Іозеф Карл Штылер
Іозеф Карл Штылер (ням.: Joseph Karl Stieler, 1 лістапада 1781, Майнц — 9 красавіка 1858, Мюнхен) — нямецкі мастак-партрэтыст. Штылер нарадзіўся ў сям’і Аўгуста Фрыдрыха Штылера (1736—1789), разьбяра пячатак курфюрскага манетнага двара ў Майнцы. Сям’я Штылераў была вядомая як сям’я мастакоў, сярод якіх былі мастакі па гербах і пячатках, гравёры. З лютага па красавік 1820 года Штылер напісаў партрэт Людвіга ван Бетховена, які на сённяшні дзень з’яўляецца па ўсёй бачнасці самай вядомай выявай вялікага кампазітара. Бетховен, які лічыў сустрэчы з Штылерам пакараннем, пагадзіўся пазіраваць Штылеру толькі таму, што заказчыкамі партрэта былі сябры кампазітара Франц і Антонія Брэнтана. Аднак кампазітар выйшаў з цярпення раней за тэрмін, і рукі Бетховена Штылер пісаў ужо па памяці. У 1967 годзе Эндзі Уорхал узяў гэтае палатно за аснову для сваіх малюнкаў Бетховена. У 1820 годзе Штылер вярнуўся ў Мюнхен і быў прызначаны каралём у прыдворныя мастакі. У 1821 годзе ў ноч перад пахаваннем Штылер напісаў партрэт Караліны, малодшай дачкі Максіміліяна I. Для караля Людвіга I Штылер напісаў знакамітую Галерэю прыгажунь у палацы Німфенбург. Па замове Людвіга Штылер напісаў у 1828 годзе таксама вядомы партрэт Гётэ. У творчасці Штылера можна вылучыць таксама партрэты Фрыдрыха Вільгельма Іозефа Шэлінга, Людвіга Ціка, Аляксандра фон Гумбальта і сям’і караля Максіміліяна I. У 1824 годзе Штылер стаў сузаснавальнікам мюнхенскага саюза мастацтваў. У 1833 годзе ён ажаніўся з паэтэсай Жазефінай фон Мілер. У іх было трое дзяцей: Адтылія, будучы мастак Ойген фон Штылер і будучы пісьменнік Карл Штылер. Пляменнікам Штылера і яго вучнем быў Фрыдрых Дзюрк. Апошнія гады жыцця Штылер правёў у Тэгернзе, дзе на ўзгорку Леебергханг ён пабудаваў сабе летнюю хатку на падораным у 1829 году каралём зямельным участку. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia