія : часопіс / редакторы В. Я. Богучарскій, П. Е. Щеголевъ, В. Л. Бурцевъ. — Санкт-Петербург: Книгопечатня Шмидтъ, 1906. — № 5 май. — С. 141-162.
Памяти Гриневицкаго // «Былое»[ru] (1900-1902). Журналъ издававшійся за границей. Выпускъ 1 : часопіс / Бурцевъ В. Л.[ru]. — Растов-на-Дону: Русская историческая библіотека, 1906. — В. № 4. — С. 6-13.
Тырков, Аркадий Владимирович. К событию 1 марта 1881 года // "Народная воля" и "Черный передел" : воспоминания участников революционного движения в Петербурге в 1879-1882 гг / составители В. Н. Гинев... и др. ; научный редактор С. С. Волк. — Ленінград: Лениздат, 1989. — С. 267—285.