Ірына Анатолеўна Бонч-Асмалоўская
Іры́на Анато́леўна Бонч-Асмало́ўская (9 (21) верасня 1882, м. Блонь, цяпер Пухавіцкі раён, Мінская вобласць — 30 снежня 1941, Ленінград) — рэвалюцыянерка на тэрыторыі Беларусі і Расіі, лекарка. БіяграфіяНарадзілася маёнтку Блонь Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сям’і рэвалюцыянераў-народнікаў Анатоля і Варвары Бонч-Асмалоўскіх. Браты — Іван, Радзівон і Глеб. Дзяцінства Ірыны прайшло ў маёнтку Блонь, тут яна скончыла школу для вясковых дзяцей, якую пабудаваў яе бацька і ў якой вучыліся яе браты, потым у гімназіі ў Санкт-Пецярбургу. Пасля паступіла ў Санкт-Пецярбургскі жаночы медыцынскі інстытут. Рэвалюцыйная дзейнасцьУ рэвалюцыйную дзейнасць яна была ўцягнута бацькам, маці і братамі яшчэ ў маёнтку Блонь, выконваючы рознага роду даручэнні[1]. Справе рэвалюцыйнай барацьбы Бонч-Асмалоўская прысвяціла першую палову свайго жыцця[2]. У маёнтку Блонь была створана ўнікальная на той момант сацыялістычная сялянская камуна: у ёй было аб’яднана каля дзясятка сялянскіх арцеляў, якія бязвыплатна атрымалі ад сваіх гаспадароў Бонч-Асмалоўскіх зямлю і неабходны інвентар; у гэтай камуне Бонч-Асмалоўская вяла прапаганду сярод сялян, якая дала ў выніку шэраг актыўных рэвалюцыянераў[2][3]. У 1897—1898 гадах праз неўраджаі у 18 губернях Усходу і Паўднёвага Усходу Расійскай імперыі пачаўся голад, які ахапіў 27 мільёнаў чалавек[4]. Народнікі Бонч-Асмалоўскія ўзялі ад сваёй гаспадаркі некалькі соцень рублёў, вагон жыта, сабралі ў суседзяў некалькі пудоў сала і круп, і Варвара ўдваіх з Ірынай паехалі на Волгу арганізоўваць сталовыя, карміць галодных[5]. Па дарозе спыніліся ў Маскве, Самары, знаёміліся з дзеячамі ў арганізацыі дапамогі галодным. Іх накіравалі ў сяло Макіеўку Самарскай губерні. Узятых з сабой грошай не хапала, але дапамаглі і арганізацыі, і прыватныя асобы. Акрамя двух сталовых у Макіеўцы, яны заснавалі яшчэ трэцюю і змаглі давесці свае сталовыя да новага ўраджаю[6]. Па вяртанні Бонч-Асмалоўская працягнула рэвалюцыйную дзейнасць, у 1899 годзе стала членам РСДРП. Ёй было 17 гадоў, яна вучылася на першым курсе медыцынскага інстытута. Усе ў сям’і займаліся палітыкай, рэвалюцыяй, але ўваходзілі ў розныя палітычныя партыі. З сям’і хтосьці ўвесь час быў пад следствам, у турме або ў спасылцы. Часам — усё адначасова[7]. 1 сакавіка 1901 года Бонч-Асмалоўская ўдзельнічала ў маніфестацыі ля Казанскага сабора ў Санкт-Пецярбургу, дзе атрымала раненне галавы[8]. За ўдзел у дэманстрацыі Бонч-Асмалоўская была арыштаваная і выслана пад нагляд паліцыі ў Блонь, а затым за супрацьпраўную дзейнасць разам з бацькам і братам была саслана на 5 гадоў пад гласны нагляд у Сцяпное генерал-губернатарства, 2 траўня 1902 года паселеная ва Усць-Каменагорску Сяміпалацінскай вобласці (Усходні Казахстан). Далей адбывала ссылку спачатку ва Уфе, затым у Белябеі Уфімскай губерні. Уступіла ва "Уральскі Саюз с.-д. і с.-р. (сацыял-дэмакратаў і сацыял-рэвалюцыянераў)[9]. Пасля вызвалення па амністыі ў 1904 годзе Бонч-Асмалоўская выехала за мяжу, дзе ўдзельнічала ў рабоце сацыял-дэмакратычнай партыі. Вярнулася ў Блонь у 1905 годзе і зноў прыняла ўдзел у рэвалюцыйнай рабоце, хоць была пад таемным наглядам паліцыі[10]. У час Рэвалюцыі 1905 года Бонч-Асмалоўская ўдзельнічала ў выступленнях на Чырвонай Прэсні ў Маскве ў групе эсэра Міхаіла Сакалова[11]. Лекарка-хірургЗ 1908 года, пасля вялікага перапынку на рэвалюцыйную барацьбу, Бонч-Асмалоўская працягнула вучобу ў Медыцынскім інстытуце. У 1914 годзе яна вырашыла з’ехаць далей ад сталіцы, «каб прысвяціць сябе лячэнню простых людзей, захоўваючы ідэалы народнікаў і эсэраў»[12]. Але 14 кастрычніка 1915 года Бонч-Асмалоўская атрымала ад старшыні Медыцынскай выпрабавальнай камісіі пры Жаночым медыцынскім інстытуце Петраграда пасведчанне № 22 аб прысваенні ёй звання лекара і з’ехала хірургам на фронт Першай сусветнай вайны. На працягу 1915—1917 гадоў яна была ў ліку першых у гісторыі Расійскай імперыі жанчын-хірургаў на фронце. У 1917—1922 гадах Бонч-Асмалоўская працуе хірургам у 2-й гарадской бальніцы Менска[13]. З 1922 года на кафедрах шпітальнай хірургіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1929 годзе адбыўся Першы Усебеларускі з’езд хірургаў, гінеколагаў і акушэраў, Бонч-Асмалоўская выступіла на ім з дакладам[14]. У 1932 годзе яна атрымала пасаду дацэнта кафедры шпітальнай хірургіі Медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтарка навуковых работ у хірургіі[15][16][17][18]. Пасля першага арышту ў 1930 годзе брата Радзівона (з 1925 года ён быў старшынёй сельскагаспадарчай секцыі Дзяржплана БССР і членам прэзідыума Дзяржаўнай планавай камісіі пры СНК БССР, у 1938 годзе зноў арыштаваны і забіты на допыце), Бонч-Асмалоўская з’ехала з Менска ў Леніград, каб пазбегнуць рэпрэсій. У той жа час пасадзілі яе сына, Ігара, у ліку 38 студэнтаў Ленінградскага ўніверсітэта, якія чыталі ў гуртку аматараў паэзіі забароненыя ў той час вершы Маякоўскага і Ясеніна. Увосень 1933 года быў арыштаваны яе малодшы брат Глеб. З 1933 года і да Другой сусветнай вайны Ірына Бонч-Асмалоўская працавала хірургам у Ленінградзе. Памерла 30 снежня 1941 года ў час блакады Ленінграда ад голаду. Сям’яМуж — Сяргей Карлавіч Вржосек (1867—1957), адвакат, літаратар. Дзеці — Ігар Сяргеевіч Бонч Асмалоўскі (1912—1967) і Кіра Сяргееўна Бонч-Асмалоўская (1914—1975). Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia